Навіны

Могуць быць рэпрэсіі супраць тых, хто ахвяруе партыям грошы

Кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў пракаментаваў новую ініцытыву Міністэрства юстыцыі.

Мінюст рыхтуе законапраект аб зменах у заканадаўства аб палітычных партыях і грамадскіх арганізацыях. Адным з пунктаў можа стаць патрабаванне абнародавання фінансавай справаздачнасці гэтых арганізацый.

Ігар Барысаў: Гэтая ініцыятыва, можа, была б і добрая, калі б нашы партыі і грамадскія аб’яднанні мелі дзяржаўнае фінансаванне. А паколькі такога няма, тады ўзнікае пытанне: ці не будзе небяспекі рэпрэсій для тых фізічных і юрыдычных асобаў, якія будуць ахвяраваць грошы на існаванне палітычных арганізацый. Напрыклад, я лічу, што такая небяспека маецца.

РР: Мінюст заяўляе, што гэтая норма накіравана на падвышэнне празрыстасці дзейнасці вышэй згаданых арганізацый.

Ігар Барысаў: Тады варта паклапаціцца і пра празрыстасць даходаў усіх чыноўнікаў, бо сёння краіна паступова прыйшла да класавага грамадства. У Беларусі з’явіўся новы клас людзей, якіх цалкам задавальняе сітуацыя ў краіне. Гэта чыноўнікі, іх сем’і, прадстаўнікі бізнесу, якія набліжаны да чыноўнікаў.

Гэта той залаты мільён, якому ў Беларусі вельмі добра жыць. І, натуральна, астатнім беларусам хацелася б ведаць, за кошт чаго чыноўнікі будуюць шыкоўныя гмахі ў Драздах, якія затым здаюць па 6 тысяч даляраў у месяц. Натуральна, усё гэта параджае сацыяльную няроўнасць. А не паказваюць чыноўнікі свае дэкларацыі аб прыбытках, таму што ім ёсць, напэўна, што хаваць.

Кастусь Заблоцкі, Беларусмкае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/moguts-byts-represii-suprats-tykh-khto-a/

29.05.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты