Навіны

Старшыня Берасцейскага гарвыканкама сустрэўся з праціўнікамі акумулятарнага завода

На сустрэчу са старшынём Берасцейскага гарвыканкама Аляксандрам Рагачуком, якая адбылася 9 чэрвеня ў будынку абласной арганізацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, сабралася больш за 400 праціўнікаў акумулятарнага завода. Такія дадзеныя прыводзіць адзін з удзельнікаў сустрэчы праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

Нагадаем, ініцыяваў сустрэчу асабіста кіраўнік берасцейскай адміністрацыі.

Да прысутных сёння а 12-й гадзіне на плошчы Леніна ў Берасці праціўнікаў будаўніцтва завода выйшаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Берасцейскага гарвыканкама Генадзь Іванчын. Ён запрасіў іх да 12.40 на сустрэчу з Рагачуком.

Сустрэча доўжылася 35 хвілін. Яе ўдзельнікі патрабавалі закрыцця небяспечнага завода. Старшыня гарвыканкама прапанаваў групе актывістаў з 10 чалавек сустрэцца ў бліжэйшую сераду, 12 чэрвеня, са старшынём аблвыканкама Анатолем Лісам, каб абмеркаваць сітуацыю.

У сваю чаргу актывіст Дзям’ян Лепясевіч прапанаваў да сустрэчы зачыніць завод, на якім цяпер вядуцца пусканаладачныя работы. Паводле яго слоў, людзі асцерагаюцца, што 11 чэрвеня прыёмачная камісія падпіша акт аб уводзе завода ў эксплуатацыю.

Старшыня гарвыканкама паабяцаў, што сёння ж данясе да кіраўніка аблвыканкама гэтую інфармацыю.

Як паведамлялася, напярэдадні ў інтэрнэце была апублікаваная дакладная запіска абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў Берасцейскі аблвыканкам пра перавышэнне нарматываў выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра акумулятарным заводам у перыяд правядзення пусканаладачных работ. У дакуменце, у прыватнасці, гаворыцца, што ўсталяваныя перавышэнні нарматыўных выкідаў „па пяці крыніцах”. Таксама ў дакладной запісцы ўтрымліваецца просьба „даручыць усім зацікаўленым прыняць неадкладныя меры па прадухіленні парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства”.

Як заявіў БелаПАН актывіст Дзмітрый Бекалюк, улады пайшлі на кантакт з праціўнікамі завода, таму што „пройдзены пункт невяртання”, прыродаахоўнымі службамі дакументальна зафіксаваныя факты выкідаў. Ён паведаміў, што пусканаладачныя работы, якія вядуцца з красавіка, падаўжаліся ўжо тры разы і акт прыёмкі тройчы не падпісваўся па экалагічных пытаннях.

Лепясевіч лічыць, што калі 11 чэрвеня чарговы раз не будзе падпісаны акт прыёмкі небяспечнага прадпрыемства ў эксплуатацыю, ва ўладаў будзе важкі аргумент для закрыцця завода.

Пасля сустрэчы са старшынём гарвыканкама, прыкладна ў 13.15, праціўнікі завода зноў прайшлі па цэнтральных вуліцах горада Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра „Беларусь”, пасля чаго разышліся. Сустрэча завяршылася без інцыдэнтаў.

БелаПАН

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/starshynya-berastsejskaga-garvykankama/

09.06.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты