Навіны

“Дадаць”

Гэтым разам сітуацыя выглядае сапраўды значна больш сур’ёзна і небяспечна. Бо тады, калі кіраўнік Расіі крычаў, што Беларусь мусіць уліцца ў кантралюемыя ім тэрыторыі цалкам або часткамі, ўсё выглядала не так трагічна. Бо людзі звычайна крычаць ад бяссілля. Гарляк як апошні аргумент выкарыстоўваюць калі іншых аргументаў бракуе. Ну а крык, як спроба запалохаць, спрацоўвае не заўсёды. Недзе так праз раз.

Гэтым разам начальнік Расейскай Федэрацыі прамаўляў спакойна, удумліва, разважліва, і заявіў на пленарным пасяджэнні Пецярбурскага міжнароднага эканамічнага форума, што сёння няма аніякіх падстаў для дзяржаўнага аб’яднання Беларусі і Расеі. Маўляў, у яго, ці ў іх там, “няма такіх планаў, мэтаў няма…”.

Тое, што такія планы і мэты ёсць, да гэтага ўжо ўсе даўно прызвычаіліся. Ды і кіраўнік Расейскай Федэрацыі іх асабліва то і не хаваў ніколі, тыя планы… А вось тут заявіў такое…

Ну мы то ўжо ведаем, што ў падобнай катэгорыі кіраўнікоў практычна кожнае выказванне ўтрымоўвае элементы дэзінфармацыі. Тым больш, што ў сваёй прамове кіраўнік усходняй краіны чарговы раз прасвяціў нас у галіне антрапалогіі, генетыкі, культуразнаўства, гісторыі, і іншых навук падобнага кшталту, заявіўшы, што па яго глыбокім перакананні беларусы і рускія “усё ж такі адзін народ, але так склалася, што мы жывём у розных краінах, розныя дзяржавы ўтварыліся…” (Гэтым разам украінцаў у адзін народ ён сціпла не дадаў).

Пра сапраўдныя прычыны і гістарычныя прадпасылкі ўтварэння ўсё ж розных дзяржаў, расейскі лідар не абмовіўся. Або не ведае пра іх, або ведаць не хоча, а можа і ведае сам, але не хоча каб ведалі іншыя. Ну а пра адзін народ можна без асаблівай напругі казаць пра кожнага з кожным, бо ўсе, маўляў, пайшлі ад Адама і Евы, і таму ўсе людзі браты родныя, незалежна ад таго, хто ў далейшым стаў сынамі Авеля, а хто Каіна…

Ну вось, зараз гульня ўжо пайшла па-даросламу, хоць прэтэнзій на паняцці “аб’яднанне”, і тым больш на “далучэнне” не прагучала. Можа таму, што ні ў Крыме, ні ў Данецку з Луганскам яны не пракацілі, плаўна перафарматаваўшыся ў міжнароднай тэрміналогіі ў больш ёмістае і канкрэтнае слова “анексія”. Гэтым разам кіраўнік усходняй суседкі Беларусі, скарыстаўшы хіба што ўкраінскі досвед, стаў апеляваць больш размытымі паняткамі. Такімі, як “план будаўніцтва Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі”. Пахваліўся, што абмяркоўваў гэтую тэму з беларускім кіраўніком, паважна назваў таго па імені і імені па бацьку, і адзначыў, што ў гэтым кірунку многае зроблена. Ну а зараз, маўляў, ці можна “у новых умовах сённяшняга дня (што гэта за новыя ўмовы не канкрэтызавалася), нешта выканаць з таго, што не зроблена, альбо дадаць з таго, што цяпер з’яўляецца актуальным…”

Асабліва кідаецца ў вочы слова “дадаць”. Што менавіта ён хоча “дадаць”? Бо такія словы, што гаворка двух кіраўнікоў “ішла абсалютна канструктыўна і па-таварыску”, гэта старая песня з парушаным рытмам, рыфмай і аранжыроўкай. А вось слова “дадаць” без указання, што там усё ж дадаць, тут як гаворыцца не даць не ўзяць.

Можна толькі здагадвацца, што хочуць “дадаць”. Хоць і гэта не цяжка, калі ўсё прааналізаваць. Бо паводле тых размытых фармулёвак больш набліжаныя да канкрэтных спраў прэм’еры зноў аднавілі абмеркаванне мажлівасці ўвядзення адзінай валюты…

Ну а беларускі амбасадар у Расеі ўвогуле зліўся настальгічнымі пачуццямі з расейскім кіраўніком ва ўнісон, ды слёзна заявіў, што “большасць беларусаў і расейцаў сёння, напэўна, шкадуюць пра распад вялікага Савецкага Саюза…”

Трэба аддаць усё ж яму належнае, але слова “напэўна” ён абачліва ўціснуў у сярэдзіну сваіх высноў. Ну не сцвярджаў на 100% што так яно дакладна і ёсць. Можа, як чалавек з вялікім досведам і значна большай чым у нас інфармацыяй добра ведае, што Саюзная дзяржава на Беларусі не закончыцца. З яе толькі пачнецца. І прыйдзецца пад тых, хто “напэўна” шкадуе, дабаўляць і іншых. Каго “добраахвотна”, а каго, дзеля іх жа дабра, і больш важкімі аргументамі.

Ну але зараз ключавым усё ж ёсць слова “дадаць”. Думаю, што вельмі хутка, нам дадуць расшыфроўку. Бо ўжо і міністры, а праз пару дзён і прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі зноў спешна сустракаюцца…

Віктар Сазонаў


12.06.2019 Тэгі: Віктар Сазонаў, Блог

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты