Навіны

Пяты дзень працягваюць галадоўку маці асуджаных за наркотыкі

Пятыя суткі працягваецца ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёна галадоўка сваякоў асуджаных за наркотыкі. Бестэрміновую галадоўку актывісткі ініцыятывы „Маці 328” пачалі 11 чэрвеня.

Галадоўку працягваюць трое маці. „Сёння да нас прыязджалі медыкі, напярэдадні быў таксама старшыня сельсавета. Пагутарылі з намі”, — паведаміла БелаПАН адна з удзельніц галадоўкі Ала Берналь.

З удзельніцамі падтрымліваюць сувязь іншыя актывісткі ініцыятывы „Маці 328”.

„Адчуваецца, вядома, што пятыя суткі пайшлі, але ў цэлым мы трымаемся. Галадоўку спыняць не маем намеру, гэта дакладна”, — адзначыла актывістка.

Асноўнае патрабаванне маці застаецца нязменным яшчэ з мінулага года — сустрэча з прэзідэнтам краіны.

Сярод іншых патрабаванняў — карэкціроўка артыкула 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) і перагляд крымінальных спраў.

„Перагляду спраў мы хочам не павярхоўна, а па законе, каб было дасканалае вывучэнне кожнай справы і прыняцце правільнага рашэння, — тлумачыла раней БелаПАН актывістка ініцыятывы Ларыса Жыгар. — Таксама патрабуем поўнага перагляду артыкула 328. У асноўным, зараз засталіся (з патрабаваннямі, на якія ўлады не адрэагавалі. — БелаПАН.) тыя маці, чые дзеці асуджаныя па чацвёртай частцы гэтага артыкула”.

Галадоўку з аналагічнымі патрабаваннямі актывісткі ініцыятывы „Маці 328” ужо праводзілі ў красавіку—маі 2018 года. Тады з імі сустракалася кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава, якая абяцала даслаць афіцыйны адказ на іх патрабаванні.

Жанчыны спынілі галадоўку пасля таго, як ім паабяцалі, што Палата прадстаўнікоў разгледзіць змены ў арт. 328 КК.

13 чэрвеня гэтага года Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні змяненні ў артыкул 328. Яны прадугледжваюць зніжэнне на два гады ніжняй мяжы пакаранняў па частках 2 і 3 гэтага артыкула: па ч. 2 — з пяці да трох гадоў пазбаўлення волі, па ч. 3 — з васьмі да шасці гадоў.

Пасля ўваходжання паправак у сілу для тых, хто ўжо асуджаны па ч. 2 і ч. 3 арт. 328, магчымы перагляд спраў, але не аўтаматычна, а пасля хадайніцтва асуджанага. Рашэнне будзе прымаць суд, які будзе ўлічваць розныя фактары, у тым ліку ці стаў асуджаны на шлях выпраўлення.

belapan.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/pyaty-dzen-pratsyagvayuts-galadouku-mats/

15.06.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты