Навіны

Жарсці па Каліноўскім у Свіслачы

Апошнімі днямі ў адным з раённых цэнтраў Гарадзеншчыны Свіслачы, сярод мясцовага насельніцтва стала распаўсюджвацца заклапочанасць, і нават трывога лёсам захавання Віктара Каліноўскага, брата Кастуся Каліноўскага, аднаго з ідэолагаў паўстання 1863-64-га гадоў.

– Усё больш людзей падыходзяць да мяне і перапытваюць, ці праўда, што нейкія ці то Літоўцы, ці то ў дадатак і Эстонцы, ужо атрымалі права на эксгумацыю парэшткаў Віктара Каліноўскага дзеля нейкай экспертызы, – кажа мясцовы грамадскі актывіст Свіслачы, адзін з пачынальнікаў традыцыі ўшанавання памяці паўстанцаў 1863-64-га гадоў у Свіслачы Юры Глебік. – Справа ў тым, што людзі не вераць у праўдзівасць такой экспертызы, калі яна будзе. Бо гэтая ўлада, якая ўвесь час перашкаджае нам ушаноўваць памяць нашых нацыянальных герояў, зацікаўленая ў адваротным.

 

   Сапраўды, у Свіслачы мноства разоў людзей хапалі за наведванне імі могілкаў, дзе пахаваны Віктар Каліноўскі, за ўскладанне там кветак і запальванне знічак, за прамаўленне там, роўна як і за такія ж дзеянні ля помніка Кастусю Каліноўскаму і на сядзіба Каліноўскіх у вёсцы Якушоўка. Міліцэйскія пратаколы складаліся нібыта за несанкцыянаванае мерапрыемства. Хоць за такія ж дзеянні, прыкладам прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі, замежных турыстаў, іншых наведвальнікаў, для якіх тыя магілы і тыя прозвішчы таксама ўяўляюць каштоўнасць, падобныя санкцыі  ўлады не спяшаліся прымяняць. І як акрэсліваюць самыя пакараныя, пераследуюцца менавіта беларусы. Бо, на іх думку, з гэтай зямлі хочуць выдзерці не толькі памяць, гісторыю, праўду, але і магілы нацыянальных герояў. Хочуць выдзерці саму Беларускасць.

   Хочуць забраць у беларусаў самыя святыя правы, сярод якіх права на памяць, права на годнасць, права на сваё…

   Таму людзі і кажуць, што не могуць давяраць той уладзе, якая адкапала недзе помнік Сталіну, адмыла яго, прывяла ў належны выгляд і паставіла на цэнтральнай плошчы Свіслачы, а не паставіла на гэтым месцы помнік свайму славутаму сыну Віктару Каліноўскаму, што ляжыць у Свіслацкай зямлі, зусім недалёка ад той плошчы, ці іншым беларускім нацыянальным героям, якімі поўніцца і наша гісторыя, і наша зямля, дзе знайшлі апошні спакой іх гераічныя парэшткі. Таму у ніякую праўдзівую экспертызу парэшткаў паўстанцаў і ідэолагаў паўстання таксама ніхто не паверыць.

   Свіслацкія жыхары просяць паведаміць пра гэтыя падазрэнні ў прэсе, каб спрацаваць на апераджэнне. Хай улада адкажа, каму і з якой мэтай яна дае права на экзгумацыю парэшткаў, калі дае, асабліва, калі гэта замежныя грамадзяне, у якіх могуць быць свае інтарэсы ў гэтым пытанні, і гэтыя інтарэсы могуць кардынальна разыходзіцца з інтарэсамі беларусаў.

   Таму актывісты збіраюцца сустрэцца па гэтым пытанні і накіраваць уладам афіцыйны зварот. Каб тыя вытлумачылі сітуацыю і развеялі падазрэнні. Хоць мясцовы люд ведае, што дыму без агню не бывае. І калі такія звескі прасочваюцца ў народ, то ёсць і сапраўдная крыніца, адкуль яны выцякаюць.

   Свіслацкія жарсці разгарэліся акурат напярэдні перазахавання парэшткаў Кастуся Каліноўскага ў Вільні, куды збіраецца паехаць многа беларускіх патрыётаў. Пасля гэтага, ці перад гэтым, яны плануюць наведаць акурат Свіслач, каб прыняць удзел у штогадовай традыцыі ушанавання паўстанцаў і ўсіх палеглых за Беларусь у Свіслачы.

   Мясцовыя актывісты запрашаюць туды і прадстаўнікоў іншых краін, якія будуць удзельнічаць ва ўрачыстасцях у Вільні, ну і беларускія ўлады таксама.

   Бо да Вільні нібыта яны збіраюцца, тыя ўлады. А каб патрапіць у Свіслач і мяжу перасякаць не варта.

   Што ж тычыцца экзгумацыі парэшткаў Віктара Каліноўскага, то патрыёты патрабуюць усяго толькі адкрытасці, празрыстаці і галоснасці. Каб не хадзілі розныя чуткі. А як гэтая ўмова будзе выкананая, тады можна будзе і вырашаць, наколькі можна давяраць тым людзям і спецыялістам, якія удзельнічаюць у гэтым працэсе.

19.06.2019 Тэгі: Свіслач

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты