Навіны

Брэст і Светлагорск: экалагічны супраціў не спыняецца

Нягледзячы на тое, што губернатар Берасцейшчыны Анатоль Ліс на мінулым тыдні прыпыніў будаўніцтва акумулятарнага завода, у нядзелю 16 чэрвеня неабыякавыя грамадзяне зноў сабраліся на цэнтральнай плошчы Брэста. Пратэстоўцы кажуць, што будуць выходзіць “карміць галубоў”, пакуль завод не закрыюць канчаткова.

akcia16063.jpg
Шэсце ў Брэсце пасля нядзельнага кармлення галубоў. 16.06

 

Па падліках праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, гэты разам на плошчу прыйшло каля 300 чалавек. Удзельнік сустрэчы з Анатолям Лісам Алег Вялаў распавёў прысутным пра новыя факты парушэнняў пры будаўніцтве і пусканаладачных працах (у прыватнасці пра несанкцыянаваныя слівы атрутных вадкасцяў у ліўнёвую каналізацыю і іншыя сістэмы), а таксама пра абяцанні кіраўніка горада разабрацца ў парушэннях. 

akcia16064.jpg
Алег Вялаў распавядае берасцейцам пра сустрэчу з губернатарам

 

Удзельнікі нядзельных акцый пратэста супраць завода АКБ не збіраюцца спыняць “кармленні галубоў”, шэсці і “свінцовую варту”, пакуль завод не закрыюць цалкам.

Удзельнікі “Свінцовай варты” (кругласутачнага дзяжурства каля завода АКБ) выказалі падзяку выпадковым мінакам, якія адмыслова купляюць актывістам на варце ваду і марозіва.

“Гэткі клопат і павага з боку берасцейцаў натхняе нас на працяг барацьбы. Мы на правільным шляху, сапраўдная крыніца ўлады - гэта народ”, - кажуць актывісты.

Экалагічны супраціў не спыняецца і ў Светлагорску. Мясцовыя актывісты кажуць, што з 12 па 14 чэрвеня светлагорскі завод беленай цэлюлозы выкідваў шкодныя рэчывы, у горадзе вельмі кепска пахла.

svetlagorsk1606jpg.jpg
Збор подпісаў у Светлагорску

 

І таму ў нядзелю актывісты зладзілі збор подпісаў пад лістом да старшыні райвыканкама Дзмітрыя Алейнікава з патрабаваннем правесці агульнагарадскі сход і на ім кардынальна вырашаць праблемы, звязаныя з дзейнасцю гэтага завода.

 

http://spring96.org/be/news/93214

праваабарончыя сайты