Навіны

Міліцыя падала ў суд на арганізатараў мітынгу да Дня Волі

Галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінгарвыканкаму падало ў суд на заяўнікаў мітынгу-канцэрту на Дзень Волі. З іх патрабуюць спагнаць 7259 рублёў, піша "Радыё Свабода". Паводле інфармацыі «Беларускага партызана», судовае паседжанне ў судзе Цэнтральнага раёну Мінску ўжо прызначана на 24 чэрвеня.

Арганізатары Дня волі на мітынгу-канцэрце ў Кіеўскім скверы. 24 сакавіка 2019 г. Фота: Радыё Свабода

Адказчыкамі выступаюць Мікалай КазлоўВольга КавальковаЮрась Губарэвіч і Ігар Барысаў. У красавіку суд ужо аштрафаваў палітыкаў на падставе ч. 2 арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства) на 30 базавых велічыняў кожнага (765 рублёў) за тое, што яны не заплацілі міліцыі за ахову мітынгу-канцэрту. Цяпер з іх патрабуюць спагнаць сумы запазычанасці, працэнты за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі, а таксама няўстойкі па дамове ад 20 сакавіка.

Нядаўна "Вясна" паведамляла, што арганізатары Дня волі ў Мінску таксама звярнуліся ў суд з іскавай заявай да Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама для скасавання дагавора на аказанне паслуг па ахове правапарадку падчас мітынгу і канцэрта 24 сакавіка 2019 года, аднак дата судовага разбору яшчэ не прызначаная.

Раней міліцыянты Цэнтральнага РУУС Мінску хацелі атрымаць з арганізатараў мітынгу-канцэрту 250 базавых велічынь (6375 рублёў). Першапачаткова дамова аб ахове была заключана ў памеры 150 базавых велічынь (3825 рублёў), але пасля святкаваньня ў міліцыі палічылі, што колькасць удзельнікаў была большай за заяўленую і павялічылі аплату яшчэ на 100 базавых велічынь.

http://spring96.org/be/news/93217

праваабарончыя сайты