Навіны

Беларускі анекдот

У добрай сяброўскай кампаніі пацешыў нядаўна прысутных чарговым беларускім анекдотам. Вельмі радуюся з таго, што стаў ўсё часцей з’яўляцца ў народнай творчасці менавіта гэты кірунак. Анекдоты пра беларусаў, у якіх падмячаецца нешта сваё, нашае, такое, што адрознівае беларусаў ад іншых. Бо менавіта гэтыя адрозненні і ствараюць у іншых вобраз беларуса. Ды і ў самых беларусаў, вядома ж, таксама. І гэта галоўнае.

   Бо не заўсёды тыя адметнасці нам самым падабаюцца. Ну але ўбачыўшы іх праз сатыру, з’яўляецца жаданне нешта памяняць. Гэты від сатыры аказаўся неверагодна дзейсны. Даказана ўжо. Пра тое цэлыя вялікія працы напісаныя.  

   Анекдоты ў нас сталі любімым відам народнай, і не толькі народнай творчасці яшчэ з савецкіх часоў. І калі казаць пра нацыянальны іх складнік, то тады ўсё часцей пра чукчаў былі яны, ды пра грузінаў, малдоваў… Ну і пра габрэяў, вядома ж. А як жа без іх. Яны самыя пра сябе анекдоты прыдумвалі, і самым сабе распавядалі. І смяяліся ў волю ажно мышцы прэса мацнелі. І свет не здаваўся больш такім хмурым. А іншыя народы шматнацыянальнай краіны, пачуўшы і ацаніўшы гумар і сатыру тых анекдотаў, разносілі іх па другіх, па сваіх асяродках. Так і ўсе астатнія навучыліся па крысе смяяцца з самых сябе, ацаніўшы або прыняўшы інтуітыўна гэты адзін з вельмі эфектыўных шляхоў да самаўдасканалення.

   Пра беларусаў анекдоты сталі з’яўляцца даволі позна. Спачатку пра эстонцаў пайшлі, пра іншых нашых паўночных суседзяў, і нарэшце дайшлі і да паўднёвых. І вось ужо анекдоты пра ўкраінцаў пасыпаліся такім градам, што можна было падумаць, нібыта іх доўга стрымлівалі сілай, пакуль нешта там не прарвала.

   І здаецца мне, што ад Савецкага Саюза нацыянальныя Рэспублікі, вось тыя пятнаццаць, якія яго ўтваралі, ў дакладна такой паслядоўнасці і аддзяляліся, у якой пра іх з’яўляліся анекдоты.

   Ну вось і пра беларусаў анекдоты пачалі ўсё часцей насычаць прастору гумару, сатыры, і усяго з гэтм звязанага. І вельмі цікава сачыць, як гэты вобраз мяняецца з гадамі.

   Ну вось адзін з першых такіх анекдотаў:

   Дзявяностыя гады, праходзіць адзін з апошніх схаднякоў яшчэ савецкіх дэпутатаў. Сярод іх ужо ёсць і такія, каго народы іх нацыянальных рэспублік абралі каб з Крамлёўскай уладай не пагаджаліся. І вось нехта на крэслы тым дэпутатам падклаў вострыя канцэлярскія кнопкі.

   Літовец як укалоўся, то адразу стаў крычаць, што ў СССР літоўцаў не паважаюць, і гэта правакацыя супраць яго народа, якую больш цярпець той не будзе. Грузін паабяцаў, што за гэтую правакацыю шмат хто ў Крамлі паплаціцца. А беларус сядзіць і маўчыць, нібыта нічога не здарылася. Яго пытаюць:

– А ты што, не ўкалоўся што сядзіш нерухома?

– Укалоўся, адказвае той. Але можа так і трэба?

   Памятаю, як прыкра было слухаць такі жарт, але ж народ менавіта для гэтага і прыдумаў такую праўду пра сябе, каб нешта змяніць. І вось ужо праз нейкі час чую анекдот з такім жа дакладна пачаткам як і той, толькі канцоўка іншая. І ў той другой канцоўцы, беларус, як чалавек абачлівы і ўважлівы, заўважыў тую кнопку і прыняў яе ў кішэнь. Але сядзіць і не прызнаецца. Робіць выгляд што яму баліць і ён цярпіць, а сам проста цярпліва назірае, чым гэта ўсё скончыцца.

   Ну а зараз у сяброўскай кампаніі я расказаў пра беларуса, якога ў турму пасадзілі. А там сукамернікі пытаюцца ў яго за што? За якія злачынствы? А той адказвае:

– Сам не ведаю, хлопцы! Увесь час з мазаля свайго жыў. З працы рук сваіх. Нічога не краў, нікога не забіваў. Усё сам рабіў. Нават грошы, і тыя рабіў сам…

   І тут адзін з прысутных падказвае яўна будучы працяг. Што і турму для сябе ён сам зрабіў сваімі рукамі.

   І ўсе пагадзіліся, што так яно і ёсць. Самыя для сябе турму зрабілі і сядзім там…

   Вось так нараджаюцца анекдоты. З жыцця.

   Таму з нецярпеннем чакаю, калі з’явіцца анекдот пра тое, як беларус чарговы раз усіх абдурыць, і выйдзе з турмы ў свет Божы, пакінуўшы там сваіх ахоўнікаў. І вось гэта будзе і знак, што час прыйшоў, і ясна распісаны ў некдоце план дзеянняў.

   Перакананы, што такі анекдот з’явіцца ў вельмі хуткім часе. А куды ж ён дзенецца…

   Віктар Сазонаў.

25.06.2019 Тэгі: Віктар Сазонаў, Блог

Відэа

праваабарончыя сайты