Навіны

Калі з’явяцца афіцыйныя вынікі прычыны забруджвання рэк Дзітва і Нёман?

Пасля грамадскага выяўлення, расследавання і публічнай інфармацыі пра забруджванне ракі Дзітва, афіцыйныя ўлады былі змушаны рэагаваць на сур’ёзнае экалагічнае правапарушэнне. Праўда, спачатку па загадзе ўладных структураў былі пакараныя грамадскія актывісты Сяргей Пантус і Вітольд Ашурак. Напомнім, што 17 чэрвеня яны выйшлі да будынку Лідскага райвыканкаму з плакатам “Мёртвая Дзітва”, інфармуючы такім чынам жыхароў пра небяспеку для здароўя і звяртаючыся да мясцовай улады.

Мясцовая міліцыя склала на Сяргея Пантуса і Вітольда Ашурка пратаколы пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні, а Лідскі раённы суд хутка (20 чэрвеня пастановай старшыні суда Вячаслава Мацука) аштрафаваў кожнага на 10 базавых велічынь.

Паводле расследавання грамадскіх актывістаў атручванне рэк Дзітва і Нёман адбываецца праз зліў нечыстотаў з ачышчальных збудаванняў Лідскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

 

фота з фэйсбуку Мечыслава Супрона

Як паведамляе галоўны друкаваны орган раённай вертыкалі “Лідская газета”, катэгарычныя высновы рабіць рана. Так прадстаўніца афіцыйных службаў, галоўны спецыяліст аддзелу кантролю за аховай і выкарыстаннем атмасфернага паветра і прыродных рэсурсаў Гарадзенскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ганна Яцэвіч падкрэсліла, што ўстанаўліваць наўпроставую сувязь паміж перавышэннямі дапушчальных канцэнтрацый у сцёкавых водах Лідскай ЖКГ і забруджваннем акваторыі Дзітвы, гібеллю рыбы, яшчэ рана. Маўляў, працягваецца расследаванне.

Гэтая заява была зроблена яшчэ 19 чэрвеня, прайшоў тыдзень, але ніякай афіцыйнай інфармацыі дагэтуль няма. Цікава, што за складаныя даследаванні і экспертызы праводзяць адпаведныя службы, што дагэтуль не могуць вызначыць вінаватых у атручванні рэк Дзітва і Нёман?!  

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты