Навіны

Ірына Давідовіч: 4 варыянты сітуацыі з Астравецкай АЭС

На пачатку чэрвеня мне пашчасціла прыняць удзел у канферэнцыі па атамнай энергетыцы і навучальнай паездцы ў г. Вісагінас (Літва), які побач са спыненай Ігналінскай АЭС. Для сябе я атрымала шмат новых ведаў, хачу падзяліцца з іншымі кароткімі высновамі, якія тычацца будучыні Астравецкай АЭС. Я жыву ў раёне, які пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (а тых, хто сумняваецца ў гэтым, запрашаю ў грыбы і ягады, калі ёсць жаданне “засвяціцца”, то пакажу, дзе), і тэма АЭС мяне асабліва хвалюе. Таму ў мяне склаліся ЧАТЫРЫ варыянты развіцця сітуацыі з Беларускай АЭС у Астраўцы.

1 ВАРЫЯНТ. Самы бяспечны, самы разумны. Але менавіта па гэтых прычынах ў яго амаль няма шанцаў на рэалізацыю. Наогул не адкрываць Беларускую АЭС! Пакуль не загружана ўранавае паліва, то можна шмат у што перарабіць тыя пабудовы. Напрыклад, у ТЭЦ. Ды будзе дастаткова інавацыйных прапаноў, і сярод іх знойдзецца выгодны праект. Але ж калі загрузіць уранавае паліва, то усё… адваротнай дарогі няма, толькі АЭС.

2 ВАРЫЯНТ. Адкрыць Беларускую АЭС, хай трохі папрацуе, пацешыць душу галоўнаму “атамшчыку”, а пасля закрыць, не давёўшы да трагедыі. Вельмі дарагі варыянт для ўцешак самалюбства гэтага галоўнага “атамшчыка”. Страшэнна дарагі. На закрыццё, напрыклад, Ігналінскай АЭС патрэбна 4 мільярды даляраў.

3 ВАРЫЯНТ. Які найбольш песціць-лашчыць душу галоўнага “атамшчыка” – гэта адкрыць Беларускую АЭС, і будзе яна працаваць паспяхова яму на радасць. Але ж праблем тут так шмат, што і пералічыць я не змагу, вось некаторыя толькі: гэта праблема захоўвання і перапрацоукі адпрацаванага ядзернага паліва, і стварэнне рэзервовых крыніц энергіі, і няўдалая ў геалагічным плане пляцоўка. Праблемаў у разы больш, чым тут пералічана, і яны не вырашаны, не вырашаюцца, а некаторыя наогул невырашальныя. А калі дабавіць, што нарматыўны тэрмін эксплуатацыі атамных энергаблокаў толькі 30-40 гадоў (можа дзе і 80, але ж не ў нашай краіне, таму што тут будзе так, як і ў с/гаспадарцы, у прамысловасці, медыцыне, адукацыі, арміі,…. а як у гэтых сферах ідуць справы, мы добра ведаем), то узнікае пытанне: навошта нам такая рызыка, навошта такая небяспека?

4 ВАРЫЯНТ. Будзе пампезнае адкрыццё Беларускай АЭС, і, неўзабаве, паўтор чарнобыльскай трагедыі. Самы страшны і дзікі варыянт, але, на жаль, найбольш магчымы. Чаму? Таму што жывем мы, як і жылі 33 гады назад, ў тым самым“саўку”, хіба што ў большасці чыноўнікаў стала яшчэ больш нахабства, і адыход на выпадак аварыі яны сабе і сем’ям сваім забяспечылі ў іншыя бяспечныя краіны. Страшна, калі галоўны “атамшчык” назваў корпус рэактара звычайнай бочкай, якая ўпала. Ад такіх “граматных” выказванняў жудасна. Пералічваць прычыны і абставіны, якія непазбежна прывядуць да аварыі можна доўга. Але лепш прапаную паглядзець серыял ад НВО “Чернобыль”( 2019). Трэба паглядзець яго і тым, хто жыў у тым 1986-ым, і тым, хто нарадзіўся пазней на гэтай тэраторыі. Гэтая трагедыя не павінна паўтарыцца!

Ірына Давідовіч, Іўе

 

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты