Навіны

Палата ўхіляецца ад папярэджання фальсіфікацый выбараў

Як мы паведамлялі, праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў накіраваў у Палату прадстаўнікоў прапанову аб унясенні змяненняў у Выбарчы кодэкс, каб ліквідаваць магчымасць фальсіфікацыі вынікаў выбараў тэрытарыяльнымі (раённымі і абласнымі) камісіямі. Пры гэтым прывёў факт такой фальсіфікацыі Смаргонскай раённай камісіяй.
Паводле адказу ад 28 чэрвеня 2019 г. №03-04/138 за подпісам старшыні пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Леаніда Цупрыка, прапанова пакінутая ўвогуле без разгляду.
Леанід Цупрык паведаміў, што правам заканадаўчай ініцыятывы валодаюць пералічаныя у Канстытуцыі суб’екты. У прыватнасці, грамадзяне ў колькасці не менш 50 тысяч. А таму няма прававых падстаў для разгляду прапановы аднаго чалавека.

Каментуючы дадзены адказ, Алесь Дзергачоў адзначыў наступнае:
 – У мінулым я накіроўваў шмат прапаноў у Палату. І заўсёды атрымліваў больш-менш аргументаваныя адказы.  А калі зараз прапанаваў зацыраваць дзіркі ў Выбарчым кодэксе, то рэакцыя – як у чорта на ладан.
Па-першае, маю прапанову даручылі разгледзець камісіі, якая не займаецца выбарчым заканадаўствам.
 Па-другое, згодна з Законам аб зваротах грамадзян калі зварот не адносіцца да кампетэнцыі адпаведнага органа, то ён накіроўваецца таму, у чыю кампетэнцыю ўваходзіць разгляд пытання. А правам заканадаўчай ініцыятывы валодаюць акурат дэпутаты Палаты. Чаму б мой зварот не даручыць было разгледзець дэпутату ад Смаргонскай выбарчай акругі? Але прапанавалі самы цяжкі варыянт – сабраць 50 тысяч подпісаў.
Па-трэцяе, такая рэакцыя на канкрэтны факт фальсіфікацыі выбараў сведчыць пра  нежаданне Палаты прадстаўнікоў вярнуць народу адабранае права непасрэдна абіраць дэпутатаў і прэзідэнта.

 28 чэрвеня 2019 года № 03-04/138

 

Дзергачову А.М.

 

amd.bel@gmail.com

Ваш электронны зварот разгледжаны ў Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце.

Па пытанні ажыццяўлення заканадаўчай ініцыятывы паведамляем наступнае.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе заканадаўчую дзейнасць шляхам разгляду праектаў законаў, унесеных ва ўстаноўленым парадку суб’ектамі права заканадаўчай ініцыятывы. Да суб’ектаў права заканадаўчай ініцыятывы аднесены ў тым ліку грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам, у колькасці не менш за 50 тысяч чалавек.

Грамадзяне Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюць права заканадаўчай ініцыятывы ў парадку, устаноўленым Законам Рэспублікі Беларусь
«Аб парадку рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзянамі Рэспублікі Беларусь».

У сувязі з выкладзеным прававых падстаў для разгляду Вашай прапановы ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь няма.

 

 

 

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
па дзяржаўным будаўніцтве,
мясцовым самакіраваннi і рэгламенце                                               Л.А.Цупрык

 

 

 

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты