Навіны

Мечыслава Супрона асудзілі за папярэджанне пра небяспеку

– Я  хацеў папярэдзіць людзей, што купацца ў Нёмане і Дзітве небяспечна для здароўя, а можа і жыцця. Бо я сам і мой сын пацярпелі ад такога купання, пра што ёсць медыцынскія сведчанні, – заявіў у судзе сам Мечыслаў Супрон.

Дзясятага ліпеня ў дзесяць гадзін у Кастрычніцкім судзе Гародні пачаўся працэс над Мечыславам Супронам, які 18-га чэрвеня выйшаў на мост праз Нёман у Гародні і вывесіў расцяжку з надпісам “Нёман атручаны лідскім ЖКГ”. Яго судзілі па частцы 1 артыкула 23.34, за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.

На працэс прыйшлі сябры Мечыслава, праваабаронцы і журналісты.

Вёў працэс суддзя Хіхол Руслан Эдуардавіч.

На судзе спадар Супрон прадставіў медыцынскія даведкі з Скурвендыспансера Гародні і з паліклінікі, якія сведчылі пра тое, што пасля купання ў Дзітве і ён і яго сын вымушаныя былі звярнуцца да медыкаў.

Таксама Мечыслаў прадставіў дакументы, што пасля праверкі ў Лідзкім ЖКГ было выяўлена, што ачышчальныя прылады знасіліся і састарэлі, і ў рэчку сапраўды пайшлі выкіды з перавышэннем калія, азоту і фосфару.

Але ўсё гэта было пазней, пасля таго, як актывісты Бярозаўкі былі вымушаныя пайсці на публічную акцыю і былі пакараныя за тое, і сам Мечыслаў Супрон быў вымушаны пайсці на падобную акцыю, каб звярнуць увагу грамадства і ўладаў на гэтую экалагічную катастрофу. Да гэтага ж атручванне вады і лідскімі ўладамі, і дзяржаўнымі структурамі, што мусяць сачыць за экалогіяй не толькі замоўчваліся, але і абвяргаліся. Прыкладам, масавы мор рыбы ў Дзітве, на які звярнулі ўвагу мясцовыя жыхары, папросту тлумачыўся анамальнай спёкай.

– Я не падаваў заяўкі на пікет ў выканкам таму, што адказу прыйшлося б чакаць больш двух тыдняў. А тут кожная хвіліна дарагая. Бо маглі пацярпець людзі, якія не ведалі пра небяспеку і ў гэтыя спякотныя дні ішлі купацца, – адказвае Мечыслаў на пытанне суддзі, чаму ён не звярнуўся ў выканкам па дазвол на правядзенне мерапрыемства.

Мечыслаў тлумачыць, што разумее, што парушыў заканадаўства, але не шкадуе пра тое. Бо рабіў гэта каб уратаваць здароўе, а можа і жыццё іншых.

Прысутныя ў зале, што прышлі сачыць за працэсам, нават пачалі гаварыць, што ў іншых краінах за такія дзеянні героям выдаюцца ўзнагароды.

Суддзя Руслан Хіхол расцаніў па іншаму.

Мечыслаў Супрон быў прызнаны вінаватым і пакараны штрафам на пяць базавых велічынь.

Чытаць па тэме:

Суд над Мечыславам Супронам адбудзецца 10-га ліпеня

Вітольд Ашурак аспрэчвае незаконны штраф

 

Відэа

праваабарончыя сайты