Навіны

За што забіраюць дзяцей?

Калі праз тэлефон, па пытанні вяртання свайго дзіцяці з дзіцячага прытулку дамаўляецца на сустрэчу маці, якую пазбаўляюць бацькоўскіх правоў, то стэрэатыпнасць мыслення міжволі пачынае вымалёўваць вобраз гэтай жанчыны найперш як чалавека, які мае не зусім правільныя стасункі з алкаголем. Ну звыклі мы так думаць, халера нас вазьмі. Але калі ў грамадскую прыёмную гарадзенскага аддзялення “Вясны” зайшла маладая трыццаціпяцігадовая жанчына, акуратна апранутая, і па ўсім бачна, што яна не толькі не злоўжывае алкаголем, але і ўвогуле яго не ўжывае, то адразу да галавы прыходзіць іншае пытанне. Чаму ў гэтага чалавека хочуць забраць дзіця, а не дапамагчы яму яго выхоўваць у роднай хаце, калі такая дапамога неабходная.

 

– На пэўным перыядзе майго жыцця я сутыкнулася з вялікімі цяжкасцямі. Я развялася з мужам, і засталася з сваёй дачкой, можна так сказаць, на вуліцы. Таму змушаная была вярнуцца ў бацькоўскую хату, на вёску. Там сутыкнулася з іншымі цяжкасцямі, бо не магу знайсці сталай працы, і падзарабляю на часовых работах, але ж гэта не прычыны забіраць у мяне дзіця – тлумачыць Кацярына Кучкарава, дачка якой, Анастасія, у гэты час знаходзіцца ў дзіцячым прытулку.

Камісія па справах непаўнагадовых Гарадзенскага аблвыканкаму ўжо вынесла пастанову аб звароце ў суд з іскам пра пазбаўленне яе бацькоўскіх правоў. Там палічылі, што дзяўчынка патрабуе дзяржаўнай апекі.

– Мяне вінавацяць нават у тым, што я сектантка, бо распаўсюджваю рэлігійную літаратуру. Але я не сектантка. Я проста веруючы чалавек і наведваю часам цалкам легальную баптысцкую царкву. Ну і распаўсюд рэлігійнай літаратуры на маю думку не ёсць злачынствам.

 

/Кацярына Кучкарова з дачкой Анастасіяй/

Што ж наконт ўсяго гэтага гавораць афіцыйныя дакументы?

У афіцыйна зацверджаным плане, які так і называецца, “План абароны правоў і законных інтарэсаў дзіцяці” чорным па белым надрукаванае – “…паводзіны, жыццёвыя прыярытэты Кучкаровай Е.Ю. маюць прыкметы асацыяльных паводзін, характэрныя членам секты…”

– А я ніколі не была аніякай сектанткай, – апраўдваецца Кацярына, ужо як бы і сама стараючыся разабрацца ці можна даказаць, што ты не вярблюд, калі цябе вярблюдам назаве камісія.

Сапраўды становіцца дзіўным, якая канкрэтна арганізацыя называецца ў гэтым дакуменце сектай. Не ўказваецца і яе незаконнасць ці законнасць. Не ўказваецца яе шкоднасць. І што за спецыяліст вызначыў, якія для сектанта ёсць характэрныя паводзіны? І сама дзіўнае, што каб выправіць такую сітуацыю, якую ў гэтым плане палічылі шкоднай для дзяўчынкі, прапаноўваецца “прыцягнуць прадстаўнікоў праваслаўнай царквы ў работу з Кучкаровай Е.Ю. па выключэнні негатыўнага ўплыву секты на малалетнюю Матвееву А.”. Пры гэтым, прызначаны нават адказны за выкананне гэтага пункту, і гэта, ні многа ні мала, а сама старшыня Капцёўскага сельвыканкаму - Тацяна Ласко.

 

Прадстаўнікам прыкладна такіх пасадаў яшчэ ў нядаўнім мінулым уводзілася ў абавязак агароджваць дзяцей ад самой праваслаўнай царквы. Ну і ад каталіцкай таксама. Гэта былі тут дзве асноўныя рэлігійныя ўстановы, ад якіх рэкамендавалася агароджваць дзяцей, ды і іх бацькоў таксама. Зараз, як мы бачым, нешта змянілася, і ўжо гэтыя рэлігійныя ўстановы рэкамендуюць падключыць каб агародзіць дзіця яшчэ ад адной. Логіка жалезная. Прычым прапаноўваюць тыя ж самыя арганізацыі, што і раней.

Лагічна паўстае яшчэ адно пытанне, а як гэта дзяржаўная структура будзе кіраваць арганізацыяй, якая аддзеленая ад дзяржавы? Праз якія механізмы? Якія загады старшыня Капцёўскага сельвыканкаму можа аддаваць бацюшку праваслаўнай царквы? Тым не менш, прыняты “План абароны правоў і законных інтарэсаў дзіцяці”  прадугледжвае нешта падобнае, і нават тэрміны вызначаныя.

Ужо ў адным гэтым элеменце, прагледжваецца фармальны падыход да справы. Папера, маўляў, усё сцерпіць.

Ну калі так складаюцца планы, то адразу становіцца ясным, якое будзе рашэнне пасля сканчэнне тых тэрмінаў.

І калі складаюцца такія планы, то пад сумнеў ставіцца ўвесь дакумент, які патрабуе падвышанага вывучэння. Бо тут яўна прагледжваецца фармальнае стаўленне да настолькі важнага пытання.

Ці вось, скажам, цытата з пастановы камісіі па справах непаўнагадовых, ад 2-га ліпеня 2019-га году № 31: “ Маці і айчым Кучкаровай Е.Ю. выказалі ў ходзе наведвання меркаванне, што ў выпадку вяртання Анастасіі маці, апошняя не дазволіць ім мець зносіны з унучкай, і зразу паедзе з ёй у Расію”.

Што гэта? Раптоўна наляцеўшы падвышаны ровень патрыятызму, які дагэтуль у чыноўнікаў не надта заўважаўся, ці нешта іншае? Але што б гэта не было, закон не забараняе маці з дзіцём перамяшчацца па зямлі па іх уласным жаданні. Чаму маці не мае права з сваім дзіцём у пошуках лепшай долі паехаць куды яна хоча? Хоць, нават, у тую Расію. Выезд туды, наколькі вядома, з Беларусі не забаронены. Можа сябры камісіі нікуды не ездзілі з сваімі дзецьмі? Хай прааналізуюць, дзе зараз знаходзяцца іх дзеці і ўнукі. Напэўна не сядзяць у іх хаце. Напэўна паехалі туды, дзе ім лепш…

Гэта бабуля Анастасіі можа не разумець, што калі яе дачку пазбавяць бацькоўскіх правоў і аддадуць дзіця ў прыёмную сям’ю, то і яна сваёй унучкі ніколі ўжо не ўбачыць. Таму і скардзіцца на дачку, што тая з’едзе некуды з унучкай. Сябры то камісіі мусяць гэта разумець. Ну і ведаць заканадаўства для іх таксама пажадана.

Ці вось яшчэ адна цікавая цытата з гэтага дзіўнага дакумента: “Усё вышэй выкладзенае сведчыць пра тое, што Кучкаровай Е.Ю. не прынятыя намаганні па змене… … свайго ладу жыцця. Дадзеную пазіцыю пацвярджаюць факты распаўсюду літаратуры рэлігійнага зместу па месцы працы і ў дзіцячым прытулку, дзе зараз яе дачка…”

– Пры наведванні ў прытулку дачкі, я сапраўды прынесла ёй дзіцячую рэлігійную літаратуру. Я не ведала што гэта злачынства, – тлумачыць сама Кучкарова. – А ў Расію да знаёмых, якія прапаноўвалі мне лепшы заробак я сапраўды ездзіла. Ну дык ад мяне і сама камісія патрабуе, каб я палепшыла свае матэрыяльныя прыбыткі. Бо гэта трэба ў першую чаргу дзіцяці. А што я зраблю, калі тут я іх не магу знайсці. Я нават аб’яву дала, каб мне дапамаглі з працай і жыллём калі хто можа. І тэлефон свой дала. Раблю усё, каб выканаць загады камісіі. А яны мяне зноў вінавацяць. Цяпер ужо не туды занесла рэлігійную літаратару.

Здаецца, у нас у краіне такая літаратура сапраўды ўжо не злачынства, дзякуй Богу. І нешта падобнае можна набыць у кнігарнях.

Ну але адыдзем ад рэлігійных тэм. Глянем іншыя дакументы.

Кацярына, каб даказаць, што яна добрая маці і правільна апякуецца дачкой, працягвае характарыстыку на дачку, падпісаную кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Школа рукадзелля” і яшчэ адным кіраўніком “Тэатральнага асарці”.

Некалькі цытат з гэтага дакумента:

“Для педагогаў важны кожны вучань гуртка, але асаблівае месца займаюць таленавітыя дзеці, да якіх, без сумневу, адносіцца і Матвеева Анастасія…”

“На гурткі ў палац творчасці Анастасію прыводзіла і забірала яе мама, Кучкарова Кацярына Юр’еўна. Кацярына Юр’еўна ветлівая, дабрадушная, спакойная, акуратная жанчына. З лёгкасцю знаходзіць зносіны з дзецьмі і іх бацькамі з гурткоў, з педагогамі дадатковай адукацыі. Частавала дзяцей і дарослых выпечкай, паказвала на асабістым планшэце цікавыя відэа пра жыццё жывёльнага свету і дзіцячыя мультфільмы пад час перапынкаў”.

“Кацярына Юр’еўна часам заставалася на занятках гурткоў і дапамагала дачцэ завершыць працу, прыбраць працоўнае месца. Брала актыўны ўдзел у жыцці палаца творчасці: удзельнічала ў бацькоўскіх сходах усіх гурткоў, якія наведвала Анастасія; забяспечвала дзяўчынку неабходнымі матэрыяламі для падрыхтоўкі для конкурсу ДПТ; прыносіла прыгатаваную хатнюю выпечку, садавіну на салодкі стол па завяршэнні дзіцячага канцэрта або выступу…”

Якія розныя меркаванні. А між іншым, вырашаецца лёс дзесяцігадовай дзяўчынкі!

 

/Анастасія на гуртку/

Кацярыну Кучкарову ў адным дакуменце хваляць, у другім вінавацяць. Шмат там чаго. І зарабляе мала, хоць утрыманне дачкі ў прытулку аплачвае. І падаецца сума яе заробкаў, і разам з тым парадаксальна гучыць фраза, што крыніца сродкаў невядомая. І вінавацяць Кучкарову ў бадзяжным ладзе жыцця, хоць сама яна тлумачыць, што выязджала каб знайсці лепшае жыллё і працу. Зрэшты, як прыходзілася ў гэтым жыцці рабіць большасці людзей.

Шмат там незразумеласцяў і пытанняў. Дакументы прыкладаюцца да гэтага матэрыялу, і кожны зможа сам з імі азнаёміцца. Але вось чаму нехта лічыць, што права на дзяцей маюць толькі багатыя людзі, незразумела. Чаму, як нехта ўсынаўляе чужое дзіця, то дзяржава дапамагае матэрыяльна гэтаму чалавеку. І правільна робіць. Але чаму ў такім разе не дапамагчы роднай маці? Той роднай, якая хоча выхоўваць сваё дзіця сама, проста часова патрапіла ў складаную сітуацыю, з якой, дарэчы, сама і спраўляецца.

Ну а калі і былі нейкія памылкі, у якіх яе вінавацяць, прыкладам парушыла правы дзіцяці бо своечасова не падала на элементы на свайго былога мужа, ну дык чаму не дапамагчы, не растлумачыць. На элементы падаць ніколі не позна. Вось вам і дадатковая крыніца прыбытку.   

У нас што, камісія толькі каб караць?!

– Усё было добра. Але мая мама напэўна хацела каб было лепш. І ўзяла ды паскардзілася на мяне. Маўляў, я мала забяспечваю дачку, а яна, бабуля, значна больш ёй дае. І тут запрацавала бюракратычная машына, – тлумачыць Кацярына. – Сталі наведвацца камісіі. Сталі пытацца чые халадзільнікі стаяць тут, чыя ежа ляжыць там. Я напачатку думала, што паходзяць ды супакояцца. Бо хоць мне зараз жывецца і сапраўды нялёгка, але жывём не горш многіх іншых людзей. Можа мама думала, што нам дапамагаць стануць, таму і напісала. Я не ведаю. А ўсё закончылася тым, што хочуць у мяне забраць адзінае маё любімае дзіця! А маё дзіця, калі я прыеду да яе ў прытулак, ці калі ёй патэлефаную, просіцца ў мяне толькі аднаго, мамачка, мамачка, забяры мяне адсюль! Мне з табой добра!  

/сустрэча маці і дачкі ў прытулку/

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты