Навіны

Вярхоўны Суд адфутболіў скаргу Аляксандра Горбача (дакумент)

Гарадзенец Аляксандр Горбач атрымаў афіцыйны адказ на сваю скаргу з Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь  Як і прагназавалася, па-сутнасці адказ гэты за подпісам намесніка старшыні Вярхоўнага Суда Руслана Аніскевіча ёсць звычайнай бюракратычнай адпіскай. На аніводны з довадаў Горбача адказу не дадзена, Вярхоўны Суд, як звычайна, кіраваўся выключна псеўдакарпаратыўнай салідарнасцю і пацвердзіў несправядлівы штраф, да якога быў засуджаны Аляксандр Горбач.

Аляксандр Горбач ведамы ў горадзе над Нёманам як перакананы антыфашыст. А парадокс яго судовай гісторыі палягае ў тым, што яго аштрафавалі за нібыта экстрэмізм і распаўсюд фашыстоўскай сімволікі.

Напомнім, што яшчэ 20 лістапада 2018 года суддзя Кастрычніцкага раённага суда Валерый Шпак засудзіў Горбача да вялікага штрафу: паводле артыкулу 17.10 - штраф 5 базавых велічынь, паводле артыкулу 17.11, частка 2 - 25 базавых (агулам 30 базавых). Паводле першага эпізоду адміністрацыйнай справы Горбач прызнаны вінаватым у размяшчэнні малюнка з фашыстоўскай сімволікай. Аднак, насамрэч свастыка на тым малюнку выкідваецца якраз у сметніцу і гэта яскрава пацвярджае антыфашыстоўскія погляды Горбача. Іншыя эпізоды размяшчэння на ўласнай старонцы Горбача ў сацсетцы ВКонтакте датычаць абрэвіятур, якія таксама ніяк не могуць лічыцца экстрэмісцкімі.

Не пагадзіўшыся з абсурднай пастановай, Аляксандр Горбач падаў касацыйную скаргу ў Гарадзенскі абласны суд. Суддзя абласнога суда Васіль Скок доўга разглядаў скаргу, а ў выніку ўсё ж не змог адмяніць пастанову.

Пасля гэтага Аляксандр Горбач падаў надзорную скаргу на імя старшыні Гарадзенскага абласнога суда. Аднак яго старшыня Аляксандр Корзун даў незаконна аштрафаванаму гарадзенцу толькі бюракратычную адпіску, не задаволіўшы скаргу.

Адмоўны адказ з Вярхоўнага Суда на скаргу яшчэ раз пацвярджае, што дамагчыся справядлівасці і законнасці ў судовым парадку на роўні нацыянальных судовых структур практычна немагчыма.

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты