Навіны

90 гадоў з дня нараджэння Алеся Алехніка

Дзеяч беларускай эміграцыі Алесь Алехнік нарадзіўся 31 ліпеня 1929 года на хутары Перунова (сённяшні Лунінецкі раён). Хутар знаходзіўся прыблізна ў 9 кіламетрах ад ранейшага мястэчка, а цяпер вёскі Лахва, што непадалёк чыгункі. Паходзіў з сялянскай праваслаўнай сям’і, якая працавала на зямлі і нястачы не ведала. Родная мясцовасць на той час знаходзілася на тэрыторыі Польшчы, Алехнікі жылі прыблізна 40 кіламетраў ад мяжы. Вучыўся Алесь у польскай школе, якая месцілася ў будынку, што пабудавалі яго бацька і дзядзькі.

У 1939 годзе прыйшлі бальшавікі і перавялі школу на расейскую мову. Аднак, паводле успамінаў Алехніка, габрэйскія настаўнікі давалі яму і беларускія кніжкі. Сям’я Алехнікаў саветамі была запісаная на вываз у Сібір, які планаваўся на канец чэрвеня 1941 года. Але якраз прыйшла вайна. Пры немцах Алесь вучыўся ў гімназіі-дзесяцігодцы, цягнуўся да беларускасці.

Напрыканцы вайны Алехнік апынуўся ў Нямеччыне, куды пастанавілі пераехаць бацькі. У 1948 годзе яго, дзевятнаццацігадовага хлопца з лагеру Міхэльсдорф, улучылі ў Беларускую рэпрэзентатыўную службу на эміграцыі. У ягоныя абавязкі ўваходзіла пашырэнне праўды пра Беларусь сярод людзей рознай нацыянальнасці, што воляю лёсу апынуліся паміж межаў і дзяржаваў, у лагерах для “перамешчаных асобаў”.

У Аўстралію Алесь Алехнік пераехаў у 1950 годзе. Быў сябрам і шматгадовым сакратаром Беларускага аб’яднання ў Аўстраліі, ад імя якога прадстаўляў беларусаў на разнастайных міжнацыянальных форумах у Аўстраліі (удзельнічаў у дзвюх Аўстралійскіх грамадзянскіх канвенцыях, быў назіральнікам у парламенце, удзельнічаў па-за межамі Аўстраліі ў канфэрэнцыях Антыкамуністычнай лігі народаў Азіі і Сусветнай антыкамуністычнай лігі. Менавіта дзякуючы яму ў рэзалюцыях гэтых арганізацыяў абавязкова гучала патрабаванне незалежнасці Беларусі. “З таго вопыту, які я ўжо здабыў, удзельнічаючы ў розных міжнацыянальных мітынгах-нарадах, я знаў, што слабога, нерашучага, заўсёды наракаючага ніхто не любіў і любіць ня будзе”, – пісаў ён пазней у кнізе ўспамінаў.

За гады грамадскай дыпламатычнай працы Алехнік меў сталыя дачыненні з прэзідэнтамі і прэм’ер-міністрамі Аўстраліі, Паўднёвага В’етнаму, Карэі, Філіпінаў, Вялікай Брытаніі, Летувы (Казімірай Прунскене), Харватыі, старшынём Сэйму Летувы Вітаўтасам Ландсбергісам, ангельскай каралевай Элізабэт Другой. Напрыканцы 1950-ых гадоў займаўся выданнем інфармацыйнага бюлетэню Беларускага аб’яднання ў Аўстраліі “Новае жыцьцё”. У 1969-1982 гадах – кіраўнік Краёвага штабу Беларускага Вызвольнага Фронту ў Аўстраліі.

У канцы 1980-ых гадоў Алесь Алехнік адышоў ад актыўнай грамадскай дзейнасці. У 1990 годзе ён накіроўваў лісты Вячаславу Кебічу і Станіславу Шушкевічу, тагачасным кіраўнікам Беларусі, хацеў наведаць радзіму.. Адказ прыйшоў толькі праз два гады, ад кіраўніка МЗС Пятра Краўчанкі: “Бацькаўшчына будзе заўсёды ўдзячная за тое, што Вы зрабілі для яе”.

Алесь Алехнік – аўтар кнігі ўспамінаў “Пад бел-чырвона-белым”. Яна выйшла ў Вільні ў 1999 годзе, прадмову да мемуараў напісаў Сяржук Вітушка. Памёр Алехнік 3 снежня 2006 года, пахаваны на беларускай частцы сіднэйскіх могілак Руквуд. Яго архіў, у які ўвайшлі дакументы Беларускага аб’яднаньня і шматлікае ліставанне, захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. 

31.07.2019

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты