Навіны

Адміністрацыі рэгіёнаў Гарадзеншчыны пачалі даваць адказы назіральнікам

Справа тычыцца беларускай мовы. Яшчэ 22-га верасня гарадзенскія журналісты і назіральнікі за выбарамі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Андрэй Коця, Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель накіравалі электронныя звароты ў раённыя адміністрацыі Гарадзеншчыны.

Нагодай для такіх зваротаў стала тое, што на афіцыйных сайтах райвыканкамаў Гарадзеншчыны на іх беларускамоўных версіях увогуле (!) адсутнічае рубрыка “Выбары-2019”.

Праваабаронцы звярнулі ўвагу раённых выканкамаў на тое, што на беларускамоўнай версіі іх сайтаў увогуле няма банеру “Выбары-2019”. Гэта значыць, што беларускамоўныя наведнікі сайтаў не атрымліваюць інфармацыі пра выбары. Заканадаўства ж патрабуе забяспечыць даступнай інфармацыяй усіх грамадзян.

Асобным радком падкрэслівалася важнасць і неабходнасць ставіцца з павагай да роднай мовы.

Пасля гэтага на беларускамоўных старонках раённых адміністрацый банеры “Выбары 2019” пачалі з’яўляцца. А зараз на адрас праваабаронцаў і назіральнікаў пачалі прыходзіць адказы.

Адказы прыходзяць рознымі спосабамі, і па пошце, і ў электронным выглядзе, і ў розных фарматах. Але іх аб’ядноўвае сам змест. У дакументах выказваецца падзяка праваабаронцам за актыўную грамадзянскую пазіцыю і неабыякавасць да роднай мовы. А таксама за праяўленую цікаўнасць да сайтаў органаў дзяржаўнага кіравання. Разам з тым сцвярджаецца, што ўся інфармацыя, у тым ліку і ў раздзеле “Выбары 2019”, размешчана ў адпаведнасці з нарматыўнымі прававымі актамі.

Падабенства зместаў прысланых дакументаў наводзіць на думку пра тое, што яны абмяркоўваліся ў нейкім адзіным цэнтры, і выніковы тэкст карэктаваўся з рэкамендацыямі гэтага цэнтру.

Зрэшты, гэта не мае вялікага значэння. А вось павага да роднай мовы, і адпаведнае стаўленне да афіцыйных інтэрнет-старонак уладных сайтаў на беларускай мове, на думку праваабаронцаў – мае.

05.09.2019

Відэа

праваабарончыя сайты