Навіны
Пра свята ў Слоніме і помнік Льву Сапегу
У Слоніме 1 верасня адбылося вялікае рэспубліканскае свята беларускага пісьменства і друку. Думаю, што са мной пагодзяцца ўсе, хто прысутнічаў на свяце, хто яго арганізоўваў, і хто прымаў у ім непасрэдны ўдзел, што мерапрыемства ў Слоніме прайшло на самым высокім роўні. Падобнага свята горад над Шчарай не бачыў за ўсю сваю 1000-гадовую гісторыю.
Слонім і слонімцы рыхтаваліся да свята вельмі сур’ёзна і шчыра, хаця і не ўсе планы і задумкі былі рэалізаваныя. Тым не менш, падчас яго правядзення яны засталіся не заўважаныя ні гасцямі, ні слонімцамі. Таму што само свята, як мастацкі твор імгненна ўлілося ў аблічча горада, быццам гэта не свята ў раённым гарадку Заходняй Беларусі, а штодзённае жыццё з вялікімі гандлем, музыкай, выставамі, сувенірамі, а самае галоўнае – з кнігай і з прэсай. І, вядома ж, са шматтысячным народам, гледзячы на якога, прыгадваліся радкі Янкі Купалы:
Беларускаю рукою
Светлай праўды сіла
Славу лепшую напіша
Бацькаўшчыне мілай.
Дзесяткі тысяч людзей вітаў Слонім. Вітаў сваёй гісторыяй, помнікамі, храмамі і вуліцамі. І, самае галоўнае, вітаў роднай мовай, мовай Скарыны, Купалы, Коласа, мовай слонімскага паэта Гальяша Леўчыка, мовай Алега Лойкі і Міколы Арочкі…
На другі дзень, слонімцы ўздыхалі і казалі: чаму так усё хутка скончылася? А хацелася б, каб свята працягвалася хаця б яшчэ дзён 2-3. Светлае і сонечнае, як і само надвор’е, свята ў Слоніме адбылося. Ды нават не свята, а сапраўдны трыумф на левым беразе канала Агінскага, які ніколі не забудзецца.
Чакалі ўсе шмат гадоў і помнік Льву Сапегу. Бо ў старажытным Слоніме помнікаў знакамітым слонімцам і тым, хто ўнёс пэўны ўклад у яго гісторыю, не было і няма. Гэта першы выдатны помнік, які па-сапраўднаму ўпрыгожыў горад сваёй веліччу і бронзавай постаццю. Ён надаў Слоніму сілу, прыгажосць, старажытнасць. Ён павінен стаць сапраўдным брэндам горада. З постаццю Льва Сапегі мы адразу пазнаем Слонім. А гэта значыць, у Слонім павялічыцца прыезд турыстаў. Слонімскі Леў Сапега павінен быць на паштоўках, буклетах, магніціках, значках, вымпелах, кнігах… Бронзавая постаць павінна клікаць да нас гасцей з усяго свету. Клікаць павінна наша гісторыя і нашы вялікія асобы. І першаю такою асобая з’яўляецца Леў Сапега на плошчы Леніна ў Слоніме.
За некалькі месяцаў да свята, грамадскія актывісты сабралі подпісы і перадалі ў Слонімскі райвыканкам, каб перайменаваць плошчу Леніна ў Тэатральную. Але гэта справа так і не была вырашана. Адзін з аўтараў праекта – народны мастак Беларусі Іван Міско, падчас адкрыцця помніка і яшчэ некалькіх сустрэч, прапанаваў перайменаваць плошчу Леніна ў плошчу Льва Сапегі. Але Іван Якімавіч запамятаваў, што ў Слоніме ўжо ёсць плошча Сапегі, на якой ўзвышаецца велічны касцёл Святога Андрэя, пабудаваны ў 1775 годзе. Тады навошта дзве плошчы Льва Сапегі? Можа ўсё ж перайменаваць гэту плошчу ў Тэатральную. Тым больш, што на плошчы стаіць драматычны тэатр, побач – краязнаўчы музей, будынак банка 1905 года, Свята-Троіцкая царква і г.д. Ці можа вярнуць плошчы стары назоў – Гандлёвая плошча, якая была тут да 1944 года? Але адназначна, што плошча, на якой стаіць вялікі гетман Вялікага Княства Літоўскага, плошчай Леніна быць не павінна.
Сяргей Чыгрын