Навіны

Абласны суд: усе скаргі на неўключэнне ў ТВК і АВК адхілены

6 верасня ў Гарадзенскім абласным судзе прайшоў разгляд дзвюх грамадзянскіх спраў па скаргах на неўключэнне прадстаўнікоў у склад Абласной тэрытарыяльна-выбарчай камісіі і ў склад акруговых выбарчых камісій. Скаргі падавалі прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Рух за Свабоду”.

А 9.30 суддзя абласнога суда Зоя Нікольская з удзелам пракурора Сняжаны Дворнікавай пачала разгляд скаргі АГП. Інтарэсы рэгіянальнай структуры партыі на судзе прадстаўляў Павел Драчоў. Ён падтрымаў выкладзенае ў скарзе. Гарадзенская структура АГП вылучала 6 сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльную і акруговыя выбарчыя камісіі. У ТВК быў вылучаны Ігар Канстанцінавіч Банцар, у акруговыя выбарчыя камісіі: па Гарадзенскай Кастрычніцкай выбарчай акрузе №50 – Павел Драчоў, Гарадзенскай-Цэнтральнай №51 – Ежы Грыгенча, Гарадзенскай-Ленінскай №52 – Сяргей Улановіч, Івейскай №54 – Іван Сташкевіч, Смаргоньскай №59 – Мікалай Уласевіч. Аніводны (!) з гэтых вядомых людзей не быў уключаны ў склад ТВК і АВК.

Адміністрацыю вобласці на судзе прадстаўлялі чыноўнікі аблвыканкаму – намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення аблвыканкама Сяргей Хацук і намесніца начальніка Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Алена Новік. Яны сцвярджалі, што не згодны з пазіцыяй заяўніка скаргі і лічаць, што камісіі сфармаваныя паводле заканадаўства.

Суддзя Зоя Нікольская ў канцы паседжання пастанавіла, што рашэнне па скарзе будзе абвешчана сёння а 15-й гадзіне. У выніку суд не задаволіў скаргу АГП. 

 

А 11.30 іншая суддзя абласнога суда Людміла Малючок пачала разгляд аналагічнай скаргі аб’яднання “Рух за Свабоду”. Прадстаўнік гэтай арганізацыі ў суд на разгляд скаргі не з’явіўся. “Рух за Свабоду” вылучаў у камісіі ажно 13 чалавек. У ТВК быў вылучаны Алесь Зарэмбюк, яшчэ 12 чалавек – у розныя акруговыя камісіі вобласці. Аніводны з 13 (!) не быў уключаны ў склад камісій. А між тым сярод вылучэнцаў былі такія вядомыя не толькі ў вобласці, але і ў Беларусі, асобы як Алесь Масюк, Мікалай Баўсюк, Сяргей Чарняк, Валер Мінец, Вольга Быкоўская, ды іншыя.

Характэрнай асаблівасцю гэтага разгляду скаргі было тое, што Людміла Малючок вяла паседжанне па-беларуску, таксама па-беларуску выступала пракурор Сняжана Дворнікава. Згаданыя вышэй тыя ж сама чыноўнікі аблвыканкаму выступалі па-расейску. З прычыны адсутнасці прадстаўніка заяўніка скаргі яе разгляд быў дастаткова хуткім. Аднак, рашэнне па скарзе было адкладзена ажно да 16-й гадзіне. У выніку суд таксама прадказальна не задаволіў скаргу "Руху за Свабоду".

Напомнім, што раней была адхілена аналагічная скарга Партыі БНФ. 

 

Відэа

праваабарончыя сайты