Навіны

Рабіце вашы стаўкі…

У Беларусі поўным ходам ідуць парламенцкія выбары…

Ну, як бы тыя выбары ні называліся, парламенцкія ці ў Палату прадстаўнікоў, ці яшчэ як, назва сутнасці не мяняе. Галоўнае напаўненне. Ці як казаў адзін генерал: “Херня вайна, галоўнае манеўры”. Так і тут, на выбарах, дзе спіс будучых кандыдатаў можна агучыць задоўга да пачатку выбарчай кампаніі, галоўным становіцца працэс. Бо іншага сэнсу ў актывізацыі такой масы чыноўнікаў і насельніцтва, калі і так вядомы канчатковы вынік, знайсці цяжкавата. Працэс, працэс, і толькі працэс!

Працэс мусіць быць бездакорным! Вось што павінен памятаць кожны дзяржаўны чыноўнік! За бездакорны вынік адказваюць іншыя інстанцыі. Ну а адказнасць за працэс ляжыць на стомленых плячах мясцовых чыноўніках усіх роўняў. Для нечага ж і яны патрэбныя. Таму чатырохмесячная мітусня мясцовых чыноўнікаў мусіць мець прыхаваны ўзровень істэрыі вельмі высокага напалу. Каб напрыканцы завяршэння гэтага тэатральнага акту хаатычная актыўнасць хоць часткова перадалася астатняму насельніцтву, ды актывізавала яго прыйсці на выбарчыя дзяльніцы. Нават калі не ўсе ўцямяць, з якой мэтай.

Для актывізацыі насельніцтва ёсць старыя правераныя спосабы. Такія, як ласкавая просьба да выбаршчыкаў з боку начальства на працы ці па месцы жыхарства, каб тыя схадзілі і прагаласавалі. Адмовіць такой шчырай просьбе даволі цяжка. Ёсць і іншы спосаб, такі як ўзбуджэнне цікавасці да выбараў праз апанентаў ад апазіцыі. Праз тых апанентаў, якія самі даказваюць поўную абсурднасць працэсу, у якім самыя ж і ўдзельнічаюць. Штосьці ў гэтым удзеле ёсць канспіралагічнага, неразгаданага, нязведанага, таямнічага, непадуладнага для сярэдняга інтэлекту… Ну, што ж, у кожнага свая тайная зброя, пра якую, часамі, і яе ўладальнікі не здагадваюцца.

Зрэшты, чыноўнікі і без іх абышліся б. Лёгка! Што, што, а забяспечыць працэс – у гэтым яны майстры. Усё жыццё толькі тым і займаюцца. І калі яны могуць вышэйстаячаму начальству галаву задурыць прадставіўшы жаданае за сапраўднае, то звычайнаму абывацелю яўна могуць падаць такі малюнак, які захочуць. Бо менавіта ўменнем забяспечыць працэс і вызначаецца ступень прафесіяналізму чыноўніка.

І ўсё б было добра, але зноў спатыкнуліся аб мову. Ну, гэта беларуская мова! Вечна аб яе спатыкаюцца. Справа ў тым, што ў пастанове Цэнтральнай Выбарчай Камісіі патрабуецца інфармаваць грамадзян пра хаду выбарчага працэсу ў тым ліку і на інтэрнет-рэсурсах мясцовых адміністрацый у адмысловай рубрыцы “Выбары 2019”.  Гэтае патрабаванне чыноўнікі адразу сумленна выканалі, але ў гэтай мітусні выпадкова забыліся, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, а не толькі адна руская. Ну, упусцілі неяк гэты факт! Інфармацыю выставілі на рускамоўных старонках, па-руску, а беларускамоўныя выбаршчыкі пра выбары могуць і не ведаць. А навошта ім ведаць?! Яны, хіба што, і так не правільна галасуюць. Навошта іх інфармаваць, што ў нас выбары пачаліся?! Дзе тут логіка?!

А як чыноўнікам нагадалі, што ў Беларусі яшчэ не паспелі беларускую мову выключыць з ліку дзяржаўных, і пастанова ЦВК хіба што распаўсюджваецца і на беларускамоўнага выбаршчыка, то тыя проста сталі размяшчаць на беларускамоўных старонках інфармацыю па-руску…

Ну а што яны могуць зрабіць?! Дзе яны ў вобласці могуць знайсці ажно сямнаццаць чалавек (ажно цэлага беларускамоўнага чалавека на раён), якія змогуць перакласці інфармацыю на мову тытульнай нацыі?! Беларускую мову адусюль павыціскалі, а тут беларускамоўных падавай! Ну не да апазіцыі ж звяртацца па дапамогу?! Хоць маглі б. Раз апазіцыя, хоча яна ці не, але сваім удзелам дапамагае забяспечыць яўку выбаршчыкаў і надаць выбарчаму працэсу бачнасць логікі, то і тут хіба не адмовіла б…

Ну ды не пра гэта зараз. Паўстае пытанне, як будзе з той мовай на наступных, яшчэ больш важных для чыноўнікаў выбарах? На выбарах прэзідэнцкіх! А там то працэс мусіць выглядаць не проста бездакорным, а каб і пад мікраскопам хіба незаўважна было! І тут адно з двух: або ўсё ж трэба нейкім чынам знайсці хоць аднаго беларускамоўнага перакладчыка на раён, або беларускую мову зусім адмяніць? Цікава, як зробяць?! Рабіце вашы стаўкі, ды хутчэй! Бо прэзідэнцкія выбары ўжо неўзабаве!

Віктар Сазонаў 

09.09.2019 Тэгі: Віктар Сазонаў, Блог

Відэа

праваабарончыя сайты