Навіны

135 гадоў з дня нараджэння Фабіяна Абрантовіча

Беларускі місіянер, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, педагог, доктар філасофіі, магістр тэалогіі Фабіян Абрантовіч нарадзіўся 14 верасня 1884 года ў засценку Вераскоўшчына Наваградскага павета. Паходзіў з мяшчанскай сям’і беларусаў-католікоў Янкі і Юліі (з дому Кашыцаў) Абрантовічоў.

Фабіян скончыў Наваградскую гарадскую трохкласную вучэльню. У красавіку 1902 года вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі. А з восені таго ж года вучыўся ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Пасля яе паступіў у Мітрапалітальную духоўную каталіцкую акадэмію. На 3 курсе акадэміі быў пасвечаны ў святары. Выкладаў Закон Божы ў пецярбургскіх навучальных установах, потым быў законавучыцелем прыватнай мужчынскай гімназіі пры рымска-каталіцкім касцёле св. Кацярыны ў Пецярбургу.

У сакавіку 1912 года Фабіян Абрантовіч атрымаў дазвол на выезд з Расійскай імперыі ў Бельгію. Працягваў вучобу ў каталіцкім універсітэце ў г. Лювен (1912-14), дзе абараніў доктарскую дысертацыю па філасофіі. У лістах з Лювена адзначаў не толькі высокі ровень ведаў выкладчыкаў і прафесараў каталіцкага ўніверсітэта, але таксама і глыбіню, неардынарнасць навуковых праграм, асабліва па філасофіі.

Пасля вяртання з Бельгіі Абрантовіч быў прыняты на пасаду прафесара духоўнай каталіцкай семінарыі ў Петраградзе, дзе выкладаў філасофію, сацыялогію і спевы. Адначасна выконваў абавязкі законавучыцеля ў Петраградскай Канстанцінаўскай жаночай гімназіі пры Імператарскім жаночым інстытуце. Пазней выкладаў Закон Божы ў 12-й Петраградскай гімназіі.

З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часу вучобы ў Пецярбургу. Належаў да культурна-асветнага гуртка беларусаў-клерыкаў. Разам са святаром Люцыянам Хвецькам заснаваў першую нацыянальна-рэлігійную арганізацыю Хрысціянская дэмакратычная злучнасць. Шырока выступаў у беларускіх перыядычных рэлігійных выданнях (“Krynica”, “ChryścijanskajaDumka” і іншых). Быў адным з арганізатараў і ўдзельнікаў Першага з’езда беларускіх каталіцкіх святароў у Мінску ў 1917 годзе, дзе выступіў з рэфератам “Справа прасветная”. Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. Вясной 1918 г. камандзіраваны адміністратарам Магілеўскай архідыяцэзіі біскупам Э. Ропам у Менск, стаў адным з кіраўнікоў Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці ў Мінску. Пры падтрымцы біскупа С.Лазінскага, ініцыятара адкрыцця Мінскай духоўнай каталіцкай семінарыі, абраны яе рэктарам.

З верасня 1919 года быў сябрам Рады Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Менску. Уваходзіў у склад дэлегацыі беларускіх дзеячаў, якую 19 верасня 1919 г. прыняў у Менску Пілсудскі. Планавалася, што ў Міністэрстве замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі атрымае пасаду кіраўніка Місіі ў Рыме.

У пачатку 1920-х гадоў працаваў выкладчыкам эвакуяванай у Наваградак, а пазней у Пінск, каталіцкай семінарыі. З 1926 года – у ордэне айцоў марыянаў у Друі. Потым узначальваў каталіцкую місію ўсходняга абраду ў Маньчжурыі і Кітаі. Браў удзел у паседжаннях Генеральнай капітулы марыянаў у Рыме.

Улетку 1939 года быў у Заходняй Беларусі, напрыканцы года арыштаваны савецкімі “органамі бяспекі”, зняволены ў Львове. Больш за 5 гадоў правёў у вязніцах. Памёр ад катаванняў 2 студзеня 1946 года ў Бутырскай турме, месца пахавання невядома. Памяць пра Фабіяна Абрантовіча ў Беларусі не ўшанавана.

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты