Навіны

Алесь Бяляцкі ў Слоніме (фотагалерэя)

Кіраўнік Праваабарончага Цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі 14-га верасня бягучага году правёў сустрэчу з жыхарамі Слоніма. Кіраўнік “Вясны” пастаянна робіць падобныя працоўныя паездкі па краіне, і зараз зноў завітаў на Гарадзеншчыну.

Сустрэча праходзіла ў працоўным памяшканні адной з грамадскіх арганізацый Слоніма “Мінолс”. Жадаючыя сустрэцца з вядомым праваабаронцам запоўнілі памяшканне цалкам. Сама сустрэча выклікала вялікую цікавасць, асабліва ў грамадска-актыўных грамадзян рэгіёну, нават прыехала дэлегацыя ажно з Дзятлава.  

Алесь Бяляцкі прывёз з сабой сваю кнігу “Халоднае крыло Радзімы”, праца над якой праходзіла за кратамі. Прысутных вельмі цікавіў той перыяд. Асабліва такія акалічнасці, як вядомаму праваабаронцу ўдалося і час свайго зняволення выкарыстаць на служэнне той справе, якой прысвяціў жыццё. Пра надуманасць і палітычную матываванасць таго абвінавачвання і яго сапраўдныя матывы прысутныя добра ведалі. А вось пра турэмны быт, у якім аказаўся актывіст, і як яму ўдалося ўпісацца ў новыя рэаліі няволі, было багата пытанняў.

Паколькі многія з прысутных прышлі на сустрэчу непасрэдна з перадвыбарчых пікетаў па зборы подпісаў, была закранутая і тэма выбараў. Прааналізаваная сітуацыя 2010-га і 2011-га гадоў. Ішла гаворка і пра сённяшні дзень, і пра падзеі нядаўняга перыяду.

Кожны хто хацеў, змог атрымаць кнігу праваабаронцы з аўтографам аўтара. А хацелі ўсе.

Дыскусія і абмеркаванне не спынялася нават пад час падпісвання Алесем Бяляцкім кніг. І нават пасля заключнага інтэрв’ю для журналістаў, паслухаць якое засталося большасць прысутных, і пасля гэтага працягваліся размовы, абмеркаванні, выказваліся пажаданні, выслухваліся парады.

Неўзабаве, ужо ў наступным месяцы, Алесь Бяляцкі плануе з падобным візітам наведаць яшчэ некалькі мясцін Гарадзеншчыны. Так што сустрэцца з ім, паслухаць, перамовіцца і атрымаць яго кнігу з аўтографам змогуць яшчэ больш жыхароў Гарадзеншчыны.

 

 

 

15.09.2019 Тэгі: Бяляцкі, Слонім

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты