Навіны

Бела-чырвона-белых сцягоў у Гародні стала больш (фота)

Калі ў выбарчы перыяд бела-чырвона-белых сцягоў становіцца больш, значыць стала больш пікетаў, на якіх ініцыятыўныя групы збіраюць подпісы за сваіх прэтэндэнтаў у кандыдаты.

 

Так і ёсць. У гэты панядзелак побач з пікетам кіраўніка гарадзенскага БНФ Вадзіма Саранчукова, які зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу ў АВК № 51, размясціўся пікет ініцыятыўнай групы Ларысы Жыгар, сябры партыі БСДП (Грамада), вядомай яшчэ сваім актыўным удзелам у “Матчыным руху 328”. Яе ініцыятыўная група зарэгістраваная па АВК № 49. Абодва прэтэндэнты ў кандыдаты таксама прысутнічалі на гэтых пікетах.

Пікеты розных партый па-сяброўску ўжываюцца на адной пляцоўцы, тым больш, што іх лідары даўно ведаюць адзін другога.

Кажа Вадзім Саранчукоў:

– Прадстаўнікі палітычных партый могуць вылучацца ад сваіх партыйных структур і ўвогуле абысціся без збору подпісаў. Але мы ўсё ж рэгіструем свае ініцыятыўныя групы і ідзём на пікеты, каб грамадскасць іх пабачыла і даведалася, што выбарчы перыяд ужо пачаўся. Каб гарадзенцы ўжо пачалі аналізаваць сітуацыю і разважаць над тым, якое рашэнне прыняць на гэтых выбарах. Таксама менавіта такая публічная актыўнасць прыцягвае да выбарчага працэсу валанцёраў, якія могуць дапамагчы, і пры адпаведным навучанні стаць назіральнікамі або агітатарамі.

Збор подпісаў на пікетах ініцыятыўных груп праўладных кандыдатаў у Гародні пакуль яшчэ не заўважаны.

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты