Навіны

Не радуе

   Успомніўся стары добры анекдот. Праўда, ён настолькі філасофскі і глыбокі, што і анекдотам яго назваць неяк язык не паварочваецца. Назваць навучаннем, таксама не зусім пасуе. Мудрасцю ўзвялічыць, зноў жа неяк не хочацца, бо гэта будзе занадта разумна, суха і занудна. Так-так, некаторыя віды мудрасці таксама бываюць зануднымі… Ну ды не пра гэта зараз. Пра гэта другі раз распавяду. А зараз лепш пра той анекдот.

   Справа, значыць, была так. Ідзе неяк па горадзе пасля навагодніх святаў сумны мужчына і цягне за правады за сабой ёлачную гірлянду. Твар увесь у апатыі, няголены, погляд патухлы, хмуры, дыханне цяжкое, сліны горкія. Таму раз-пораз сплёўвае на зямлю. Заходзіць у магазін, дзе да Новага году набываў тую гірлянду, і глухім голасам паведамляе:

   – Я хачу вярнуць вашу гірлянду назад. Яна яшчэ на гарантыі. Забярыце.

   – А што здарылася, – ветліва цікавіцца загадчык магазіна. – Яна што, не працуе?

   – Ды не, працуе нармальна, – адказвае мужчына.

   – Нічога тады не разумею, – здзіўляецца прадавец. – А чаму ў такім разе вяртаеце?

   – Працуе, але ўжо не радуе, – тлумачыць мужчына.

   Не ведаю, чым там у іх усё закончылася ў магазіне, анекдот пра гэта замоўчвае. Аповед абрываецца ў самым разгары падзей. Ну, на тое ён і анекдот.

   А вось што тычыцца мяне, то я бы на месцы загадчыка магазіна узяў бы гірлянду назад, і грошы мужчыну вярнуў бы. Хай хоць бутэльку гарэлкі на іх набудзе. Можа тая ўзрадуе. Для падняцця настрою, паў кілі гарэлкі амаль бяспройгрышны варыянт. Хаця, бывае, у вельмі складаных душэўных пакутах і цэлы літар не дапамагае.

   Успомніў я гэты стары анекдот, як выконваючы свае абавязкі назіральніка на гэтых выбарах, аналізаваў убачаныя ў сеціве і ў рэальным варыянце. Я зараз кажу пра пікеты па зборы подпісаў ініцыятыўнымі групамі апазіцыйных прэтэндэнтаў на кандыдацкія месцы. Праўладныя кандыдаты не асабліва спяшаюцца такія пікеты праводзіць. А навошта? Яны ў станоўчым для сябе выніку выбараў упэўненыя. І гэтая ўпэўненасць не беспадстаўная.

   Ну, дык пра апазіцыйныя пікеты. Дзякуючы выбарам яны сталі мажлівыя. О, колькі я прастаяў у падобных пікетах за сваё жыццё! Наляцелі ўспаміны пра тое, як гэта было, і параўнанні, як гэта зараз. На першы погляд адрозненняў няшмат. Толькі вось нешта не тое. Ну сцяг той самы, і лозунгі, і задачы, і нават людзі стаяць ўсё тыя ж. А што не так – не пайму. І толькі пасля дапетрыў. Не радуе…

   Ну не радуе! Як таго мужыка з гірляндай. Нібыта ўсё працуе, але ўжо не радуе…

   Вось раней радавала такое відовішча, а зараз ужо не. Ці то досведу больш стала, ці то веры менш?! Ці стомленасць лягла на плечы, ці адчай, ці расчараванне? Ну вось хоць ты вазьмі паў літра гарэлкі, каб палягчэла, дык і гэтага нельга! Дактары забаранілі! І тут аблом! І каб так абламацца, трэба каб вельмі моцна не пашанцавала, і не адзін раз…

   Ну, калі і гэтага нельга, то трэба тады выказаць хоць пару слоў захаплення тымі, хто працягвае стаяць там, пад бела-чырвона-белымі сцягамі. Прычым выказваю шчыра і абдумана. Яны добра ведаюць таксама, як і іх праўладныя супраціўнікі, чым скончацца гэтыя выбары. І большасць з іх нават не кандыдуюць, а толькі ўваходзяць у ініцыятыўную групу. Але стаяць. А чаму?! Бо нехта ж мусіць тут стаяць!!!

   Яны добра ведаюць і тое, што нават у сусветнай дэмакратычнай супольнасці іх мала хто заўважыць. Бо ў параўнанні з сусветнымі праблемамі, ці хоць нават з суседнім украінска-расійскім канфліктам, беларускія справы здаюцца не першачарговымі. Ды яны і ніколі не былі першачарговымі, калі казаць шчыра! А зараз дык і падаўна!

   І ўсе гэта добра разумеюць. Але яны стаяць! Бо нешта ж трэба рабіць! Рабіць актыўна. Удзельнічаць, то актыўна. Не ўдзельнічаць, то таксама актыўна. У адрозненні ад крыкуноў, якія не падымаючыся  з канапы, абгаворваюць кожнае іх дзеянне і не шкадуюць негатыўных адзнак. Далі новыя тэхналогіі тым крыкунам такую забаву, як інтэрнэт. Цяпер можна гаўкаць без адрыву азадка ад крэсла…

   Таму бяру і іду туды зноў, як назіральнік на выбарах, дзе лунае бел-чырвона-белы сцяг і стаяць людзі, якія нешта робяць…

   Хоць гэта ўжо і не радуе. Пакуль што не радуе. А як там далей карта ляжа, а хто яго ведае...

   Віктар Сазонаў.

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты