Навіны

Віктар Свіла - знаёмы і невядомы перакладчык

У Смаргонскай выбарчай акрузе №59 прэтэндэнт на кандыдата ад улады Віктар Свіла – намеснік старшыні Астравецкага райвыканкаму працягвае рабіць выклікі заканадаўству ў частцы парадку і тэрмінаў правядзення агітацыі. Віктар Свіла вызначыўся за апошнія гады найперш актыўнай прапагандай пабудовы Астравецкай атамнай станцыі, забяспечваў ідэалагічнае абгрунтаванне гэтага будаўніцтва.


Як мы ўжо пісалі, у нумары 69 ад 06.09.2019 падкантрольнай Астравецкаму райвыканкаму газеце “Астравецкая праўда”, за тыдзень да рэгістрацыі ў якасці прэтэндэнта, было размешчана інтэрв’ю з ім пад назвай “Віктар Свіла, знаёмы і невядомы”. Яно накіравана выключна на тое, каб паказаць станоўчыя дасягненні дадзенай асобы на службе, а таксама прадставіць пазітыўныя сямейнае становішча і захапленні. 

Мала таго,  ў нумары 37 ад 11.09.2019 смаргонскай дзяржаўнай  газеты “Светлы шлях”, за два дні да рэгістрацыі ў якасці прэтэндэнта, у раздзеле “Ведай свой край” размяшчаецца частка перакладу з польскай мовы на рускую кнігі Канстанціна Тышкевіча “Вілія і яе берагі”, аўтарам якога з’яўляецца, як падкрэсліваецца ў прадмове, намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла – ініцыятар і арганізатар з’яўлення ў Астраўцы 10 каменных скульптур – візітнай карткі горада.

Пікантнасць сітуацыі дадае той факт, што перакладам згаданай кнігі Віктар Свіла заняўся менавіта перад выбарчай кампаніяй і якраз пасля выхаду згаданай кнігі ў 2018 годзе на беларускай мове (Тышкевіч Канстанцін. Вілія і яе берагі. Мн., 2018.).

Імаверна перакладчык Віктар Свіла, які па ўласным прызнанні лічыць сябе то палякам, то ліцьвінам, то беларусам, захацеў парадаваць і прасвятліць смаргонцаў расейскамоўным перакладам працы Тышкевіча.  

З прычыны відавочнага выкарыстання Віктарам Свілам службовага становішча і дзяржаўнай прэсы назіральнік у выбарчай камісіі №59, праваабаронца Алесь Дзергачоў падаў заяву ў дадзеную камісію.

У ёй звярнуў увагу, што з’яўленне гэтых матэрыялаў у падкантрольных органам улады выбарчай акругі СМІ падчас афіцыйна абвешчанай выбарчай кампаніі, ў перыяд фармавання ініцыятыўнай групы, з аднолькавым фотаздымкам асобы ў абодвух СМІ, сведчыць пра спланаваную прэтэндэнтам і органамі ўлады акцыю па папулярызацыі гэтай службовай асобы дзеля стварэння спрыяльных умоў для збору подпісаў і далейшага яго абрання дэпутатам.
Па меркаванні Алеся Дзергачова, у такіх варунках публікацыі трэба лічыць агітацыйнымі матэрыяламі. А таму ён запатрабаваў разгледзець на паседжанні камісіі пытанне аб вынясенні папярэджання  прэтэндэнту на кандыдата Віктару Свіла, а таксама кампенсацыі выдаткаў названых СМІ на публікацыі дадзенага прэтэндэнта за кошт яго перадвыбарчага фонду пасля рэгістрацыі як кандыдата.
У мэтах стварэння роўных умоў для прэтэндэнтаў на кандыдата заяўнік паставіў перад камісіяй таксама задачу абавязаць рэдакцыі названых СМІ размясціць раўназначныя біяграфічныя матэрыялы і матэрыялы пра грамадскую дзейнасць прэтэндэнта ад АГП па гэтай акрузе Івана Крука.

 

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты