Навіны

Алесь Бяляцкі распавёў у Савеце Еўропы пра бягучую парламенцкую кампанію

У Страсбургу завяршылася адкрытае слуханне па пытанні правядзення ў Беларусі парламенцкіх выбараў. Мерапрыемства праходзіла ў межах пасяджэння Камісіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па палітычных пытаннях і дэмакратыі.

Удзел у слуханні прынялі беларускія парламентарыі, палітыкі і праваабаронцы. Сярод удзельнікаў намеснік старшыні пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Максім Місько, сябра пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Ганна Канапацкая, прадстаўнік Беларускага нацыянальнага кангрэсу, палітык Уладзімір Някляеў, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. Праваабарончы цэнтр “Вясна” прадстаўляе старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі

bialiacki_strasburg.jpeg
Алесь Бяляцкі на слуханні па пытанні правядзення ў Беларусі парламенцкіх выбараў. 1 кастрычніка, Стразбург

 

Падчас свайго выступу праваабаронца распавёў пра ход выбарчай кампаніі, назіранне за якой ажыццяўляе кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Алесь Бяляцкі адзначыў, што грунтоўных зменаў у правядзенні выбараў у параўнанні з папярэднімі парламенцкімі кампаніямі не заўважаецца.

“У 2016 годзе місія па назіранні БДІАЧ АБСЕ вынесла 32 рэкамендацыі па зменах выбарчага заканадаўства і ўдасканаленні правядзення выбараў. Але цягам таго часу, пакуль ідзе цяперашняя выбарчая кампанія, усё застаецца так як было. На папярэдніх выбарах міжнародныя назіральнікі адзначалі, што "склад выбарчых камісій не быў плюралістычным". Падчас гэтых выбараў ужо сфарміраваныя тэрытарыяльныя і акруговыя камісіі, у склад якіх патрапіла толькі 2,5% прадстаўнікоў апазіцыйных партый і грамадскіх рухаў. У той час, як амаль усе прапанаваныя пяццю праўладнымі арганізацыямі асобы былі ўключаны ў камісіі (БРСМ, Беларускі саюз ветэранаў, саюз жанчын, праўладныя прафсаюзы і Беларускі фонд міру)”.

Алесь Бяляцкі падкрэсліў, што міжнародныя назіральнікі неаднаразова казалі, што Беларусі патрэбна "комплексная рэформа выбарчай сістэмы ў рамках больш шырокага працэсу дэмакратызацыі". Але далей абяцанні ўладаў улічыць гэтыя рэкамендацыі справа не пайшла.

“Распрацаваныя групай па зменах выбарчага заканадаўства прапановы былі схаваны ў шуфлядку прэзідэнцкага стала. Выступаючы тыдзень таму, Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Мы правядзем гэтую перадвыбарчую кампанію спакойна. Гэта рэпетыцыя заўтрашняй кампаніі, прэзідэнцкай". Зразумела, навошто яму мяняць выбарчае заканадаўства, калі яно сёння дае магчымасьць цалкам кантраляваць выбарчы працэс і дабівацца стоадсоткавых вынікаў?”

council_of_europe.jpeg
фота Алеся Бяляцкага

 

Старшыня ПЦ “Вясна” нагадаў, што неўзабаве будуць сфарміраваныя ўчастковыя камісіі. І ёсць вялікая верагоднасць, што яны таксама будуць цалкам кантралявацца выканаўчымі ўладамі. Вялізнай праблемай застаецца ніяк не кантраляванае папярэдняе галасаванне, у якім прымушаюць браць удзел студэнтаў і дзяржаўных служачых, а таксама непразрысты працэс падліку бюлетэняў у дзень выбараў.

Падводзячы вынікі, Алесь Бяляцкі яшчэ раз падкрэсліў, што пакуль не будзе змененае выбарчае заканадаўства, празрыстых і справядлівых выбараў у Беларусі дакладна не будзе.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

 

 

http://spring96.org/be/news/94277

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты