Навіны

Фармаванне участковых камісій за 14 хвілін

Такі рэкорд у працы адміністрацыі мог назіраць Андрэй Коця, які быў назіральнікам за фармаваннем участковых камісій на пасяджэнні Гарадзенскага райвыканкаму.

Рэкорд тлумачыцца проста. Дзе няма актыўнасці апазіцыйных або незалежных кандыдатаў, дзе яны не вылучалі сваіх прадстаўнікоў ва ўключэнне ў камісіі, там прапанаваная колькасць кандыдатаў на ўключэнне ў камісіі супадае з колькасным складам тых камісій. Гаворачы навуковымі тэрмінамі, вугал падзення раўняецца вуглу адлюстравання.

На самым пачатку пасяджэння было заяўлена, што калі колькасны склад кандыдатаў на працу ў камісіях будзе адрознівацца ад зацверджанай колькасці будучых сяброў камісій, то галасаванне будзе паіменным. Але вельмі хутка высветлілася, што на 418 месцаў пададзена 418 заявак. Ну так супала. І такія арганізацыі як “Белая Русь”, БРСМ, Беларускі чырвоны крыж, Беларускі саюз жанчын, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Саюз ветэранаў, не памыліліся, колькі ім трэба вылучыць прэтэндэнтаў на працу ў участковых камісіях, ні грамадзяне гарадзенскага раёну, што вылучалі сваіх прадстаўнікоў, таксама не памыліліся. Пададзеныя пратаколы на уключэнне іх прадстаўнікоў у камісіі размеркаваліся паміж імі адпаведна 286 на 132. Чалавек у чалавека, прэтэдэнт у прэтэндэнта. Напэўна гэта адбылося на ўзроўні падвышанай інтуіцыі.

Ну так заўсёды спрацоўвае інтуіцыя, дзе няма актыўнасці апазіцыйных структур, незалежных кандыдатаў, а галоўнае, удзелу ў працэсе і актыўнасці самога грамадства. Гэтую пасіўнасць тады замяняе інтуіцыя праўладных структур.

Таму адміністрацыю Гарадзенскага раёна і папракнуць нельга ў тым, што яны працавалі ўсяго 14 хвілін, за якія і былі сфармаваныя ўчастковыя камісіі на ўсіх 34-х участках. А на такое дэталёвае супадзенне вылучаных прэтэндэнтаў і спіскавага складу будучых сяброў участковых камісій напэўна нехта добра папрацаваў раней. Тут, як гаворыцца, цяжка ў вучэнні, затое лёгка ў баі.

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты