Навіны

Суд Астравецкага раёну прадказальна адкінуў скаргу АГП

4 кастрычніка суд Астравецкага раёну адмовіў у задавальненні скаргі Гарадзенскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Інтарэсы партыі на гэтым "разглядзе" прадстаўляў Мікалай Уласевіч.

Скарга падавалася на неўключэнне ажно 13 прадстаўнікоў дэмакратычнай партыі  ў склад участковых выбарчых камісій па Смаргонскай выбарчай акрузе№59. 

Як кажа Мікалай Уласевіч, нават ён, чалавек з багатым досведам такіх рашэнняў, здзіўлены бюракратызмам адмовы, аформленай па-сутнасці як здзек над заканадаўствам. Як сцвярджае актывіст, аніводны аргумент скаргі ў тэксце рашэння нават не згадваецца. Замест гэтага ў рашэнні стандартнае клішэ: "доводы заявителя не содержат объективных данных, свидетельствующих о незаконности принятого решения". І наадварот, довадаў адказчыка фактычна няма. А насамрэч заяўнік пераканаўча даводзіў, што ў дачыненні да вылучаных прадстаўнікоў АГП чыноўнікамі выяўлена выразная дыскрымінацыя. 

Мікалай Уласевіч звяртае ўвагу і на тое, што ў адпаведнасці з выбарчым кодэксам менавіта партыі ёсць галоўным суб'ектам выбарчага права, паколькі фігуруюць першымі ў пераліку астатніх суб'ектаў выбарчага права, што адлюстравана ў артыкулах 34 і 35 Выбарчага кодэксу. Насамрэч палітычныя партыі адрынуты ад нармальнага ўдзелу ў выбарчых камісіях, што канчаткова адмоўна характарызуе бягучую выбарчую кампанію.

Без адказу і судовай ацэнкі застаўся і той факт, што персанальнае галасаванне праводзілася выключна толькі па тых камісіях, дзе былі вылучаны прадстаўнікі АГП. Пры тым адкінутыя і выключаны былі менавіта толькі яны. Што характэрна - пры гэтым колькасны склад камісій ніяк не супярэчыў іх уключэнню ў склад УВК, паколькі да запаўнення максімальнай колькасці камісій заставаліся яшчэ 4 (!) вольныя месцы.



Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты