Навіны

Ці не зашмат бярэ на сябе дзяржава?

Пра гісторыю маладой жанчыны Кацярыны Кучкаравай “Гарадзенская вясна” ужо пісала. З таго часу здарылася нямала падзей і пасля ажно трох судовых паседжанняў суда Гродзенскага раёна 18 верасня 2019 года дзяржава ўсё ж пазбавіла Кучкараву і яе былога мужа бацькоўскіх правоў. Грамадзянская справа была пачатая паводле іску ўпраўлення адукацыі Гарадзенскага райвыканкаму “у інтарэсах” непаўналетняй 11-гадовай дачкі Кацярыны Кучкаравай.

 

Гісторыя надзвычай павучальная і пра яе патрэбна расказаць іншым людзям, якія патэнцыйна могуць патрапіць у такую сумную сітуацыю і залежнасць ад дзяржавы.

Да характарыстыкі асобы Кацярыны Кучкаравай трэба заўважыць, што яна ніяк не адносіцца да нейкіх асацыяльных групаў ці асобаў, што вядуць амаральны і разбэшчаны лад жыцця. Калі маці злоўжывае алкаголем, ці яшчэ горш, ужывае наркотыкі, ці б’е дзіця, ці прыводзіць дахаты шумныя разгульныя кампаніі – гэта сапраўды падстава для ўмяшання дзяржавы. Але тут маем справу зусім не з такім выпадкам. Кацярына Кучкарава лічыць сябе хрысціянкай, хоць і не прыналежыць да канкрэтнай канфесіі, чытае Святое Пісанне, шукае свой шлях да ісціны і Бога. Імкнецца вучыць сваю дачку таму, у што верыць сама. Урэшце дзяржава гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоду веравызнання.

Трэба заўважыць, аднак, што ў Кацярыны Кучкаравай, якая разам з дачкой значны час пражывала ў прыватным доме маці, склаліся не лепшыя адносіны з сваёй маці і айчымам. У бацькі дзяўчынкі, грамадзяніна М., які пражывае ў Менску, зараз другая сям’я. Пасля разводу ў іх з Кацярынай Кучкаравай таксама склаліся не сама добрыя адносіны. Сітуацыя ў прынцыпе жыццёвая і дастаткова тыповая. Людзі ў сем’ях часта не знаходзяць паразумення і агульных духоўных каштоўнасцяў. Не лепшыя адносіны Кучкаравай з сваякамі выявіліся і ў час судовых паседжанняў. І ў прынцыпе ў кожнага з бакоў была свая праўда, як напэўна, у кожнага ёсць і свая віна. Аднак, ці нармальна, каб такія сямейныя адносіны былі падставай для ўмяшальніцтва дзяржавы, якая ўсё больш лезе ў прыватнае жыццё сваіх грамадзян!?

Ад выхавання ці забеспячэння і ўтрымання дзіцяці Кацярына Кучкарава таксама не ўхілялася. Але дзяржаўнай камісіі не спадабалася ЯК гэта робіць маці дзяўчынкі. Таксама Кучкаравай рабілі закіды, што нібыта яна вядзе бадзяжніцкі лад жыцця. Аднак, гэта няпраўда. Рэч у тым, што адзін перыяд Кацярына Кучкарава выязджала з дачкой у Расею, дзе жыла ў знаёмых. Яна спадзявалася знайсці там стабільную працу і добры заробак. Аднак, гэтага не атрымалася, і тады яна з дачкой вярнуліся на радзіму. Тут варта заўважыць, што ў нас няма прыгоннага права, і кожны чалавек мае права на свабоду перамяшчэння. А дзяўчынка, нягледзячы на тое, што некаторы час не наведвала школу, не адстала ў развіцці і паспяховасці, без праблем уключылася ў навучальны працэс.

У віну Кучкаравай дзяржаўныя органы апекі на судзе ставілі нават такі абсурдны факт, што маўляў маці корміць дачку ня так як трэба і тая не дабірае вагі паводле нейкай навуковай табліцы. Гэты аргумант гучаў асабліва абсурдна, паколькі напэўна ў палове абсалютна добрапрыстойных сем’яў многія дзеці не дабяруць вагі паводле той афіцыйнай табліцы. Усе ведаюць, што некаторых дзяцей вельмі цяжка накарміць і падабраць ім рацыён харчавання, бо ўсё гэта вельмі індывідуальна і ўмоўна.

Кацярына Кучкарава ніколі не прыцягвалася да крымінальнай і нават да адміністрацыйнай адказнасці, так што і тут дзяржава не мела ніякіх падставаў для ўмяшання ў яе сямейныя справы. Пры тым ніхто (!) з прадстаўнікоў дзяржаўных органаў не сцвярджаў, што ў маці з дзяўчынкай кепскія адносіны ці няма прыязнасці.

Галоўныя ж прэтэнзіі дзяржаўных чыноўнікаў да Кучкаравай палягалі ў тым, што яна не мае сталай дзяржаўнай працы і стабільнага заробку. Насамрэч Кучкарава цягам астатніх гадоў усяляк спрабавала ўладкавацца на пастаянную працу, аднак яе альбо нікуды не бралі, альбо бралі, але не прадстаўлялі жылля, што ніяк не магло задаволіць ні саму Кацярыну, ні тую дзяржаўную камісію, якая склала для яе прадпісанне комплексу мераў “па выпраўленні сітуацыі”. Атрымліваецца, што чалавек трапляе ў такой сітуацыі ў замкнутае кола і ня мае ніякага выйсця, каб задаволіць “дзяржаўныя органы”. А гэтыя "дзяржаўныя органы" могуць толькі кантраляваць, а вось уладкаваць на добрааплочваемую працу яны зусім не могуць.

Трэба дадаць, што Кучкарава перыядычна працавала ў прыватнага прадпрымальніка, але такая праца чамусьці не магла задаволіць органы дзяржаўнай апекі. А між тым паводле заканадаўства не абавязвае бацькоў абавязкова працаваць толькі па працоўнай дамове. Кучкарава ж працавала па дамове падраду.

У выніку суддзя Гродзенскага раённага суда Мая Маляўка прыняла рашэнне ўсё ж на карысць заяўніка іску. Бацька дзяўчынкі пагадзіўся яшчэ на другім паседжанні на пазбаўленні яго бацькоўскіх правоў. Дзяўчынка перададзена дзяржавай у прыёмную сям'ю.

Што датычыць Кацярыны Кучкаравай, то пасля рашэння суда яна падала апеляцыю ў абласны суд і зараз чакае прызначэння яе разгляду.

У кожным разе, незалежна ад вынікаў апеляцыі, узнікае лагічнае пытанне – ці не зашмат улазіць дзяржава ў прыватнае жыццё грамадзян, пазбаўляючы людзей бацькоўскіх правоў у такой сітуацыі?

 

Архіў

Лістапад 2019
123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930

Відэа

праваабарончыя сайты