Навіны

100 гадоў з дня нараджэння Раісы Жук-Грышкевіч

Актыўная і дзейсная дзяячка беларускай эміграцыі Раіса Жук-Грышкевіч (у дзявоцтве Жукоўская) нарадзілася ў Пружанах 22 кастрычніка 1919 году ў сям’і Міколы Жукоўскага і Надзеі Меярэвіч. Дагэтуль захавалася хата па вуліцы з назвай Горка, у якой яна нарадзілася. Раіса скончыла ў Пружанах польскую пачатковую школу і гімназію імя Адама Міцкевіча. У 1938 годзе паступіла ў Беларускую гімназію ў Вільні. Пасля прыходу ў Заходнюю Беларусь бальшавікоў працавала настаўніцай беларускай мовы ў Пружанах, потым была накіраваная ў Смаляніцу.

У 1942 годзе прымусова была вывезена на працу ў Нямеччыну. Пасля сканчэння вайны трапіла ў лагер для перамешчаных асобаў брытанскай акупацыйнай зоны ў Ватэнштэце. Там Раіса стала сцяжной жаночага скаўтынгу і пэўны час працавала ў лякарні. Потым выехала ў Марбург вучыцца на дантыстку. У 1949 годзе настала з’ехала ў Канаду. Паколькі еўрапейскія дыпломы ў галіне медыцыны там не прызнаваліся, змушаная была вучыцца зноў. У 1954 годзе скончыла ўніверсітэт у Таронта і атрымала дыплом доктара дантычнай хірургіі. Адначасна з вучобай на дантыстку наведвала курсы беларусазнаўства, адкрытыя пры ўніверсітэце Вінцэнтам Жук-Грышкевічам. Паводле прафесіі працавала стаматолагам ажно да 1990 году.

4 верасня 1953-га выйшла замуж за доктара Таронцкага ўніверсітэту Вінцука Жук-Грышкевіча, які быў тады немеснікам Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Міколы Абрамчыка.

З першых дзён жыцьця ў Канадзе стала сябрам Згуртаваньня беларусаў Канады, была сярод ягоных фундатараў. Шмат гадоў узначальвала Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, выдавала ягоны друкаваны орган “Камунікаты”. У 1965-75 гадах узначальвала Задзіночаньне беларускіх жанчын Канады, была сакратаром-скарбнікам Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Канадзе, сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Ад 1978-га сяброўка Рады БНР. З 1997 году – сябра Прэзідыуму Рады БНР.

Выдала вялікую кнігу “Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча” (Таронта, 1993), а таксама біяграфічную “Род Жукоўскіх-Меярэвічаў”. У рамках Выдавецкага камітэту Згуртаваньня беларусаў Канады спрычынілася да выдання двух падручнікаў беларускай мовы аўтарства сястры Валянціны Пашкевіч. Вельмі любіла мастацтва і чытаць.

У ліпені 1993 была ўдзельніцай першага зьезду беларусаў сьвету ў Менску. Падчас таго прыезду ў Беларусь наведала і родныя Пружаны. У 1995-ым брала ўдзел у другім Міжнародным кангрэсе беларусістаў у Менску.

Адным з вялікіх здабыткаў Раісы і Вінцука Жук-Грышкевічаў было ўсталяванне ў 1988-ым годзе Беларускага крыжа на Прошчы Мучанікаў у горадзе Мідланд. Да Крыжа пазней дадаўся Помнік ахвярам камунізму ў Беларусі. Нашы эмігранты штогод бяруць удзел у паломніцтве да Беларускага крыжа ў Мідландзе.

Раіса Жук-Грышкевіч жыла ў мясцовасці Бэры, дзе памерла пяць гадоў таму –  2 красавіка 2009. Яе пахавалі каля мужа на беларускіх могілках Нью-Брансвік у штаце Нью-Джэрзі ў ЗША.

22.10.2019

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты