Навіны

Трэці судны дзень над Дзмітрыем Паліенкам. Пракурор запрасіў шэсць гадоў пазбаўлення волі

Дзмітрый Паліенка ў судзе

Дзмітрый Паліенка ў судзе

З 12 гадзін 23 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе працягнецца разгляд крымінальнай справы актывіста анархісцкага руха Дзмітрыя Паліенкі. Сёння абвінавачаны будзе даваць паказанні. 

Актывіста судзяць толькі па ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (асабліва злоснае хуліганства) па факце распылення пярцовага газу ў твар мужчыне на лесвічнай пляцоўцы. Разглядае справу суддзя Пётр Арлоў. Пракурор - Аляксандр Кароль.

На папярэднім паседжанні выявілася шмат супярэчнасцяў паміж паказаннямі пацярпелага і сведкаў, якія былі дадзеныя падчас следства і якія прагучалі ў судзе.

Як паведамляе "Новы час", Дзмітрыя Паліенку паставілі на прафілактычны ўлік як схільнага да суіцыда. Таксама ён быў пераведзены ў ШІЗА, а ў камеры зроблены ператрус, падчас якога былі адабраны лісты таварышаў і фотаздымкі. Пра гэта сам Дзмітрый напісаў сваім паплечнікам.

***

У 12 гадзін у судовую залю завялі падсуднага Дзмітрыя Паліенку. Прысутныя сустракаюць яго апладысментамі. 

Дзмітрый Паліенка заявіў хадайніцтва аб выпатрабаванні з г. Бабруйска пастановы аб прымусовым лячэнні ад алкагольнай залежнасці і медыцынскія сведчанні пра тое, што ён такое лячэнне прайшоў. Пракурор кажа, што такое хадайніцтва не трэба задаволіць, бо псіхіятрычная экспертыза была праведзеная кваліфікаваным спецыялістам. Суд адмаўляе ў задавальненні хадайніцтва. 

Адвакатка просіць суд далучыць да матэрыялаў справы пастанову, згодна з якой Паліенка, калі адбываў пакаранне, прайшоў поўны курс лячэння, а значыць у прымусовым лячэнні не мае патрэбы. Суд далучае пастанову да матэрыялаў справы. 

Паліенка пачынае даваць паказанні. Ён кажа суду, што яго абвінавачваюць па ліпавай справе, і ён гатовы даваць паказанні "пад паліграфам". Звяртае ўвагу на тое, што першыя паказанні ён даваў следчаму пасля таго, як быў збіты пры затрыманні супрацоўнікамі САХР і знаходзіўся пэўны час без вады і ежы, а таму быў маральна стомлены. Упэўнены, што абапірацца на першыя паказанні не трэба. 

"Я сустрэўся з Андрэем Войнічам, ён сказаў, што зрабіў "старку", нічым не горшую за віскі. Вырашылі падняцца да яго, былі цвярозыя. Я застаўся чакаць яго ў пад'ездзе. Зайшоў мужчына, які быў моцна п'яны, мяркуючы па яго хадзе. Ён стаў падымацца, павярнуўся да мяне, спытаў мяне, ці еду [наверх на ліфце - прым. рэд.] я. Я сказаў: "Не". Ён ударыў мяне ў вобласць левага вуха", – распавядае Дзмітрый Паліенка.

Пасля гэтага ён падняў сваю шапку і палез за балончыкам, бо спрацаваў інстынкт самазахавання.

"Звяртаю ўвагу суду на тое, што калі даваў першыя паказанні, не еў целы дзень, ад супрацоўнікаў ГУБАЗіК на мяне сыпаліся абразы і пагрозы, патрабаванні, каб я прызнаў віну. Зараз я успомніў, што не курыў у пад'ездзе. Я ведаў, што пасля ўдару ад мужчыны, я не мог ударыць яго ў адказ, бо гэта крымінальнае злачынства, а я ўжо адбываў пакаранне за тое, што ўсяго толькі адштурхнуў міліцыянта", - падкрэслівае падсудны. 

Пасля гэтага спусціўся Войніч, які пачуў пах перцу. З яго слоў Дзмітрый Паліенка даведаўся, што гэта сусед, які часта пазычаў у Войніча грошы і любіў выпіць.

"Хачу падкрэсліць: чалавек быў п'яны, агрэсіўна настроены, у мяне былі прычыны баяцца за сваё жыццё. Балончыкі нашу з 2012. Я чалавек пацыфісцкіх поглядаў, не ўжываю гвалт. У кабінеце следчага на вочнай стаўцы я папрасіў прабачэння перад Юрыным, але сказаў, што іншага выйсця ў мяне не было".

Наконт заўвагі Юрына пра курэнне, якую пацярпелы нібыта зрабіў, Паліенка кажа, што гэта хлусня, бо яму цяжка паліць у закрытым памяшканні праз брахіяльную астму. Лічыць, што гэтую версію з паленнем пацярпеламу падказалі супрацоўнікі міліцыі. Паліенка бачыў, як адзін з супрацоўнікаў ГУБАЗіК паціскаў руку Юрыну і казаў: “Мы гэтага шчанюка пасадзім, а ты яшчэ кампенсацыю “зрубіш”.

"І чаму тады недакуркі не далучылі да матэрыялаў справы? Я ў ходзе затрымання сам выдаў пярцовы балончык і сказаў, што абараняўся. Лічу, што супрацоўнікі ГУБАЗіК пераследуюць мяне за мае анархічныя погляды і з-за падазрэння ў нанясенні графіці, яны не хавалі нянавісці да мяне і да маёй дзейнасці.
Віну не прызнаю і падкрэсліваю, што гэта была самаабарона. Таксама лічу неабходным зняццё 107 артыкула, так як яго ўзбуджэнне абсурдна і зроблена з мэтай зганьбаваць мяне". 

Пытанне задае пракурор Аляксандр Кароль. Ён цікавіцца, ці паліў Паліенка ў той дзень увогуле, у які час убачыліся з Юрыным, просіць падсуднага апісаць пад'езд, лесвіцы, запытвае, ці заходзіў хто-небудзь яшчэ ў пад'езд.

sud_palienka_1.jpg
Сакратар суда і пракурор Аляксандр Кароль

 

Паліенка ўдакладняе таксама, што Юрын падыйшоў да яго блізка, адразу без прычыны нанёс удар далонню правай рукі. У падсуднага ўпала шапка, да гэтага ён стаяў і глядзеў у тэлефон, правяраў паведамленні - гэтую сувязь можна адсачыць, і пра гэта Паліенка забыў сказаць падчас допыту. У той момант, як ён падымаў шапку, актывіст бачыў, як Юрын уздымае руку зноў, і яму стала зразумела, што той мае намер ударыць яшчэ раз, менавіта таму Паліенка і дастаў балончык. Пракурор удакладняе, якой рукой падымаў шапку, у які карман пацягнуўся за балончыкам. Таксама запытвае, чаму ў падсуднага не было магчымасці пазбегнуць канфлікту. 

"Ён быў прама перада мной, не было магчымасці", – кажа Дзмітрый Паліенка. 

Пасля гэтага Паліенка патэлефанаваў Войнічу і сказаў, што на яго напаў п'яны неадэкватны мужчына. Яны з Войнічам выйшлі з пад'езду, а потым вярнуліся назад.

Суд пытаецца ў пацярпелага, ці настойвае ён на сваіх паказаннях. Той адказвае, што так. Дзмітрый Паліенка пытаецца ў яго, у якой менавіта руцэ знаходзілася цыгарэта? Юрын кажа, што не памятае, але нібыта ў правай.

Суддзя удакладняе, калі Паліенка нарадзіўся, як і якім судом прыцягваўся да адказнасці, дзе адбываў пакаранне, кім працуе.

Абвінавачаны кажа, што зарэгістраваны рамеснікам:

"Паштоўкі раблю, скрыначкі. Магу і вам зрабіць".

Суд адмаўляецца ад прапановы.

Пракурор хадайнічае пра зачытванне матэрыялаў справы, бо ў паказаннях ёсць разыходжанні. Суд задавальняе хадайніцтва. Пракурор зачытвае пратакол допыту Паліенка, дзе пазначана, хто і ў якім парадку заходзіў у пад'езд, што на абвінавачаным была куртка іншага колеру, што Паліенка казаў, што пацярпелы яго схапіў, а не ўдарыў. Дзмітрый Паліенка адказвае, што назваў не той колер курткі, бо ў той дзень ГУБАЗіК разграміў яго кватэру, супрацоўнікі на яго ціснулі падчас допыту, таму ён забыўся і пра шапку, і пра паслядоўнасць падзеяў. 

"На следчым эксперыменце мне было прасцей успомніць дэталі, калі б яго правялі адразу, то не было б гэтых нязначных разыходжанняў у паказаннях", - кажа Дзмітрый. 

У судзе аб'яўлены перапынак да 14 гадзінаў.

Тым часам, каля будынка суда адбываецца перадвыбарчы пікет "Еўрапейскай Беларусі". Праз гукаўзмацняльнік крычаць: "Свабоду Дзмітрыю Паліенка".

Пасля перапынку пракурор працягвае зачытваць матэрыялы справы. З іх вынікае, што Юрын нягруба звярнуўся да Паліенкі і папрасіў яго: «Малады чалавек, выйдзі на вуліцу папаліць». Дзмітрый Паліенка не падтрымаў гэтыя словы, падкрэсліў, што Юрын нецэнзурна спытаў яго, што ён робіць у пад'ездзе.

Пракурор пытаецца ў падсуднага:

 – На вочнай стаўцы вы казалі, што Юрын быў нападпітку, а зараз кажаце, што ён быў п'яны.
 – Для мяне гэтыя словы – сінонімы.
 – Чаму на вочнай стаўцы не ўказалі, што ад удару зляцела шапка?
 – Таму што адразу не ўспомніў.
 – Ці была ў вас усё ж такі магчымасць сысці ад канфлікту, падняўшыся на другі паверх?
 – Не.

Пацярпелы па-ранейшаму настойвае на сваіх паказаннях.

Адвакатка запытвае Юрына пра тое, што на вочнай стаўцы той казаў, што Паліенка вадзіў балончыкам з боку ў бок, а на судзе - што толькі націснуў. Пацярпелы падтрымлівае словы, сказаныя на судзе.

Пракурор зачытвае матэрыялы следчага эксперымента, падчас якога Дзмітрый Паліенка казаў, што цыгарэт пры ім не было, а балончыкам з боку ў бок ён не вадзіў.

Пракурор кажа, што ў яго больш няма чаго дадаць. 

Паліенка просіць адзначыць, што ніхто са сведкаў ў залі суда не сказаў, што адчуў пах цыгарэтнага дыму, а ўлічваючы, што пад'езд – замкнёная прастора, то яны павіны былі гэты пах адчуць. 

Суд пераходзіць да спрэчак бакоў: спачатку выкажацца пракурор, потым пацярпелы, потым абаронца і сам Дзмітрый Паліенка.

Пракурор кажа, што хуліганства, тым больш асабліва злоснае - гэта адно з самых небяспечных дзеянняў для грамадства. Паліенка з хуліганскіх меркаванняў прымяніў да Юрына гвалт, прычыніўшы гэтым самым яму маральныя пакуты і фізічную боль. Відавочцаў, якія б бачылі канфлікт, няма.

Юрын быў папярэджаны пра крымінальную адказнасць за дачу ілжывых паказанняў. Сведка Гоман быў выкліканы для таго, каб надаць негатыўную афарбоўку асобе Юрына. Да паказанняў Паліенкі, на думку пракурора, варта паставіцца крытычна, бо у яго не было цялесных пашкоджанняў галавы, а довады пра хісткую хаду Юрына - суб'ектыўныя. Да гэтага Паліенка і Юрын знаёмыя не былі, паміж імі няма даўгавых абавязацельстваў, здагадка падсуднага пра тое, што пацярпелы хоча узбагаціцца на гэтай справе - не мае падставаў.

Паліенка быў судзімы, адбываў пакаранне за цяжкае злачынства, пакутуе на алкагалізм, праходзіў лячэнне ў ЛПП, што не падзейнічала. Цяперашнюю справу можна расцэньваць як рэцыдыў, бо тэрміны даўніны не знятыя i судзiмасць не пагашаная. Падчас адбыцця пакарання ў калоніі быў прызнаны злосных парушальнікам унутранага распарадку. Пракурор лічыць, што Паліенка не выправіўся, а значыць павінен быць ізаляваны ад грамадства.

Просіць суд прызнаць яго вінаватым і прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на шэсць гадоў, а на падставе закона «Аб амністыі» скараціць тэрмін на адзін год. Таксама прымусова лячыць ад алкагалізму, а меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту пакінуць без зменаў.

Пацярпелы Юрын прапаноўвае не прымяняць да Паліенкі цяжкага пакарання, бо ён нібыта ўсвядоміў здзейснены ўчынак. 

Адвакатка Паліенкі адмаўляе факт курэння ў пад'ездзе, так як сведак, якія паказвалі б на адваротнае, - няма. Пры аглядзе месца здарэння не было выяўлена ні попелу, ні недакуркаў. Паліенка сцвярджае, што ужыў балончык для абароны. Націснуў роўна адзін раз, роўна на столькі, каб дэзарыентаваць нападніка, а затым выйшаў з пад'езду, каб пазбегнуць канфлікту. Падчас ператрусу падсудны добраахвотна паказаў ўсе рэчы, падчас следчага эксперыменту - садзейнічаў следству. Калі б Паліенку выкарыстаў балончык з супрацьпраўнай мэтай, ён бы пастараўся схаваць яго. Пацярпелы ж не выклікаў ні хуткую, ні міліцыю. Жонка Юрына таксама казала, што пацярпелы быў п'яны і не трымаўся на нагах. Відэазапісы з кафэ, дзе выпіваў Юрын, ня канфіскоўваліся. Прычыны, чаму следчы не прадаставіў іх, невядомыя. А паказанні самога Юрына - супярэчлівыя. Ён сцвярджаў, што не надаваў значэння сваім паказаннях падчас допыту, тлумачачы супярэчнасці ў іх на судзе і на допыце, але ж ён быў папярэджаны аб дачы ілжывых паказанняў.

Ці здзейснена супрацьпраўнае дзеянне і ці з'яўляецца яно цяжкім? Усё сумневы ў дзеяннях абвінавачанага тлумачацца не на карысць яго. Аднак кожны можа сябе абараняць. На здымках са следчага эксперыменту відаць, што статыст стаіць у кутку, а там у Паліенкі не было магчымасці сысці аб канфлікту. Адвакатка ўпэўненая, што балончык абвінавачваны выкарыстаў для абароны, націскаў роўна на столькі, на колькі трэба, каб сысці ад Юрына. Балончык «Пякучы перчык» з'яўляецца прадметам самаабароны ад сабакаў, прадаецца свабодна, то бок, гэта не прадмет зброі і не прадмет, які выступае ў якасці зброі, так як цялесных пашкоджанняў не было нанесена. Просіць апраўдаць Дзмітрыя Паліенку ў сувязі з адсутнасцю складу злачыннага дзеяння.

Дзмітрый Паліенка выступіў з апошнім словам, у якім сказаў: 

"У Беларусі не працуе сістэма справядлівага суда. Гэта рэпрэсіўны механізм, які працуе на дыктатуру. Усе мы помнім апазіцыйных палітыкаў.

Пытаюцца: "А ці варта так рызыкаваць?" Адказваю: "А ці варта сядзець і нічога не рабіць?"

На маім месцы можа апынуцца кожны, для каго свабода і годнасць – не пустыя словы. Што тычыцца 339 артыкула і таго, што іншыя артыкулы прыбралі, то гэта для таго, каб зняць палітычныя абвінавачванні. 

І няхай сістэма робіць мяне злачынцам, я чысты ў сумленні. Я анархіст, я не маўчу, не баюся пазбаўлення волі. У мяне ёсць любоў, сябры – гэта ўсе тое, што фашыстоўцам-міліцыянтам не адабраць.

Ментаўское свавольства, дыктатура!

Мне агідна і брыдка удзельнічаць у гэтым цырку, але трэба, каб мяне пачулі. Жыве беларусь! Усіх абдымаю! На нашым баку праўда, і гэта не апошняе слова!"

Прысутныя апладзіруюць, нехта крычыць, што пракурору павінна быць сорамна. Міліцыянты сказалі пакінуць залю, суддзя таксама выйшаў.

Пасля гэтага сакратарка паседжання выйшла да прысутных і паведаміла, што на сёння справа скончаная, за далейшымі паседжаннямі трэба сачыць на сайце суда. 

 

Суд над Дзмітрыем Паліенкам: дзень другі

Падчас другога паседжання па справе Дзмітрыя Паліенкі былі дапытаныя пацярпелы і сведкі. На судзе выявілася шмат супярэчнасцяў паміж  іх паказаннямі, якія былі дадзеныя падчас следства і якія прагучалі ў судзе.

Нагадаем, 17 кастрычніка Дзмітрыя Паліенку павінны былі судзіць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 341 (псаванне маёмасці ў грамадскім месцы), ч.1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або розні па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці), арт. 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў) і ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства).

Калі Зміцер даведаўся, што судзіць яго будуць у закрытым рэжыме, у знак пратэсту напачатку пасяджэння ён парэзаў вены. Пасля стала вядома, што пракуратура адмовілася ад ранейшых абвінавачванняў па арт. 341 КК, ч. 1 арт. 130 і арт. 369, а суд зрабілі адкрытым.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

 

http://spring96.org/be/news/94600

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты