Навіны

Камісія і кандыдаты не зышліся ў поглядах на біяграфію апошніх

Звычайна спакойныя пасяджэнні Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акругі № 51 23-га кастрычніка парушылі гэту традыцыю. Адразу тры чалавекі засталіся незадаволеныя тым, як у камісіі змянілі іх біяграфічныя дадзеныя, якія будуць надрукаваныя на плакатах на выбарчых дзяльніцах.

Старшыня камісіі Сяргей Рапін давёў інфармацыю, што дадзеныя часткова браліся з анкет кандыдатаў, часткова з пададзенага кандыдатамі, а таксама па іх рабіліся адпаведныя запыты ў адпаведныя інстанцыі. І што ў сваіх асабістых улётках кандыдаты могуць пісаць свае версіі.

Аднак такі падыход да надрукаванай у хуткім часе біяграфічнай інфармацыі кандыдатаў аказаўся непрымальным для тых, што адстойваў свае біяграфічныя дадзеныя, пададзеныя ў камісію самымі кандыдатамі.

Кандыдат Уладзімір Арцыман абурыўся, што друкуюць не тыя дадзеныя, якія ён падаваў. Прынамсі, там з’явіўся запіс пра судзімасці дваццацігадовай даўніны. Арцыман сцвярджаў, што даўно знятая судзімасць не ёсць судзімасцю, і таму такія звесткі непраўдзівыя. Ён таксама спаслаўся на таямніцу персанальных дадзеных, на закон аб інфармацыі, на Канстытуцыю, але старшыня камісіі проста параіў яму абскарджваць гэтае рашэнне ў абласной камісіі.

Алена Шаламіцкая, якая таксама кандыдуе па гэтай акрузе, прасіла камісію вярнуць на плакат хаця б дадзеныя пра тое, што яна літаратар і займаецца творчай дзейнасцю. І што ў яе ёсць адпаведныя дакументы. Але закончылася ўсё тым, што яна панесла ўсё ж скаргу ў Абласную камісію. Шаламіцкая перакананая, што там яе справа будзе мець станоўчы для яе вынік.

Яшчэ аднаго кандыдата, кіраўніка гарадзенскага БНФ Вадзіма Саранчукова прадстаўляў на гэтым пасяджэнні яго давераная асоба Зміцер Бандарчук. Бандарчук таксама звярнуў увагу камісіі, што пададзеныя кандыдатам біяграфічныя звесткі адрозніваюцца ад зачытанага камісіяй варыянта. Але і ў гэтым выпадку заўвагі не былі прынятыя.

Чым закончацца абскарджанні і якія звесткі пра кандыдатаў мы ўбачым на плакатах на выбарчых дзяльніцах, даведаемся неўзабаве. "Гарадзенская вясна" будзе адсочваць ход падзей і інфармаваць выбарцаў.

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты