Навіны

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Кастрычнік 2019

Высновы:

  • на працягу месяца ў месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны. Як стала вядома ПЦ "Вясна", у выніку правакацыі з боку адміністрацыі ПУ, М. Жамчужны ў чарговы раз быў накіраваны ў ШІЗА на 10 сутак;
  • 17 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся закрыты судовы працэс па крымінальнай справе Д. Паліенкі. Пасля пачатку судовага працэсу стала вядома, што прадстаўнік дзяржабвінавачання адмовіўся ад большасці абвінавачванняў, якія выклікалі крытыку з боку праваабарончай супольнасці. У выніку, у адкрытым судовым працэсе разглядалася толькі абвінавачанне па ч. 3 арт. 339 КК (асабліва злоснае хуліганства). 25 кастрычніка суд, прызнаўшы Д. Паліенку вінаватым у інкрымінуемай дзеі, прысудзіў яго да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, скараціўшы пакаранне на адзін год па амністыі; Д. Паліенка быў вызвалены ў зале суда;
  • 21 кастрычніка стала вядома пра аднаўленне крымінальнага пераследу ў дачыненні да вядомага блогера і праціўніка будаўніцтва акумулятарнага завода Аляксандра Кабанава. Раней праваабарончая супольнасць патрабавала спынення ціску і пераследу ў дачыненні да блогераў С. Пятрухіна, А. Кабанава і А. Павука;
  • 25 кастрычніка Брэсцкі абласны суд вынес трэці ў гэтым годзе смяротны прысуд у дачыненні да 48-гадовага жыхара г. Лунінец Віктара Сергіля;
  • выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу на дадзены момант не прывялі да значнага пагаршэння агульнай сітуацыі з правамі чалавека і росту рэпрэсій у краіне, аднак, як адзначаюць эксперты кампаніі незалежнага назірання за выбарамі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, ход самой выбарчай кампаніі сведчыць аб вяртанні да найгоршых практык і значнага абмежаванням допуску прадстаўнікоў апазіцыі да ўдзелу ў выбарах;
  • 18 кастрычніка спецдакладчыца ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн прадставіла на пасяджэнні Камітэта па сацыяльных, гуманітарных і культурных пытаннях даклад аб сітуацыі ў Беларусі напярэдадні парламенцкіх выбараў;
  • у цэлым, сітуацыя з правамі чалавека на працягу месяца заставалася нездавальняючай, без бачных пазітыўных зменаў.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

Цягам месяца ў месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны.

Як стала вядома праваабаронцам “Вясны”, адміністрацыя калоніі № 9 г. Горкі справакавала Міхала Жамчужнага прайсці ў атрад, дзе знаходзяцца асуджаныя з “нізкім статусам”.

Пасля адбыцця папярэдняга ШІЗА хтосьці з кіраўніцтва ПК давёў да Міхаіла Жамчужнага інфармацыю аб тым, што ў атрадзе № 3, куды быў вызначаны палітвязень, памяняўся склад асуджаных, і цяпер яму не варта баяцца за сваё жыццё і здароўе. У сувязі з гэтым яму настойліва рэкамендавалі прайсці ў атрад.

Міхаіл Жамчужны пагадзіўся і 9 верасня ў чарговы раз прыбыў у атрад. Там ён пераканаўся, што яго спальнае месца не памянялася: знаходзіцца ў той жа секцыі, у якой прысутнічалі асуджаныя, якіх раней не было. Іншыя асуджаныя сустрэлі палітвязня добра, аднак пасля непрацяглай размовы Міхаілу далі зразумець, што зараз у гэтай секцыі знаходзяцца людзі з “нізкім статусам”, а ўсіх “мужыкоў” перавялі ў іншыя секцыі. Зразумеўшы чарговую правакацыю, якая пагражала яму узнікненнем небяспекі для жыцця і здароўя, Міхаіл Жамчужны без прамаруджання пакінуў атрад. 10 верасня яму вынеслі чарговае спагнанне за адмову прайсці ў атрад — 10 сутак ШІЗА.

На 25 верасня быў прызначаны судовы працэс над актывістам анархісцкага руху Дзмітрыем Паліенкам. Меркавалася, што суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

Нагадаем, што Д. Паліенку было прад'яўленае абвінавачванне адразу па некалькіх артыкулах КК: ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні), і арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).

Варта адзначыць, што некаторыя з прад'яўленых Д. Паліенку абвінавачванняў, на думку праваабарончай супольнасці, з'яўляліся недапушчальным абмежаваннем свабоды выказвання меркавання і стварылі новыя небяспечныя формы пераследу грамадзян за публічную крытыку дзейнасці дзяржаўных органаў і прадстаўнікоў улады. Акрамя таго, праваабарончая супольнасць Беларусі патрабавала адкрытага судовага разбяральніцтва па справе з захаваннем усіх гарантый справядлівага суда. Невыкананне гэтых патрабаванняў давала праваабаронцам падставы для прызнання Д. Паліенкі палітвязнем.

17 кастрычніка ў пачатку судовага працэсу стала вядома, што пракурор, які прадстаўляў дзяржаўнае абвінавачанне ў працэсе, адмовіўся ад большасці абвінавачванняў і судовы працэс па пакінутым абвінавачванні па ч. 3 арт. 339 КК (асабліва злоснае хуліганства) стаў адкрытым. У судзе Д. Паліенка сябе вінаватым не прызнаў і патлумачыў суду, што пацярпелы, які знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап'янення, ударыў яго па галаве. У выніку, асцерагаючыся далейшых супрацьпраўных дзеянняў у адносінах да сябе, Д. Паліенка вымушаны быў прымяніць газавы балончык.

25 кастрычніка Дзмітрыя Паліенку прызналі вінаватым у асабліва злосным хуліганстве і прысудзілі яго да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу. Пакаранне было скарочана на адзін год у сувязі з амністыяй. Дзмітрыя вызвалілі ў зале суда. З улікам часу, праведзеным пад вартай у СІЗА, Д. Паліенка будзе адбываць пакаранне цягам 10 месяцаў.

4 кастрычніка была спыненая крымінальная справа ў дачыненні да двух праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам — Майсея Мазько і яго сына Дзяніса, якіх падазравалі ў незаконным абароце боепрыпасаў. Нагадаем, вясной у службовай машыне Мазько-старэйшага знайшлі боепрыпасы. Сам М. Мазько заяўляў пра правакацыі ў дачыненні да яго і сына. Справа была спыненая ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства.

21 кастрычніка блогер і экалагічны актывіст з Брэста Аляксандр Кабанаў паведаміў у Facebook, што на падставе пастановы пракуратуры Брэсцкай вобласці Следчы камітэт аднаўляе ў дачыненні да яго вытворчасць па крымінальнай справе. Кабанава падазраюць у прысваенні і растраце больш за 400 рублёў (ч. 1 арт. 211 Крымінальнага кодэкса), якія ён атрымаў ад жыхароў дома, у якім жыве.

У пачатку ліпеня Бярозаўскі аддзел Следчага камітэта закрыў справу супраць блогера праз адсутнасць складу злачынства. Што прымусіла праваахоўныя органы перадумаць — пакуль невядома.

Нагадаем, што ў сакавіку следчыя паведамлялі, што ў 2017 годзе Аляксандр Кабанаў атрымаў ад жыхароў дома, у якім жыве, грошы на дзяржаўную рэгістрацыю таварыства ўласнікаў (ТС) і выраб праектнай дакументацыі на будаўніцтва падвальных памяшканняў. Аднак грошы, больш за 400 рублёў, забраў сабе. Сам блогер тлумачыў, што нічога не прысвойваў. Паводле яго слоў, у яго была адпаведная дамоўленасць з жыхарамі: некаторы час ён быў старшынём ТС і з кожнай кватэры ў месяц яму плацілі па 2 рублі зарплаты — так і ўтварылася вышэйназваная сума.

Крымінальная справа была распачатая практычна адразу пасля выступу А. Лукашэнкі, які ў чарговы раз выказаўся пра тое, што некаторыя праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода ў г. Брэсце рвуцца ва ўладу.

Блогер Аляксандр Кабанаў разам з Сяргеем Пятрухіным не раз прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці. Іх штрафавалі за відэаролікі для канала «Народны рэпарцёр», у якіх яны асвятляюць сітуацыю вакол будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода «АйПауэр», за збор подпісаў за адстаўку чыноўнікаў, які міліцыя і суд палічылі несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам, і г.д. Праваабарончая супольнасць раней патрабавала спынення пераследу і ціску на блогераў С. Пятрухіна, А. Павука і А. Кабанава.

Смяротнае пакаранне

25 кастрычніка Брэсцкі абласны суд вынес трэці ў гэтым годзе смяротны прысуд у дачыненні да 48-гадовага жыхара г. Лунінца Віктара Сергіля.

Еўрапейскі саюз, выказваючы шчырае спачуванне ўсім, хто пацярпеў ад злачынства, здзейсненага Віктарам Сергілем, заявіў аб тым, што выступае супраць смяротнага пакарання пры любых абставінах. З такой заявай выступіла прэс-сакратарка Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Кацыянчыч.

Свабода слова

Праваабаронцы “Вясны” і актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок працягваюць дамагацца выключэння з Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў Беларусі вядомага ва ўсім свеце субкультурнага шыфра, які выказвае стаўленне да органаў паліцыі. Гаворка ідзе пра рашэнне суда, якім надпіс А**В і быў прызнаны экстрэмісцкім. Аднак Вярхоўны Суд, як і ніжэйстаячыя суды, вярнуў скаргу без разгляду; гэта была апошняя судовая інстанцыя: суды занялі пазіцыю, што Мікалай Дзядок не з'яўляецца зацікаўленай асобай па гэтай справе, і яго правы і законныя інтарэсы не закранаюцца. Суддзі не ўлічвалі, што Дзядок неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці менавіта за распаўсюд гэтага надпісу.

Свабода мірных сходаў

4 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёна адбыўся разгляд справы ў дачыненні да актывістаў “Маладога фронту” Дзяніса Урбановіч і Віталя Трыгубава, якія правялі несанкцыянаванае масавае мерапрыемства — веласіпедны прабег. Суддзя Вікторыя Шабуня вынесла рашэнне пакараць актывістаў штрафам у памеры 40 базавых велічынь кожнаму.

14 кастрычніка суд Брэсцкага раёна разгледзеў адміністрацыйную справу экалагічнага актывіста Канстанціна Астапука. Суддзя Сяргей Маручак пакараў праціўніка будаўніцтва экалагічна небяспечнага завода штрафам у 30 базавых велічынь (765 рублёў).

Жорсткае абыходжанне

Па скарзе Вадзіма Нікіціна, які стаў ахвярай жорсткага гамафобнага абыходжання з боку супрацоўнікаў МУС, пракуратура Партызанскага раёна адмяніла рашэнне следчага аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы; праверка заявы аб прымяненні гвалту адноўленая.

Пераслед СМІ

Журналістка-фрылансерка Дар'я Чульцова атрымала штраф у 510 рублёў за рэпартаж з Бялынічаў пра былога намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама, цяпер — намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кунцэвіча. Сюжэт быў паказаны 22 жніўня ў эфіры тэлеканала «Белсат». Суддзя суда Бялыніцкага раёна Валянціна Паўлава прыйшла да высновы, што гэта менавіта Чульцова і аператар Міхаіл Аршынскі вырабілі відэа, паказанае па ТБ.

 

http://spring96.org/be/news/94781

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты