Навіны

225 гадоў з дня нараджэння Міхала Рукевіча

Удзельнік вызвольнага руху, філамат Міхал Рукевіч нарадзіўся 12 лістапада 1794 года ў мясцовасці Гожна, што як мяркуецца, была на Беласточчыне. Праўда, даследнікі яго біяграфіі прыводзяць і версію іншага года нараджэння – 1796-ы. У кожным разе гэтая асоба вартая згадкі і ўшанавання.

Паходзіў Міхал Рукевіч з шляхецкай сям’і. Меў у Беластоку дом у супольным валоданні з сёстрамі. У 1812 годзе служыў у 1-ым палку гвардыі Красінскага, Васямнаццацігадовым юнаком, спадзеючыся на аднаўленне незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага, ваяваў пад штандарамі з Пагоняй у гэтак званых “літоўскіх войсках” Напалеона, дзе служыла 25 тысяч нашых суайчыннікаў. Вярнуўшыся з палону, куды Міхал трапіў у Францыі, ён вучыўся ў Віленскім універсітэце. Удзельнічаў у таемным патрыятычным таварыстве філаматаў, ствараў з аднадумцамі яго філіі – таварыствы прамяністых і філарэтаў, а потым падпольную арганізацыю “Згодных братоў” (“Заранаў”), сябры якой, навучэнцы Беластоцкай і Свіслацкай гімназій, марылі пра вызваленне радзімы ад расейскага прыгнёту.

У 1920 годзе скончыў Віленскі ўніверсітэт са ступенню кандыдата юрыспрудэнцыі. З біяграфіі Міхала Рукевіча вядома, што ён на пачатку 1820-ых гадоў жыў у Мількаўшчыне (з гэтая мясцовасцю ў сённяшнім Гарадзенскім раёне звязана асоба пісьменніцы Элізы Ажэшкі, там быў яе фальварак). У лістападзе 1823 года Рукевіча арыштавалі па справе аб таемных таварыствах у Віленскім універсітэце, але вызвалілі з-за недаказанасці віны 30 студзеня 1824 года.

У 1825-ым частка “заранаў” увайшла ў склад узніклага з ініцыятывы Рукевіча (які жыў пад Беластокам у вёсцы Завыкі) рэвалюцыйнага таварыства “Ваенныя сябры”. Ужо сама назва сведчыла, што тут месца ранейшых летуценняў занялі канкрэтныя і небяспечныя для ўладаў справы. Арганізацыя складалася з мясцовых чыноўнікаў, гімназістаў, шляхцічаў, а найперш з афіцэраў і нават жаўнераў размешчанага на Гарадзеншчыне і Беласточчыне “Літоўскага асобнага корпусу” царскай арміі. У ліку кіраўнікоў “Ваенных сяброў” быў капітан Канстанцін Ігельстром, які трымаў сувязь з расейскім дзекабрыстам Вільгельмам Кюхельбекерам. Рукевіч быў галоўным натхняльнікам “Літоўскага піянернага батальёну выступлення 1825”. У сваіх лістах да паплечнікаў Міхал Рукевіч часта пісаў пра знаёмых, што любяць забавы і танцы пад добрую музыку. У перакладзе з канспірацыйнай мовы гэта былі ўдзельнікі таварыства. Такіх “танцораў” набралася нямала – каля пяцідзесяці.
   Праз дзесяць дзён пасля паўстання дзекабрыстаў у Пецярбургу “Ваенныя сябры” сарвалі прысягу цару Мікалаю І у сапёрным батальёне, дзе адной з ротаў камандаваў Ігельстром. На большае сілаў не было. Рукевіч сярод іншых быў арыштаваны 15 студзеня 1826 года, знаходзіўся ў Беластоку пад следствам. Ваенным судом прызнаны вінаватым і засуджаны да смяротнага пакарання. Аднак, паводле царскай канфірмацыі ў красавіку 1827 года яно было заменена на 10 гадоў катаргі ў Сібіры з пакіданнем на пасяленні. Рукевіча таксама пазбавілі шляхецкіх правоў. Катаргу адбываў разам з дзекабрыстамі ў Чыце, а з 1830 года – на сумнавядомым Пятроўскім заводзе ў Забайкаллі. У 1833 годзе пераведзены на пасяленне ў вёску Коркіна Іркуцкай губерні. Меў грамадзянскую жонку – мясцовую жыхарку Елізавету Ісакаву. У іх нарадзіліся дзве дачкі. На радзіму Міхал Рукевіч ужо не вярнуўся. Памёр ён на чужыне 11 верасня 1841 году.

12.11.2019

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты