Навіны

Пра курэнне і даносы

Не паспеў я увайсці ў пад’езд, як у мяне спытаў сусед:

   – Як ты лічыш, хто большы гад, курыльшчыкі, ці даносчыкі?

   Я не зразумеў глыбіннага сэнсу такога пытання, і адказаў шчыра, што даносчыкаў ніколі не любіў, ну а курыльшчыкі гэта ўсяго толькі курыльшчыкі. Сам я даўно не куру, ужо забыўся калі кінуў, але прамой сувязі паміж курэннем і подласцю не заўважаю нават цяпер, будучы некурачым. А вось паміж подласцю і даносам сувязь у залежнасці ад сітуацыі можна і заўважыць часамі.

   Сусед больш не стаў мане экзаменаваць і параіў паглядзець у паштовую скрынку. Маўляў, усе такое атрымалі.

   Я з паштовай скрынкі напачатку дастаў капэрту, у якой ляжаў адказ Акруговай выбарчай камісіі на мае скаргі па выбарах. Але сусед паказаў кіўком рукі, што гэта не тое. І тады я дастаў з скрынкі другі ліст. А там было напісана на вялікім і магутным “русском языке”, што мне, як і іншым грамадзянам нашай краіны, прапаноўваецца з мэтай барацьбы з курэннем у пад’ездах, сфатаграфаваць курца суседа і данесці на яго ў міліцыю. За гэта мне абяцаюць грошы, 25,5 беларускіх рублёў.

   Бацькі мяне вучылі добра жыць з суседзямі. Даносіць увогуле ні на каго не вучылі. Калі суседзі нешта не тое робяць. То пастарацца вырашыць гэтае пытанне па-суседску. Па-людску. У пэўных выпадках і міліцыю можна паклікаць. Але каб вось так, цішком сфатаграфаваць і данесці за грошы…

   І што характэрна і паказальна, у прапанове так і сказана: “Фотаздымкі высылаць з указаннем вуліцы, дома, пад’езда і нумара кватэры суседа…” менавіта суседа. Ні курыльшчыка, ні парушальніка, ні якое іншае слова, а менавіта суседа. Відаць у хуткім часе не толькі данос за курэнне будзе аплочвацца, а проста данос на суседа…

   – Найбольшыя гады, – адказваю суседу на яго пытанне, – гэта тыя, хто нас спакушае на кепскія ўчынкі.

   – Я таксама так думаю, – адказаў той, хоць таксама курыць даўно кінуў.

   А пасля дадаў:

   – Думаю, з цікавання за курыльшчыкамі толькі пачнуцца прапановы даносіць адзін на другога за грошы. Пасля даносы стануць неад’емнай часткай нашага жыцця.

   – Шкода што я курыць кінуў, – адказваю яму. – тут так і цягне курнуць, каб нервы супакоіць.

   – І мне шкада, – адказвае той. – Ну то пашлі хоць вып’ем, пакуль нам у паштовыя скрынкі не ўкінулі прапановы даносіць адзін на другога за выпіўку.    

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты