Навіны

Бела-чырвона-белае неба

Бела-чырвона-белае неба над Вільняй… Куды не глянеш, паўсюдна гэтыя колеры. І прама, і направа, і налева… І па лініі далягляду, і вышэй лініі далягляду… І яшчэ вышэй таксама… Паўсюдна! Вышэй толькі Бог!

Здавалася, што ў гэтыя дні і само Воінства Нябеснае ўзяло ў рукі Бела-Чырвона-Белыя сцягі! Бо ўсё неба ў тых сцягах! А на Зямлі іх так шмат, што напэўна нехта і з самога неба таксама зышоў з такімі сцягамі на грэшную зямлю і стаў у калону сярод прысутных тут людзей… Так ганарова і годна стаялі тыя людзі, што не грэх і не сорам было да іх далучыцца ў гэты дзень і нябеснаму воінству! 

Увогуле, ў гэтыя дні цяжка было адрозніць зямное ад нябеснага… Воля, Праўда, Роўнасць, Свабода, Беларусь… Гэта зямное ці нябеснае?! Напэўна нябеснае. Але і на зямлі за гэта змагаліся… Змагаліся тыя, чые парэшткі з гонарам і годнасцю перазахоўвалі ў Вільні…

Вялікага змагара за гэтыя святыя ідэі Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў 1863-64-га гадоў прыйшлі ўшанаваць кіраўнікі Літвы і Польшчы… З Беларусі таксама прыехала вялікая дэлегацыя. Ад беларускага народа… І з складу беларускага народа…

І не толькі з Беларусі прыехалі сюды нашчадкі тых, хто аддаў сваё жыццё за такое неба… З Польшчы, з далёкай Амерыкі, з іншых куткоў сюды з’ехаліся беларусы… А дзеж ім быць у такі дзень?! Вядома ж, што тут! Тут, дзе зараз разварушыўся Вялікі Дух іх Слаўных Герояў! Дух, які трэба ўзяць і развесці па ўсіх кутках, адкуль прыехалі беларусы.

Каб ён яднаў іх, той Дух. Каб трымаў і падтрымліваў! Каб даваў ім сваю Сілу, Веру, Праўду, Прагу да Свабоды і Волі, Прагу да Справядлівасці!

Вецер… Марозны вецер разгортвае шматлікія бела-чырвона-белыя сцягі і пранізвае аж да касцей усіх, хто іх трымае. Так трэба. Толькі так і трэба! Каб прысутныя яшчэ раз адчулі, як было ім, змагарам Кастуся Каліноўскага, якія не адседжваліся ў цёплых хатах, а ішлі ў лясы і ў дождж, і ў холад, і ў мароз…

Ну і добра, што вецер… Хай разгортвае сцягі на ўсё неба… Яны ў гэты дзень адсюль былі відаць па ўсім свеце, тыя сцягі! Кожны іх убачыў! І хто хацеў, і хто не хацеў! Нават тыя, хто не прыехалі, і тыя ўбачылі! Нават тыя, хто да гэтага дня не ведаў пра іх, ужо ведаюць! Нават тыя, хто не хацеў іх бачыць, не змог гэтым разам не заўважыць!

Ну а тыя, што хацелі імі мілавацца, хто трымалі іх, што прыехалі сюды з розных куткоў каб ушанаваць памяць Герояў, тыя на свае вочы ўбачылі Беларускі Шлях на самым Небе! Ён Бела-Чырвона-Белы, той Беларускі Шлях!

Зрэшты, гэта і раней было вядома.

Постаці паўстанцаў Калінаўскага, і самога Кастуся настолькі вялікія, што імі ганарацца і кіраўнікі ды прадстаўнікі адразу некалькіх краін. Кожны народ хоча спрычыніцца да памяці і велічы гэтых герояў. Кожны хоча ўзяць належную яму крупіну Славы, Гонару і Пашаны… Але ніхто не адмаўляе беларусам у галоўнай ролі гэтага мерапрыемства. Беларускаму народу ніхто не адмаўляе… Хай сабе хоць не як галоўнаму арганізатару гэтых урачыстасцяў, але як галоўнаму ўдзельніку то дакладна.

Ён, беларускі народ, хоць ішоў за афіцыйнымі асобамі іншых краін, але здавалася тут ён быў увесь… Духам, то дакладна ўвесь! А народ і ёсць галоўны ўдзельнік. Бо не народ для ўрада, а ўрад для народа. Гучаць тут гэтыя незабыўныя словы Кастуся Каліноўскага, як і іншыя, неўміручыя, якіх ужо ніколі не ўдасца задушыць.

   – Каго любіш?

   – Люблю Беларусь!

   – Ну то ўзаемна! – так вітаюцца і развітваюцца прысутныя.

І шмат яшчэ гучыць рознага, у тым ліку і з рыторыкі тых далёкіх слаўных часоў, калі кожны беларус адчуў сябе роўным і свабодным сярод такіх як ён, і добраахвотна ішоў змагацца за Волю! За сваю Волю!

Шэсці, малебены, урачысты канцэрт, развітальны салют… І, вядома ж, неўміручае: “Жыве Беларусь!”.

Тысячы бела-чырвона-белых сцягоў вяртаюцца назад, у Беларусь. Толькі цяпер у кожным з іх захутана часцінка Вялікага Духу змагароў за Волю! І як яны разгарнуцца, каб выпусціць той Дух у сябе на Радзіме, то неба і над ўсёй Беларуссю стане бела-чырвона-белым.

Віктар Сазонаў

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты