Навіны

110 гадоў з дня нараджэння Яніны Каханоўскай

   Біяграфія рупліўцы беларускай справы Яніны Каханоўскай (дзявочае прозвішча Шабуня) даследавана вельмі мала. Вядома, што нарадзілася яна ў Менску 26 лістапада 1909 года. Яе маці Эмілія хадзіла ў тую сама школу, што і дочкі расейскага цара. Гэты факт з сямейнай біяграфіі згадвае ў сваё кнізе Уладзімір Арлоў. Яніна хадзіла ўжо ў савецкую школу, але беларуская незалежніцкая атмасфера ў сям’і (Яніна – родная пляменніца братоў Івана і Антона Луцкевічаў) зводзіла на нішто савецкую ідэалогію, якую прышчаплялі звонку.

   У другую сусветную вайну была ў Саюзе Беларускай Моладзі, потым змушана выехаць з радзімы. Летам 1950 года Яніна Каханоўская апынулася ў эміграцыі, у нью-ёркскім Гарлеме. Яна тады не ведала ні слова па ангельску і мусіла зарабляць на жыццё цяжкай працай. Але паводле яе словаў, тысячы кіламетраў, што аддзялялі ад савецкіх спецслужбаў, арыштаў і начных расстрэлаў, былі ўратаваннем і жыццёвай кампенсацыяй.

   Спадарыня Яніна была замужам за вядомым беларускім дзеячам Яўгенам Калубовічам (Каханоўскім), узяўшы яго другое эміграцыйнае прозвішча. Як згадвае Уладзімір Арлоў, кватэрка Каханоўскай у Іст-Віліджы здавалася музеем, а яе бібліятэка складалася з суцэльных рарытэтаў. Каханоўская мела багатае рамантычнае мінулае, сябравала з Наталляй Арсеньневай, вядомая яна і як бабуля папулярнага спевака Данчыка. Данчык пісаў, што візітоўкай яе незалежнай і шчодрай душы заўсёды была ўсмешка. Нават у сталым веку вельмі любіла падарожнічаць. Яна вельмі добра малявала і рабіла ілюстрацыі да некалькіх беларускіх кніжак.

   Людзі, якія яе ведалі асабіста, згадвалі, як любіла Каханоўская паўтараць: “Я не вялікі чалавек, я проста доўга жыву”. І смяялася ціхім і добрым смехам. Спадарыня Яніна нібы лучыла сучасных беларусаў з “нашаніўцамі” пачатку ХХ стагоддзя. Магчыма, людзі згадвалі правіла поціску трэцяй далоні і, дакрануўшыся да гэтае жанчыны, усведамлялі, што як бы дакранаюцца да Максіма Багдановіча, які трымаў на руках маленькую Яніну.

   Але повязь была не толькі сімвалічная. Каханоўская лучыла людзей і фізічна. Так адбылося і з Надзеяй Абрамавай, адной з стваральніц і кіраўнічак дзявочага аддзелу СБМ. У час выезду нацыянальных структураў з Беларусі ўлетку 1944 года, фактычна кінутая БЦР, Абрамава мусіла сама ратаваць блізкіх. Ад таго мела крыўду на Раду і нават разарвала кантакты амаль з усімі беларусамі. Пасля сканчэння вайны Надзея Абрамава жыла ў Мюнхене, працавала ў Інстытуце вывучэння СССР. Менавіта ад Яніны Каханоўскай беларусы даведваліся пра жыццё Абрамавай у Мюнхене. Каханоўская засталася ці не адзінай беларускай, з кім былая кіраўнічка СБМ падтрымлівала пастаянныя кантакты. Спадарыня Яніна і паведаміла беларусам Нью-Ёрку падрабязнасці пра смерць Абрамавай. Яніна Каханоўская атрымала альбом са здымкамі былой кіраўнічкі СБМ і пазней, разам з лістамі апошняй, перадала ў Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Дзякуючы Каханоўскай сённяшнія гісторыкі не маюць праблемаў з пісаннем біяграмы Надзеі Абрамавай. Жыццялюбная, усмешлівая спадарыня Яніна стала своеасаблівым лучнікам паміж кіраўнічкай СБМ і суайчыннікамі. Гэткую ж лучнасць Каханоўская мела калісьці з Наталляй Арсенневай, з Юльянай Дубейкаўскай.

   Памерла Яніна Каханоўская ў Нью-Ёрку 16 ліпеня 2005 года. Пахавана на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку.

 

26.11.2019

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты