Навіны

70 гадоў з дня забойства Адама Станкевіча

Адам Станкевіч – адна з самых вялікіх постацяў беларускай гісторыі дваццатага стагоддзя. Усім сваім жыццём ён сцвярджаў духовы подзвіг, аддана служыў Богу і беларускай ідэі. Беларускі ідэолаг хрысціянскага руху, грамадска-палітычны дзеяч, выдавец, гісторык, публіцыст, літаратуразнавец, каталіцкі святар - усё гэта пра яго.

Нарадзіўся Адам Станкевіч 6 студзеня 1892 года ў вёсцы Арляняты (цяперашні Смаргонскі раён).

Хата Станкевічаў у Арлянятах

Скончыў вучэльню ў Ашмянах, духоўную семінарыю ў Вільні, рымска-каталіцкую акадэмію ў Петраградзе. Супрацаваў з беларускімі газетамі “Светач”, “Дзянніца”, “Гоман”. Быў адным з заснавальнікаў і лідараў Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці. Адзін з ініцыятараў правядзення з’езду беларускага каталіцкага духавенства ў Менску ў 1917 годзе.

Адам Станкевіч адным з першых перайшоў да казанняў на беларускай мове. Працаваў і праводзіў набажэнствы ў Дзісенскім, Браслаўскім паветах, пасля ў Драгічыне. У апошнім месцы пераследаваўся за беларускасць каталіцкімі ўладамі. З 1919 года – кандыдат кананічнага права. Адам Станкевіч выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі. Быў рэдактарам-выдаўцом легендарнай беларускай газеты “Крыніца”. Уваходзіў у камітэт беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У 1922-1928 гадах – пасол польскага сейму, намеснік старшыні Беларускага пасольскага клубу. Бараніў беларускія інтарэсы. За дабрачынную дзейнасць яго называлі “вялікім філантропам”. Адзін з кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні, узначальваў ТБШ, быў кіраўніком Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры.

 У 1928-1939 гадах Адам Станкевіч рэдагаваў і выдаваў часопіс “Хрысьціянская думка”. Адзін з заснавальнікаў беларускай друкарні імя Скарыны, у якой было выдадзена каля 150 розных беларускіх рэлігійных і свецкіх кніг.

Адам Станкевіч сярод вучняў Віленскай беларускай гімназіі 

Адам Станкевіч выступаў за эвалюцыйны шлях развіцця грамадства, легальныя формы працы, адмоўна паставіўся да сацыялістычнай рэвалюцыі. Асуджаў пераслед беларускага насельніцтва з боку тагачасных польскіх уладаў. Служыў у касцёле Святога Мікалая ў Вільні, потым быў высланы ў Слонім. Восенню 1939 года зноў вярнуўся ў Вільню. Пасля перадачы Вільні Літве арганізаваў Беларускі цэнтр, аднавіў выданне газеты “Крыніца”.

У гады фашысцкай акупацыі служыў у касцёле Святога Міхала, ратаваў экспанаты Віленскага беларускага музея. У 1944 годзе, калі зноў прыйшла савецкая ўлада, быў арыштаваны НКВД, але неўзабаве выпушчаны. У 1949 годзе Адама Станкевіча арыштоўваюць паўторна і абвінавачваюць у антысавецкай дзейнасці. Станкевіча засудзілі да 25 гадоў пазбаўлення волі. Спярша сядзеў у Лукішскай турме, потым быў вывезены ў савецкі канцлагер. У Азярлагу пад Тайшэтам паводле адной з версій памёр, але праўдападобна, быў забіты. аводле алных звестак 29 лістапада 1949 года, паводле іншых - 4 снежня 1949 года.

У афіцыйнай паперы пра смерць Станкевіча цынічна напісана, што ён “умер от ожирения сердца”.

Пахаваны на могілках Азярлага каля в. Шаўчэнкі пад Тайшэтам. Памяць пра Адама Станкевіча ў Беларусі не ўшанавана. Летам 2011 года ў Вільні на будынку былой беларускай гімназіі ў Базыльянскіх мурах у яго гонар адчынена шыльда. Пачаткова мемарыяльны знак планавалася ўсталяваць на віленскім касцёле Святога Мікалая, аднак дазволу на гэта атрымаць не ўдалося.

 

Шыльда ў Вільні на будынку былой беларускай гімназіі

Пасля гэтага вялікага чалавека засталася каштоўная навуковая, літаратурная і тэалагічная спадчына. У 2008 годзе  годзе з друку выйшаў грунтоўны збор твораў Адама Станкевіча пад назвай “З Богам да Беларусі”. 

 

Сімвалічны помнік на могілках у Арлянятах

сучасныя фотаздымкі Уладзіміра Хільмановіча

 

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты