Навіны

140 гадоў з дня нараджэння Фелікса Стацкевіча

Беларускі грамадска-культурны дзеяч, выдавец, педагог, актывіст Грамады і ТБШ Фелікс Стацкевіч нарадзіўся 2 (14) снежня 1879 года ў Шчучыне ў сям’і каморніка. Бацькі лічылі сябе палякамі, так што выхоўваўся ён у польскім духу. У гімназію яго аддалі аж у Пецярбург (навучаўся там у 1891-1900 гг). Ужо ў гімназіі далучыўся да грамадскай дзейнасці.

У 1900 г. Стацкевіч паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэту, адкуль за удзел у дэманстрацыях у лютым і сакавіку 1901 года выключаны. Арыштаваны і высланы на радзіму пад нагляд паліцыі. Займаўся прыватнай настаўніцкай працай. У гэты час пачаў асэнсоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць. Улетку 1901 г. у маёнтку Сіткаўцы Грабіцкіх пазнаёміўся з Алаізай Пашкевіч. Увосень 1902 г. вярнуўся ў Пецярбург, дзе далучыўся да беларускага гуртка, пазнаёміўся з братамі Луцкевічамі і Вацлавам Іваноўскім. Стаў сябрам Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады. Пэўны час працаваў у прыватнай натарыяльнай канторы ў Марыупалі.

Вясной 1903 г. Стацкевіч выехаў з Пецярбургу працаваць на Прыладажскіх каналах і часова страціў сувязь з беларускім рухам. Вясной 1905 г. аднавіўся на вучобу ў Пецярбургу, потым па намаўленні Іваноўскага паехаў у Кракаў вучыцца друкарскай працы. Атрымліваў фінансавую падтрымку ад прадстаўнікоў ППС, непасрэдна ад Юзафа Пілсудскага. Вярнуўся ў Вільню ў жніўні 1905 г. У рэвалюцыйны час вёў прапаганду ў Вільні і Мінску, наладзіў выпуск пракламацый. Між іншым быў надрукаваны “Хрэст на свабоду” Цёткі. Удзельнічаў у партыйным з’ездзе БРГ у канцы 1905 г. У пачатку траўня 1906 г. пераехаў у Менск і падпольна заняўся друкарскімі справамі. У дзень друкаваў да 400 улётак. Друкарня “Аганёк” (мянушка Стацкевіча) працавала да жніўня 1907 г., спыніла працу з ліквідацыяй партыйнай працы ў Мінску. Увосень 1907 г. вёў школку ў мястэчку Івянец, рыхтаваў дзяцей да гімназіі.

 З 1908 г. працаваў сакратаром мінскіх адвакатаў Шабуні і Дземідовіча ў Ігумене. Там ствараў бібліятэку. Потым паехаў у Расею да інжынера Басяцкага ў Ноўгарад працаваць гідратэхнікам на каналах, кантактаваў з пецярбургскімі беларусамі. У 1913 г. Стацкевіч скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт, пасля гэтага да 1919 г. працаваў у Цвяры. У 1919-20 гг. – супрацоўнік выдавецкага аддзелу Наркамата асветы Літбелу. У 1920-23 гг. супрацоўнік Віленскага беларускага саюза кааператываў. У 1923 г. выкладаў лацінскую мову і быў дырэктарам Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Скарыны. У 1926 г. абраны сябрам Управы ТБШ, пасля расколу на нелегальным з’ездзе ў 1929 г. абраны старшынём Галоўнай управы ТБШ. Адначасна працаваў у Савеце адвакатаў пры Віленскім апеляцыйным судзе. У 1930 і 1933 гадах Стацкевіч двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі, другі раз за выданне часопіса ТБШ. У 1939-41 гг. настаўнічаў у Вялейцы і Клецкім раёне. У вайну працаваў суддзём у Смаргоні, у 1944-49 гг. – супрацоўнік Беларускага музея ў Вільні, у 1945-49 – музея Пушкіна ў мястэчку Мяркучай пад Вільняй. У 1949 г. арыштаваны саветамі і зняволены. Пасля вызвалення жыў у Вільні.

Фелікс Стацкевіч быў вядомым актывістам руху эсперантыстаў, склаў “Эсперанта-беларускі слоўнік” (рукапіс у Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі), пераклаў на мову эсперанта кнігу Л. Петражыцкага “Тэорыя права і маральнасць”. У старасці жыў у нястачы ў доме інвалідаў. Памёр 21 чэрвеня 1967 года ў Вільні, пахаваны на Спаса-Ефрасінеўскіх могілках.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

 

 

02.12.2019

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты