Навіны

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Лістапад 2019

Высновы:

  • на працягу месяца ў месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны;
  • 21 лістапада стала вядома пра чарговае прыпыненне крымінальнай справы ў дачыненні да вядомага блогера Аляксандра Кабанава. Нагадаем, што ў пачатку ліпеня раней узбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 211 КК (растрата) была спыненая Бярозаўскім аддзелам СК праз адсутнасць складу злачынства, аднак у канцы кастрычніка пасля выступлення А. Лукашэнкі з нагоды ўдзелу ў парламенцкіх выбарах некаторых удзельнікаў пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў г. Брэсце крымінальная справа ў дачыненні да А. Кабанава была адноўленая;
  • 12 лістапада судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь адмовіла ў задавальненні апеляцыйнай скаргі асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Віцебскай вобласці Віктара Паўлава. Вынесены Віцебскім абласным судом 30 ліпеня 2019 г. смяротны прысуд уступіў у законную сілу;
  • на працягу месяца былі выпадкі прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у мірных сходах;
  • на працягу лістапада былі выпадкі рэпрэсій у дачыненні да журналістаў;
  • 17 лістапада адбыліся выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 7-га склікання. Прадстаўнікі кампаніі незалежнага назірання «Праваабаронцы за свабодныя выбары» прыйшлі да высновы аб тым, што выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання ў цэлым не адпавядалі шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама выбарчаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь;
  • у цэлым, у перыяд правядзення выбарчай кампаніі не было зафіксавана значнага росту рэпрэсій у краіне, аднак пачатак адміністрацыйных працэсаў у дачыненні да актыўных удзельнікаў пратэстных мірных акцый у перыяд правядзення парламенцкіх выбараў, у тым ліку і былых кандыдатаў у дэпутаты, сведчыць пра ўзмацненне рэпрэсій у пост- выбарчы перыяд;
  • у цэлым, сітуацыя з правамі чалавека на працягу месяца заставалася нездавальняючай, без бачных пазітыўных зменаў.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

Цягам месяца ў месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны.

21 лістапада стала вядома пра чарговае прыпыненне крымінальнай справы супраць блогера Кабанава.

Нагадаем, што ў сакавіку следчыя паведамлялі, што ў 2017 годзе Аляксандр Кабанаў атрымаў ад жыхароў дома, у якім жыве, грошы на дзяржаўную рэгістрацыю таварыства ўласнікаў і выраб праектнай дакументацыі на будаўніцтва падвальных памяшканняў, аднак грошы, больш за 400 рублёў, забраў сабе. Сам блогер тлумачыў, што нічога не прысвойваў. Паводле яго слоў, у яго была дамоўленасць з жыхарамі аб аплаце яго працы ў якасці старшыні таварыства ўласнікаў, і з кожнай кватэры ў месяц яму плацілі па 2 рублі зарплаты — так і ўтварылася вышэйназваная сума.

У пачатку ліпеня Бярозаўскі аддзел Следчага камітэта спыніў справу супраць блогера праз адсутнасць складу злачынства, а ў канцы кастрычніка — аднавіў. Пры гэтым крымінальная справа была ўзбуджаная практычна адразу пасля выступлення А. Лукашэнкі, які ў чарговы раз выказаўся пра тое, што некаторыя праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода ў г. Брэсце “рвуцца ва ўладу”.

Блогер Аляксандр Кабанаў разам з Сяргеем Пятрухіным неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці. Іх штрафавалі за відэаролікі для канала «Народны рэпарцёр», у якіх яны асвятляюць сітуацыю вакол будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода «АйПауэр», за збор подпісаў за адстаўку чыноўнікаў, які міліцыя і суд палічылі несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам, і г.д. Праваабарончая супольнасць раней патрабавала спынення пераследу і ціску на блогераў С. Пятрухіна, А. Павука і А. Кабанава.

Свабода мірных сходаў і выказвання меркаванняў

У лістападзе працягвалася супрацьстаянне пратэстоўцаў супраць адкрыцця ў непасрэднай блізкасці ад месца масавых расстрэлаў ва ўрочышчы Курапаты забаўляльнага комплексу, з аднаго боку, і міліцыі і аховы комплексу — з другога. 3 лістапада на пратэстуючых напала з прымяненнем фізічнай сілы ахова, а міліцыя затрымала пацярпелых ад нападу і даставіла ў аддзел унутраных спраў. На пратэстоўцаў былі складзеныя пратаколы па надуманых падставах. Сярод іх — непаўнагадовы Іларыён Трусаў, справа якога разгледжаная камісіяй па справах непаўналетніх; падлетку пагражаюць накіраваннем у спецыяльную школу закрытага тыпу.

У другой палове дня 4 лістапада Мінскі раённы суд разгледзеў адміністрацыйныя справы маладафронтаўцаў Дзяніса і Максіма Урбановічаў, Віталя Трыгубава, а таксама Валерыя Рабцава, затрыманых і збітых у Курапатах, каля рэстарана “Поедем поедим”. Дзяніса Урбановіча аштрафавалі агулам на 65 базавых велічыняў (1 657 рублёў 50 капеек) — 25 базавых за дробнае хуліганства і 40 базавых за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы. Максіму Урбановічу прызначаны штраф у 510 рублёў (20 базавых). Суддзя Вадзім Казей аштрафаваў Валерыя Рабцава на 40 базавых велічыняў (1 020 рублёў) па артыкулах 17.1 і 23.4 КаАП, Віталя Трыгубава — на 40 базавых велічынь па тых жа артыкулах. 18 лістапада ў 14:10 адбыўся суд і над былым кандыдатам у дэпутаты ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзмітрыем Казакевічам, які быў зняты з выбараў пасля таго, як яго збілі ў Курапатах: 20 базавых велічынь (510 рублёў) штрафу.

Студэнты Мінскага інавацыйнага універсітэта абвясцілі раніцай 11 лістапада, што пачынаюць страйк супраць рашэння Мінадукацыі пазбавіць універсітэт акрэдытацыі на навучанне па некаторых спецыяльнасцях. У страйку ўзялі ўдзел больш за 600 студэнтаў.

15 лістапада ў Мінску на Кастрычніцкай плошчы адбылася масавая акцыя «Сустрэча свабодных людзей», якую за тыдзень да гэтага анансавала грамадская кампанія «Еўрапейская Беларусь». Раніцай плошчу абгарадзілі стужкамі, сабралі вялікую колькасць спецтэхнікі, праход пешаходаў забаранілі, паводле афіцыйнай версіі — для ўстаноўкі навагодняй елкі.

Праваабаронцам стала вядома, што да акцыі была затрыманая Вольга Нікалайчык. На Кастрычніцкай плошчы затрыманая актывістка Анастасія Гусева, таксама затрыманыя актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі, Андрэй Шарэнда, Андрэй Войніч і Яўген Афнагель.

Напярэдадні некалькі актывістаў былі выкліканы ў пракуратуру і папярэджаны аб недапушчальнасці правядзення акцыі.

Нечаканы працяг гісторыя атрымала ў канцы месяца: 29 лістапада суд Полацкага раёна і г. Полацка вынес рашэнне аб арышце на 15 сутак грамадскага актывіста Алеся Круткіна. Прычына — рэпост ў Facebook: «Нам трэба дзейнічаць смела і рашуча. 15 лістапада, 18:00, Кастрычніцкая плошча. Чакаю вас, таму што разам мы сіла і мы абавязкова пераможам!» Гаворка ішла пра «Сустрэчу свабодных людзей», якую анансавала кампанія «Еўрапейская Беларусь». Суддзя Віктар Балыка палічыў такі рэпост заклікам да масавага мерапрыемства і прыцягнуў Круткіна да адказнасці па частцы 3 артыкула 23.34 КаАП (Парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў).

Таксама стала вядома пра складзеныя пратаколы ў дачыненні да іншых актывістаў за ўдзел у гэтай акцыі.

За перадвыбарчыя пікеты, якія міліцыя і акруговая камісія палічылі не адпавядаючымі выбарчай тэматыцы, былая кандыдатка ў дэпутаты Паліна Шарэнда-Панасюк і яе муж Андрэй Шарэнда атрымалі на двух велізарныя штрафы. Усяго сям'я павінна заплаціць 3 952,5 рублёў, ці амаль 2 000 долараў: актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Паліна Шарэнда-Панасюк была кандыдаткай у дэпутаткі па Брэсцкай-Заходняй акрузе №1, яе муж Андрэй Шарэнда — яе даверанай асобай. Яны праводзілі адну з самых яркіх выбарчых кампаній да таго моманту, пакуль актывістку не пазбавілі рэгістрацыі. Акруговая камісія знайшла парушэнні артыкула 47 Выбарчага кодэкса ў выступе кандыдаткі на тэлебачанні, а таксама на вулічных пікетах. На думку камісіі, Паліна Шарэнда-Панасюк праводзіла пікеты не з мэтай агітацыі за сябе як за кандыдатку, а ў іншых мэтах. Падчас пікетаў выкрыквала лозунгі «Лукашэнка павінен сысці», «Баста», «Лукашэнка скраў выбары», «Парламента ў Беларусі няма» і іншыя. У яе прамовах камісія ўбачыла і абразу дзяржаўных асобаў усіх узроўняў, і заклікі да выхаду на вуліцу для змены канстытуцыйнага ладу, і заклікі, якія распальваюць сацыяльную варожасць.

У выніку яе пазбавілі рэгістрацыі, а таксама склалі пратаколы за парушэнне выбарчага заканадаўства (артыкул 9.10 КаАП) і заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (артыкул 23.34 КаАП). Такія ж пратаколы былі складзеныя і на яе мужа.

Першы суд адбыўся шостага лістапада над Андрэем Шарэндам. Суддзя суда Ленінскага раёна Брэста Святаслаў Каліна пакараў актывіста штрафам у 50 базавых велічынь (1 275 рублёў): 40 б.в. — за парушэнне артыкулу 23.34 КаАП, 10 б.в. — за няяўку па позве (арт. 24.6 КаАП). Другое судовае пасяджэнне прайшло 13 лістапада. Тады Андрэй Шарэнда атрымаў ад суддзі Дзмітрыя Шурына 55 базавых штрафу (1 402,5 рублёў): 45 б.в. — за “несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы”, 10 б.в. — за парушэнне заканадаўства аб выбарах. У той жа дзень асудзілі Паліну Шарэнда-Панасюк. Суддзя Аляксандр Семянчук прысудзіў ёй 40 базавых па артыкуле 23.34 КаАП і 10 — за парушэнне артыкула 9.10 КаАП. Такім чынам, сума штрафаў на сям'ю склала 155 базавых велічынь, або 3 952,5 рублёў.

Акрамя таго, у канцы месяца стала вядома пра іншыя пратаколы, складзеныя ў дачыненні да актывістаў за дзейнасць у перыяд выбарчай кампаніі, за рэалізацыю сваіх правоў і асноўных свабодаў.

Смяротнае пакаранне

12 лістапада Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Віцебшчыны Віктара Паўлава на прысуд Віцебскага абласнога суда ад 30 лiпеня 2019 г.

Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда адмовіла ў задавальненні скаргі і пакінула вынесены прысуд без зменаў. Такім чынам, вынесены В. Паўлаву прысуд уступіў у законную сілу.

Пераслед журналістаў

8 лістапада падчас акцыі, абвешчанай як сустрэча з блогерамі, назіральнікі паведамілі пра затрыманне тэлевізійнай журналісцкай групы з Асацыяцыі тэлекампаній Германіі (ARD) — Дэміяна фон Остэна, Сяргея Сяргеева і Аляксандра Салдатава. Яны правялі некалькі гадзін ва УУС Цэнтральнага раёна г. Мінска.

16 лістапада падчас акцыі «Сустрэча свабодных людзей», праведзенай актывістамі Партыі БНФ і іншых рухаў, пацярпелі журналісты «Радыё Свабода», калі насупраць галоўнага ўваходу ў будынак МУС група супрацоўнікаў у цывільным накінулася на людзей, якія ішлі наперадзе калоны, і спрабавала вырваць з іх рук банер і фаеры.

У дзень выбараў — 17 лістапада — на ўчастку для галасавання № 15 Гомельскай-Цэнтральнай акругі № 33, размешчаным у будынку каледжа чыгуначнага транспарту, старшыня ўчастковай камісіі, ён жа дырэктар каледжа Анатоль Шэвель, забараніў прысутнічаць беларускім журналістам, бо «выявіў» у беларускамоўнай журналісткі Юліі Сівец «польскі акцэнт». Ён жа не дазваляў знаходзіцца на ўчастку і карэспандэнту БелаПАН, патрабуючы «акрэдытацыю». На пытанне, дзе можна ўзяць «акрэдытацыю», што яна сабой уяўляе, адказаць не змог, але настойліва прапаноўваў пакінуць участак, паказваючы рукой на дзверы. Адна з сябраў камісіі нават схапіла карэспандэнта БелаПАН за куртку. Пасля вуснай скаргі ў камісію Цэнтральнага акругі Анатоль Шэвель змяніў рыторыку і дазволіў журналістам працаваць.

 

http://spring96.org/be/news/95317

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты