Навіны

Выбары як суцэльны спектакль

Незалежны назіральнік кампаніі “Правабаронцы за свабодныя выбары” на прайшоўшых “выбарах” у парламент Уладзімір Хільмановіч дамогся пісьмовага адказу на свае скаргі.

Уладзімір Хільмановіч быў назіральнікам ва ўчастковай выбарчай камісіі №17 Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акругі №51, што размяшчалася ў дзяржаўным аграрным універсітэце. У апошні дзень галасавання, незадоўга да яго завяршэння, ён падаў тры скаргі на імя старшыні ўчастковай камісіі Рамуальды Пінюты. Адна скарга датычыла непразрыстасці і негалоснасці выніковага падліку галасоў у выбарчых бюлетэнях. Другая – таго факту, што назіральніку не дазволілі весці фотаздымку працэсу падліку.

Трэцяя ж скарга была напісана пасля таго, як высветліўся выпадак парушэння заканадаўства пры арганізацыі выязнога галасавання, калі камісія з удзелам міліцыянта хацела каб прагаласавала хворая пенсіянерка, якая ніякіх камісій дахаты не прасіла прыходзіць.

Не дачакаўшыся ў адведзены заканадаўствам тэрмін адказу на свае скаргі, Уладзімір Хільмановіч падаў скаргу ў тэрытарыяльную выбарчую камісію, якая размяшчаецца ў аблвыканкаме. Адтуль ён урэшце атрымаў адказ за подпісам намесніка старшыні камісіі Юрыя Нерада з прыкладзенай нібыта копіяй адказу на скаргі з участковай камісіі №17.

Юрый Нерад паведаміў, што Хільмановічу быў у час адпраўлены поштай пісьмовы адказ на скаргі. Невядома чаму, але назіральнік не атрымліваў такога адказу праз пошту. Незразумела таксама, як УВК магла даслаць адказ поштай, калі яна спыніла сваё існаванне адразу пасля падліку галасоў і здачы дакументаў у акруговую выбарчую камісію. Па-сутнасці, адказ на свае скаргі назіральнік павінен быў атрымаць альбо 17 лістапада ад УВК альбо пазней ад акруговай выбарчай камісіі.

У дасланым пісьмовым адказе гаворыцца, што 16 лістапада назіральніку было дазволена сфатаграфаваць апячатаную скрынку пасля заканчэння датэрміновага галасавання. Гэта сапраўды так, але якое гэты факт мае дачынення да скаргаў 17 лістапада?

Скрыня з пластылінам, участак №17

Далей у адказе Хільмановічу гаворыцца: “Однако избирательной комиссией было замечено ведение вами видеосъёмки во время заседания участковой комиссией 17 ноября 2019 года, где рассматривался вопрос об удалении с избирательного участка доверенного лица Григенча Е.И. Ваша видеосъёмка велась без разрешения председателя комиссии, на что было сделано Вам замечание».

Уладзімір Хільмановіч: “Па-першае, паседжання камісіі як такога фактычна не было, па-другое, я не хаваўся і адкрыта здымаў інцыдэнт па выдаленні Ежы Грыгенчы, па-трэцяе, ніякай заўвагі старшыня камісіі мне не рабіла”.

 

Рамуальда Пінюта і Ежы Грыгенча

Наконт  парушэння заканадаўства пры арганізацыі выязнога галасавання заяўляецца, што такога парушэння не было. Далей у адказе гаворыцца, што назіральнікам, у тым ліку Уладзіміру Хільмановічу, неаднаразова прапаноўвалася паехаць разам з членамі камісіі па месцы жыхарства выбарцаў, але ўсе назіральнікі, у тым ліку Хільмановіч адмовіліся ад гэтага. Гэты факт нібыта пацвярджаецца пісьмовымі тлумачэннямі членаў участковай камісіі Журко В. С. і Чайчыца А. В.

Уладзімір Хільмановіч: “Гэта ўжо адкрытая хлусня. Сам я не заяўляў жадання паехаць на выязное галасаванне, а камісія асабіста мне гэтага не прапаноўвала. Добра было б паглядзець у вочы гэтым членам камісіі”.

Што датычыць трэцяй скаргі наконт непразрыстасці падліку галасоў, то назіральніку адказана так: “Наблюдатели, присутствующие при подсчете голосов, занимали места, позволяющие Вам наблюдать за действиями членов участковой комиссии, но так, чтобы не создавать при этом препятствий нашей работе.

Уладзімір Хільмановіч: “Чарговыя выбары былі чарговым суцэльным спектаклем. Усе гэтыя старшыні і члены камісій цудоўна ўсведамляюць, што яны робяць. Пры тым адны з іх відавочна “клеяць дурня”, іншым – крыху сорамна і яны знаходзяць сабе нейкія апраўданні. Ідэйных людзей сярод іх амаль няма. Пераважна гэта такі канфармізм і падман, які крадзе ў людзей права выбару і будучыню. Але ўсе яны разумеюць, як іх вылучаюць і “выбіраюць” у склад камісій. Усе ведаюць пра загон студэнтаў на ўчасткі і бачаць гэты загон. Усе яны разумеюць як “падлічваюцца” галасы ў выніковым пратаколе – менавіта на гэтым этапе і адбываюцца асноўныя фальсіфікацыі. Бо пры такой арганізацыі падліку назіральнік можа бачыць толькі тое, што члены камісіі неяк лічаць бюлетэні. Нічога не агучваецца і ніхто не бачыць якія бюлетэні ў выніку складаюцца ў якія стосікі. Пры гэтым ствараецца фальшывы антураж – садзяцца псеўданазіральнікі з гэтага ж працоўнага калектыву, якія падпісваюць патрэбныя сведчанні, робяцца нейкія “карцінкі”, як пры Савецкім саюзе. Прыкладам, у дзень галасавання на маім участку з’явілася Гарадзенскае тэлебачанне, якое паказушна здымала парачку бээрэсэмаўцаў, што ўпершыню прыйшлі галасаваць. Усё гэта брыдка настолькі, што бальшыня людзей проста не ходзіць на гэтыя псеўдавыбары”.

Выбарчыя карцінкі для тэлебачання          

Архіў

Чэрвень 2020
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930

Відэа

праваабарончыя сайты