Навіны

Выстава "Курапаты-1989" у Маладэчне

У Маладэчне ў Грамадскім цэнтры адбылася прэзентацыя выставы “Курапаты, Дзяды-1989. 30-ыя ўгодкі шэсця і ўсталявання Крыжа Пакуты”. У госці да маладэчанцаў завіталі таксама гарадзенскія правабаронцы і літаратары Віктар Сазонаў і Уладзімір Хільмановіч.

Гаспадар сядзібы, маладэчанскі праваабаронец, вядомы беларускі грамадскі актывіст Алесь Капуцкі на пачатку расказаў пра гісторыю стварэння памятнай выставы, а таксама пра тое, як у Маладэчне ўзнікаў беларускі адраджэнцкі рух у сярэдзіне васьмідзесятых гадоў ужо мінулага стагоддзя.   

Змаганне за праўду пра Курапаты працягваецца ўжо больш за трыццаць гадоў. 29 кастрычніка на Дзяды 1989 году ў Мінску тысячы людзей прайшлі ад Усходніх могілак да Курапатаў, дзе правялі мітынг-рэквіем і ўсталявалі першыя крыжы, цэнтральны з якіх назвалі Крыж Пакуты.

Аўтар фотаздымкаў выставы Уладзімір Сапагоў (1952 – 2012), беларускі фатограф. у 80-я гады ХХ стагоддзя – удзельнік моладзевага дэмакратычнага руху, які выступаў за Незалежнасць Беларусі. У 1998-2000 гадах Уладзімір Сапагоў супрацаваў з выданнем Праваабарончага цэнтру “Вясна” – «Права на Волю”. Уладзімір Сапагоў – сірата, выхоўваўся ў дзіцячым доме ў Берасці, вучыўся ў Маскве. Жыў у інтэрнаце Менскага трактарнага заводу. Пасля смерці Уладзіміра Сапагова прадстаўнікі адміністрацыі інтэрната выкінулі на сметнік арыгіналы фотаздымкаў. Сябар фатографа, Міхаіл Мякіш, уратаваў негатывы. Стварэннем выставы займалася вядомая праваабаронца Паліна Сцепаненка, зараз выстава дэманструецца ў розных гарадах Беларусі.

Адкрыццё выставы і дыскусія прайшлі ў жывой атмасферы ўспамінаў і абмеркавання праблемаў гістарычнай памяці, ушанавання нацыянальных герояў. Віктар Сазонаў і Уладзімір Хільмановіч расказалі пра тое, як на Гарадзеншчыне разгортваўся нацыянальны рух у 1980-ыя гады, як зараз ушаноўваюцца знакавыя постаці нашай гісторыі. Былі закрануты таксама заканадаўчыя аспекты - ад таго, якім было заканадаўства ў 1930-ыя гады, у разгар так званых рэпрэсій, а па-сутнасці этнацыду і генацыду - да праблемы смяротнага пакарання ў сённяшняй Рэспубліцы Беларусь. Абмяркоўваліся маральна-этычныя аспекты развіцця грамадства ў час панавання таталітарных і аўтарытарных рэжымаў.
Выстава "Курапаты-1989" у Маладэчне будзе дэманстравацца да Калядаў.
 
фота "Гарадзенскай вясны" і Генадзя Фарыно

Архіў

Чэрвень 2020
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930

Відэа

праваабарончыя сайты