Навіны

Патавая сітуацыя

Ну дык вось! Кіраўнік Расейскай Федэрацыі у свой час заявіў, што Беларусь мусіць увайсці ў Расею часткамі або цалкам. Кіраўнік Беларусі наконт гэтага пытання нібыта мае ўласную думку. І яна кардынальна адрозніваецца ад меркавання расейскага лідара. Ён, перад паездкай на сустрэчу з сваім расейскім калегам, таксама зрабіў заяву, што Беларусь не ўвойдзе ні ў якую іншую краіну, у тым ліку і ў братняю Расею. Здавалася б, што гэтым хлопцам, пасля іх цвёрдых  і неадназначных заяў, размаўляць больш няма пра што. Наконт інтэграцыі маю на ўвазе. Але яны чамусьці і чагосьці сустрэліся…

Наконт інтэграцыі сустрэліся.

Выпіць ім няма з кім, ці што?! Ну чаго сустракацца па пытанні паглыблення інтэграцыі, пасля такіх цвёрдых заяў?! Тут мазгі вывіхнуць можа самы дасведчаны розум. А колькі разумных галоў зайшлі ў тупік, разважаючы наконт гэтага пытання. І чарговы тэрмін расейскаму лідару прыпісвалі, як галоўную прычыну такой сустрэчы, і недахоп вуглевадародаў і іншых энергарэсурсаў у беларускага кіраўніка… Зрэшты, энергарэсурсы закончыліся прама на той сустрэчы. Пасля прывітальных слоў у залі гэтай сустрэчы на найвышэйшым роўні прапала электрычнасць. Ток скончыўся.

Ці скончыўся там газ прэсавыя службы не паведамілі. Ды і не важна гэта. Галоўным па-ранейшаму заставалася пытанне пра сапраўдныя прычыны гэтай сустрэчы. Ну і праўда. Чаго сустракацца, калі ўсё важнае і галоўнае ўжо сказалі?! Прычым публічна! Ну а больш дробныя пытанні можна і па WhatsApp-у вырашыць, ці па іншым мэсэджары. Кажуць, што ступень абароны і немажлівасць праслухоўвання гэтых камерцыйных сродкаў камунікацыі ўжо даўно пераўзышла шпіёнскія. Ну і зэканоміць можна было б на грашах, калі ў расейскага і беларускага кіраўнікоў інтэрнэт безлімітны, канешне ж. Увогуле бясплатна пагаварылі б тады. Цяпер наконт гэтага столькі мажлівасцяў, што ўсялякі роўмінг абмінуць можна.

Але хіба што найбольш блізка падышоў да разгадкі гэтага пытання былы спікер беларускага парламенту Мечыслаў Грыб. Ён растлумачыў склаўшуюся сітуацыю адным сказам. А менавіта, што сённяшнія начальнікі Беларусі і Расеі ўжо не могуць больш зысціся чым зышліся, але і разысціся не могуць таксама. У шахматах такая сітуацыя называецца патавай.

Толькі ў адрозненні ад шахмат, пат пастаўлены і белым фігурам, і чорным адначасова. Чыста тэарэтычна, гэта нібыта немажліва. Але на практыцы, як мы бачым, здараецца. Абодва каралі знаходзяцца пад шахам і патам адначасна. І гэта значна горш, чым абодвум быць пад матам.

Ох, гэтыя шахматы! Адзіная гульня, дзе невядомы рэальны супраціўнік. І конь можа бяды нарабіць, і пешка. Ніколі невядома, хто зараз пойдзе. Асабліва, калі кароль пад шахам, матам і патам адначасова.

Яшчэ больш парадаксальна тое, што ніхто не ведае чый зараз ход. Бо той, каму трэба хадзіць, і ёсць прайграўшым. А гэта не тыя людзі, якія могуць прызнаць свой пройгрыш. Тым больш, што падобная сітуацыя не новая. Нават не запатэнтуеш.

Вось нядаўна ў Вялікай Брытаніі саміт краін НАТА праходзіў. Блок такі вайсковы ёсць. Ну дык там Расею прызналі найбольш верагодным супраціўнікам усе чальцы таго блока. Але адзін з чальцоў НАТА, Турцыя, купляе менавіта ў Расеі ракетныя комплекцы С-400. Ну і нічога. А другі, Нямеччына, увогуле збіраецца праз новы газаправод Паўночны струмень-2 прафінансаваць войскі верагоднага супраціўніка. І таксама нічога. Я ўжо не кажу пра падобную сістэму калектыўнай бяспекі на паслясавецкай прасторы, так званае АДКБ, дзе ў сярэдзіне гэтай структуры ўжо не аднойчы вайсковыя канфлікты пачыналіся.

Таму усялякае падпісанне нейкіх папер, пра інтэграцыю, ці пра вечнае каханне, ці яшчэ пра што, толькі ўзмацняюць верагоднасць такога канфлікту. Гэта як колішні сумнавядомы пакт Молатава-Рыбентропа. Нібыта пра мір падпісвалі, і пра ненападзенне адзін на другога… Ну падпісалі і падпісалі… Папера ўсё сцерпіць. Цяпер да гэтага падпісання ніхто не прызнаецца. Ну і ў Молатава не спытаеш. І ў Рыбентропа таксама. Яны і пры жыцці не асабліва пра той пакт расказвалі. Ну а зараз дык і таго больш.

Ну а каму там шах, мат, або пат, адразу і не скажаш. Бо гульбакі гуляюць гэтую шахматную партыю мечанымі картамі. А ў такой гульні аніякіх правіл не бывае.

Віктар Сазонаў


Архіў

Ліпень 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты