Навіны

Гародня. Спецвыпуск “Народнай волі” у Дзень правоў чалавека (фотагалерэя)

У чарговую гадавіну прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека праваабаронцы гарадзенскага аддзялення Праваабарончага Цэнтру “Вясна” Віктар Сазонаў і Уладзімір Хільмановіч, праваабаронца з Беларускага Хельсінкскага Камітэту Раман Юргель, а таксама праваабаронца з баранавіцкага аддзялення “Вясны” Аляксандр Вайцешык, які гэтым днём быў у Гародні, выйшлі на шматлюдны Скідальскі рынак гораду, каб раздаць адмысловы падрыхтаваны да Дня правоў чалавека спецвыпуск газеты “Народная воля”.

Гарадзенцы ўжо прызвычаіліся да традыцыйных акцый раздачы спецвыпуску газет і з ахвотай іх бралі. Некаторыя пыталіся, да якой даты прысвечаны гэты выпуск, размаўлялі з праваабаронцамі пра сімвалізм гэтага дня, дзяліліся з імі сваімі думкамі.

Гэты спецвыпуск, прысвечаны Дню правоў чалавека, для Гародні меў і прыемнае новаўвядзенне. Бо да яго распаўсюду далучыліся валанцёры, якія ўзяліся раздаць газету па моладзевых асяродках.

Раздача спецвыпуску на Скідальскім рынку праходзіла мірна. Журналіст Беларускага Радыё Рацыя ўзяў у праваабаронцаў інтэрв’ю. Мінакі віншавалі праваабаронцаў і жадалі поспехаў. Тыя віншавалі суайчыннікаў у адказ.

Сёння ж вечарам праваабаронцы і валанцёры правядуць працоўную сустрэчу з абмеркаваннем сённяшняга дня, папярэдняй дзейнасці і збудуюць планы на бліжэйшы час.

Відэа

праваабарончыя сайты