Навіны

Угодкі Плошчы-2010

Гэтая Плошча была ў нашым жыцці – для адных з кроўю, для другіх – з турмой, для трэціх – з маральным надломам, для чацвёртых з пунктам адліку для эміграцыі. Для пэўных асобаў – з поўным наборам пералічанага. 

У нас была гэтая Плошча. Дзе з нашага боку былі дзесяткі тысяч мірных людзей, а з іхнага – узброеная ваенная хунта. Дзе з нашага боку былі справядлівыя законныя патрабаванні, святая праўда, наша бел-чырвона-белая сімволіка, а з іхнага – садысты ў форме “касманаўтаў”, правакацыі і хлусня, чорная справа задушэння свабоды. Дзе з нашага боку адкрыта былі лідары нацыі, а з іхнага – той, што заўсёды прыкрываецца імем народа, што схаваўся за мурамі і міліцэйска-вайсковымі шыхтамі. Цяпер і я думаю, што калі б не было фізічнага здушэння мірнай акцыі, то назаўтра на вуліцах было б у два разы людзей больш і магла б прыйсці натуральная змена ўлады.

Плошчу 2010 варта і трэба параўноўваць з Плошчай 2006, калі такая ж сама колькасць людзей капітулявала сама па сабе і разышлася. Плошча 2010 была брутальна разагнаная. Людзей было так шмат, што многія з нас нават не бачылі ўсёй жорсткасці таго біцця і разгону. Плошчу 2006 складалі пераважна людзі сярэдняга і сталага веку, у снежні 2010-га – на заснежаныя вуліцы і праспект беларускай сталіцы выйшлі найперш маладыя людзі, якія выразна там дамінавалі. І гэта ці не найбольшы аптымізм таго халоднага вечару, які мог стаць паваротным у вызваленні краіны ад антынацыянальнага рэжыму, але не стаў такім. Але затое стаў вызначальным пунктам адліку фармавання агульнабеларускай салідарнасці, якая стала кшталтавацца намнога хутчэй.

На ўгодкі таго жорсткага разгону інтэрнэт заўсёды поўніцца сама рознымі рэфлексіямі, эмоцыямі і ацэнамі лёсаноснай для многіх падзеі сучаснай Беларусі. Некаторыя заклікаюць хутчэй пакінуць “галашэнне Яраслаўны” і скарэй планаваць далейшую дзейнасць. Іншыя даводзяць, што падзеі “крывавай нядзелі” сталіся нашай сапраўднай маральнай перамогай. Як казаў вялікі Махатма Гандзі: “Спачатку яны цябе не заўважаюць, потым смяюцца з цябе, потым змагаюцца з табой. А пасля ты перамагаеш”… Трэція заклікаюць зноў выходзіць на Плошчу, паколькі пагроза незалежнасці Беларусі нікуды не падзелася.

Як па мне, то ня бачу ніякай супярэчнасці паміж рознымі рэакцыямі ўдзельнікаў плошчы, бо планаваць будучае нельга без асэнсавання таго, што было. А кожныя ўгодкі той Плошчы трэба адзначаць як дзень нашай згуртаванасці, праўды, салідарнасці.

Пра Плошчу 2010 напісаны ўжо шэраг мастацкіх і дакументальных кніг, процьма аналітычных артыкулаў. Пройдзе больш працяглы час і дата 19.12.2010 стане ў адным шэрагу з 25 Сакавіка, з 27 ліпеня, стане як вяха ў змаганні за нашу дзяржаўнасць, волю, праўду, справядлівасць, адвечнае права “Людзьмі звацца”, стане асобнай гістарычнай каштоўнасцю нашай краіны. А на Плошчы імя Каліноўскага будзе стаяць Стэла Годнасці.

Уладзімір Хільмановіч

19.12.2019

Архіў

Люты 2020
12
3456789
10111213141516
17181920212223
242526272829

Відэа

праваабарончыя сайты