Навіны

Заява Гарадзенскай філіі Саюза Беларускіх Пісьменнікаў

Гарадзенская філія Саюза Беларускіх Пісьменнікаў 29-га снежня прыняла заяву з асуджэннем дзеянняў уладаў па пераследу грамадзян, якія выходзяць на мірныя акцыі пратэсту супраць так званай паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расіі. У заяве, у прыватнасці, азначаецца, што нідзе на свеце ўлады краіны яшчэ не каралі сваіх грамадзян, якія выходзяць адстойваць Незалежнасць гэтай Краіны!

Пісменнікі гарадзеншчыны патрабуюць спыніць пераслед актывістаў, і перастаць ад імя Беларускага Народа і за плячамі Беларускага Народа падпісваць лёсаносныя дакументы, якія могуць хоць тэарэтычна цяпер ці ў будучым нашкодзіць Суверэнітэту і Незалежнасці Беларусі.

Поўны тэкст заявы:

Заява

Гарадзенскай філіі Саюза Беларускіх Пісьменнікаў 

29.12.2019 г.                                                                                                Гародня.                                                                                                       

Гарадзенская філія Саюза Беларускіх Пісьменнікаў выказвае жорсткі пратэст супраць незаконнага арышту, пераследу і пакаранню ўдзельнікаў акцый, якія ў розных месцах нашае Краіны выходзілі і выходзяць на гарантаваныя ім Канстытуцыяй Беларусі мірныя акцыі з мэтай пратэсту супраць паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расіі!

Нідзе на свеце ўлады краіны яшчэ не каралі сваіх грамадзян, якія выходзяць адстойваць Незалежнасць гэтай Краіны!

Сам факт такога ганебнага з боку ўладаў пераследу патрыётаў, што выйшлі выступаць за Незалежнасць роднай Краіны, яшчэ больш насцярожвае грамадскасць Беларусі і ставіць пад сумнеў намеры падпісантаў незразумелых дакументаў, што першапачаткова былі вядомыя пад назвай “Праграма дзеянняў Беларусі і Расеі па рэалізацыі палажэнняў дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы”.

Насцярожвае і тое, што шырокія колы грамадства не толькі не абмяркоўвалі пытанні такой павышанай важнасці, але і не маглі нават з імі азнаёміцца, каб праверыць, ці не ставяць гэтыя дакументы пад пагрозу саму Незалежнасць нашай Радзімы.

Паколькі кошт пытання настолькі высокі, а гэта Незалежнасць нашай Дзяржавы, то пры нават самым малым сумневу кожны грамадзянін гэтай Дзяржавы не толькі мае права на пратэст, але і абавязаны бараніць Суверэнітэт і Незалежнасць нашай Краіны.

Гарадзенская філія Саюза Беларускіх Пісьменнікаў, маючы маральныя і этычныя абавязкі перад Беларускім Народам, заклапочаная будучыняй беларускай Нацыі, адчуваючы персанальную адказнасць кожнага за лёс сваёй Краіны,

патрабуе:

Перастаць ад імя Беларускага Народа і за плячамі Беларускага Народа падпісваць лёсаносныя дакументы, якія могуць хоць тэарэтычна цяпер ці ў будучым нашкодзіць Суверэнітэту і Незалежнасці Беларусі.

Неадкладна спыніць пераслед грамадзян, якія праз мірныя пратэсты выказваюць сваё стаўленне да дакументаў пра інтэграцыю і звяртаюць на гэтае лёсаноснае для Беларусі і Беларускага Народа пытанне ўвагу грамадскасці нашай краіны.

 

29.12.2019

Архіў

Ліпень 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты