Навіны

Праваабаронца прапануе ліквідаваць дыскрымінацыю і несправядлівасць у адміністрацыйным працэсе

Смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў накіраваў дэпутату Палаты прадстаўнікоў па Смаргонскай выбарчай акрузе Віктару Свілу прапанову па ўдасканаленні асобных артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (КАаП) і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб такіх правапарушэннях (ПВКаП).
Гэтыя нормы, на думку Алеся Дзергачова, дыскрымінуюць асобныя катэгорыі грамадзян, або  не спрыяюць справядліваму разгляду спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Так, пакаранне у выглядзе адміністрацыйнага арышту па існуючай норме КаАП можна абскардзіць у 5-дзённы тэрмін, у той час калі па астатніх пакараннях (акрамя дэпартацыі) гэта можна зрабіць ў 10-дзённы тэрмін. На погляд заяўніка, такая норма дыскрымінуе пакараных адміністрацыйным арыштам, бо ва ўмовах ізалятара часова ўтрымання амаль немагчыма ў сціслы 5-дзённы тэрмін атрымаць платную юрыдычную дапамогу адваката,  напісаць юрыдычна абгрунтаваную скаргу, аплаціць дзяржпошліну за яе падачу. Таму заяўнік ўнёс прапанову працягнуць тэрмін абскарджання за межы часу адбывання асобай  пакарання.

Яшчэ адна прапанова тычыцца абавязку органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, у выпадку спынення справы аб адміністрацыйным правапарушэнні па рэабілітуючых падставах прынесці неабгрунтавана прыцягнутай да адказнасці асобе  афіцыйныя выбачэнні за прычыненую шкоду. Існуючы артыкул  ПВКаП не ўтрымлівае тэрміну гэтых дзеянняў. Відавочна таму на практыцы такія выбачэнні не прыносяцца, артыкул не дзейнічае. Таму Алесь Дзергачоў прапанаваў устанавіць тэрмін такіх прабачэнняў.

Дадзеная прапанова была абумоўлена двума выпадкамі з практыкі Смаргонскага РАУС у адносінах да жыхара Смаргоні Барыса Змітровіча. Ён быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за нібыта з’яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане, які ганьбіць чалавечую годнасць, а таксама за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўнікаў міліцыі. У абодвух выпадках справы спынены яшчэ ў 2018 годзе па рэабілітуючых падставах, але афіцыйныя выбачэнні пацярпеламу не прынесены.
Як вядома, суд пры вынясенні пакарання павінен улічваць дадзеныя, якія характарызуюць асобу. На практыцы адным з крытэраў характарыстыкі з’яўляецца наяўнасць у мінулым адміністрацыйных пакаранняў.  Звесткі пра такія пакаранні знаходзяцца ў адпаведнай базе цягам 10 гадоў і ўлічваюцца пры характарыстыцы асобы. З улікам таго, што паводле статыстыкі кожны жыхар краіны ў сярэднім двойчы ў год прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, то амаль ледзь не ўсе з’яўляюцца “адміністрацыйнымі рэцыдывістамі”. У той жа час паводле КАаП грамадзянін лічыцца не маючым пакарання, калі цягам года з дня заканчэння выканання адміністрацыйнага спагнання не здзейсніць новага адміністрацыйнага правапарушэння. Таму праваабаронца прапануе пры характарыстыцы асобы ўлічваць спагнанні толькі за апошні год.Пры гэтым увогуле не ўлічваць спагнанні за перавышэнне аўтамабілем хуткаснага рэжыму ў выніку аўтаматычнай фотафіксацыі, бо у гэтым выпадку прыцягваецца да адказнасці ўладальнік аўтамабіля, а не кіроўца. Не заўсёды асобы ўладальніка і кіроўцы супадаюць.

Яшчэ адна прапанова тычыцца працэдуры абскарджання пастаноў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Зараз скарга падаецца зацікаўленым бокам у адным асобніку.  У такіх варунках калі, напрыклад, на пастанову суда прыносіць пратэст пракурор, то зместу пратэсту не ведаюць  пацярпелы, заяўнік і асоба, якая прыцягваецца да адказнасці, а таксама орган, які пачаў адміністрацыйны працэс. У выніку яны не могуць кваліфікавана запярэчыць пратэсту.
Каб унікнуць гэту несправядлівасць, заяўнік прапанаваў увесці норму, паводле якой скаргі (пратэсты) падаюцца ў колькасці асобнікаў, роўнай колькасці зацікаўленых у выніках справы асобаў.

 

Архіў

Ліпень 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты