Навіны

Ідэйныя настаўнікі

Патэлефанаваў сябра з Маладэчна. Доўга гутарылі пра наша жыццё-быццё, пра наш сённяшні і мінулы час, прыгадалі славутых беларусаў ХХ стагоддзя. Сярод згаданых былі пісьменнікі, краязнаўцы, вучоныя, палітыкі. Многіх з іх даўно няма на гэтым свеце. Былі сярод згаданых асобаў і настаўнікі. Не проста настаўнікі, якія ў школах Беларусі давалі добрыя веды вучням па літаратуры, мове, гісторыі, геаграфіі, а ідэйныя настаўнікі. Гэтыя настаўнікі жылі і працавалі амаль у кожным раёне. На вялікі жаль, такіх настаўнікаў сёння ў Беларусі засталося зусім мала.

Уявіце, што на іх заўсёды трымалася наша нацыянальная школа, з іх не толькі вучні, але і настаўнікі бралі прыклад, вучыліся любіць свае прадметы, вывучалі гісторыю Бацькаўшчыны, прывівалася любоў да роднай мовы, этнаграфіі, культуры, педагогікі. І не трэба было ў Беларусі аб’яўляць гады малой радзімы, бо любоў да малой радзімы пачыналася ў школе, пачыналася з гісторыка-краязнаўчых, з літаратурных і фальклорных гурткоў, з турыстычных і спартыўных вандровак па родным краі, са школьных музеяў, з сустрэч з пісьменнікамі, вучонымі, знакамітымі землякамі, і, вядома ж, на ўроках сваіх прадметаў.

А цяпер, каб выступіць літаратару ці гісторыку ў школе, трэба мець дазвол з райвыканкама, з упраўлення адукацыі, з адміністрацыі школы… Таму лепш і прасцей за ўсё настаўніку такіх сустрэч не арганізоўваць. Каб проста не дурыць сабе галаву. Бо, калі той ці іншы госць у школе яшчэ скажа не тое супраць улады, бяды не абярэшся. Таму сёння ў школе настаўнікі адбываюць свае працоўныя гадзіны і спяшаюцца дамоў, а дзеці куляй вылятаюць са школы, каб у свой вольны час пасядзець з мабільнымі тэлефонамі. Вядома ж, час наступіў іншы, не той, які быў у ХХ стагоддзі. Але ж і школы нашы страцілі ідэйных настаўнікаў. Я паўтараю і паўтараю гэтыя словы і буду паўтараць, менавіта – ІДЭЙНЫХ настаўнікаў. А іх сёння ў Беларусі можна пералічыць на пальцах.

А зусім нядаўна, такіх педагогаў было шмат. І пра іх мы памятаем і сёння. І пра іх памятаюць і тыя школы, дзе яны працавалі. Давайце прыгадаем Алеся Белакоза з Гудзевіч Мастоўскага раёна, Пятра Марціноўскага з Дзярэчынскай СШ Зэльвенскага раёна, Уладзіміра Урбановіча з Валеўскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна, Аляксандра Жукоўскага з СШ №4 г.Слоніма, Алеся Зайку з Івацэвіцкага раёна, Апанаса Цыхуна з Гародні, ды дзесяткі іншых вялікіх нашых і таленавітых педагогаў. Але, найперш, гэта былі ідэйныя педагогі. А слова ідэя мае некалькі значэнняў: гэта – думка, агульнае паняцце аб прадмеце ці з’яве, гэта – асноўны, істотны прынцып светапогляду, гэта – асноўная думка ці замысел чаго-небудзь, гэта – здагадка, намер, план. Таму ідэя ў іх была адна і засталася ў жыцці назаўсёды – гэта любоў да Радзімы, да роднай мовы, да нашай гісторыі і людзей. Гэту любоў яны прывівалі і сваім вучням, каб не засталося іх пакаленне манкуртамі, каб жыла наша Беларусь.

Сяргей Чыгрын         

06.01.2020 Тэгі: Сяргей Чыгрын

Архіў

Ліпень 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты