Навіны

Анекдот 2020

   Самы свежы анекдот! І ў дадатак беларускі! Вось гэта ўдача! І пачуў я яго ў самыя першыя хвіліны Новага года 2020, за святочным сталом, з бакалам шампанскага ў руках і свіной адбіўной у зубах...

   А ўсё было так. Мне пазванілі сябры, акурат як ад кіраўніка краіны віншаванні ішлі па тэлебачанні ды гадзіннік ужо стукаў заканчэнне старога года. Сябры павіншавалі мяне з Новым годам і пажадалі многа чаго добрага. Ды так многа, што каб усё пералічыць, заняло б плошчу не адной газеты. І яшчэ з верху пажадалі таго, чаго распавядаць на людзях, і тым больш у газеце, нельга. (Таксама добрага). І ў дадатак, як бы мовіць на дэсерт, расказалі самы новы анекдот у гэтым новым годзе…

   Ну не паспелі петарды дагарэць, салюты адстраляць, шампанскае пазбавіцца сваіх бурбалак, а свежы як святочная закуска анекдот быў пададзены ў лепшай навагодняй упакоўцы па адным з інтэрнэтных мэсэджараў майго ці то мабільнага тэлефона, ці то гаджэта, не ведаю дакладна як гэтая штука зараз называецца правільна. І яшчэ гэты анекдот быў агучаны з адпаведнай загадкавай і таямнічай інтанацыяй, што мела на мэце яскрава падкрэсліць глыбіню і непаўторнасць беларускай нацыянальнай сатыры…

   Не магу сцвярджаць, што расказаны ў святочную поўнач гэты канкрэтны варыянт народнагй творчасці мне моцна падняў настрой. Не. Не буду хлусіць. Але і не пагоршыў. Анекдот усё ж, а не нейкае страшнае прароцтва. Гумар, халера яго бяры, гэты гумар!

   Ну мне то гумар даспадобы ў кожным варыянце. Я даўно зразумеў, што калі чалавек, або, нават, увесь народ, не можа глянуць на сябе, ці на нейкі перыяд сваёй гісторыі праз прызму гумару і не злога смеху над сабой, то ні гэты чалавек, ні гэты народ, так і не зможа вырвацца з канкрэтнага гістарычнага кола. Ну а анекдот то ўвогуле такім мусіць стварацца. На тое ён і анекдот…

   А сутнасць таго новага анекдоту 2020 палягала на тым, што кіраўнік краіны, нашай Краіны, меўся ў віншавальнай навагодняй прамове падзякаваць беларускую апазіцыю… Ужо смешна!!! Бо, нібыта, толькі дзякуючы ёй, апазіцыі, і ўдалося адстаяць Незалежнасць! Бо штрафы, якія выплацяць апазіцыянеры за тое, што выйшлі на акцыі “За Незалежнасць”, з запасам пакрываюць страты ад павышэння коштаў на нафту і газ, якія Беларусі ў гэтым годзе як святочны падарунак залупіла Расія…

   Як па мне, дык ужо абрагочышся! Але гэта яшчэ не ўсё! Бо аказваецца, беларускія тэлегледачы так і не пачулі гэтых слоў удзячнасці для апазіцыянераў з блакітных экранаў сваіх тэлевізараў, бо з навагодняга віншавання яны былі выразаныя цэнзурай…

   Ну няўжо яшчэ не смешна?! У мане дык свіная адбіўная з зубоў вывалілася проста ў бакал шампанскага. Хоць і гэта яшчэ быў не канец! Канцоўка анекдота, ці як правільна па закону жанру называць кульмінацыя, прагучала неўзабаве – цэнзура, аказваецца, ажыццяўлялася з Крамля…

   Ну, тут і шампанскае з рук выпала… Ды я і не шкадаваў таго шампанскага. Са свіной адбіўной ў бакале яно ўжо глядзелася не так эстэтычна. Ды і назапасіў я яго, таго шампанскага, цэлую скрыню на святы. І не толькі яго… Ды і госці яшчэ прывалаклі, хоць заліся…

   Справа не ў шампанскім. Сапраўды, штрафы, якімі пакаралі ўдзельнікаў акцыі “За Незалежнасць”, дакладней іх нерэальныя сумы, нармальна ўспрымаць нармальны чалавек не можа. Тым больш караць такімі. Іх можна ўспрымаць толькі або з жахам, або з жартам. І беларусы выбралі другі варыянт. Бо як кажуць у народзе, у кожным жарце, ёсць крыху жарту. Вось і тут так. Галоўны пасыл то быў, што начальнік краіны апазіцыю хацеў падзякаваць… Але вось цэнзура… Халера яе бяры, тую цэнзуру…

   Ну а апазіцыя, нарэшце, заняла сваё належнае месца ў гэтай вуснай народнай творчасці. Дзякуючы ёй Незалежнасць ёсць. Вось яе галоўная справа. То хай гэтым і займаецца, а не разменьваецца на дробязі…

   Ну то выпілі ў Новы год за тых, хто ў гэты святочны момант, калі прагучаў новы беларускі анекдот сядзеў за кратамі за Незалежнасць. І тост “За Незалежнасць” выгукнулі. І ведаю, што за многімі іншымі сталамі ён прагучаў таксама… Такая наша рэчаіснасць…

   Ну а якая рэчаіснасць, такія і анекдоты.

   Віктар Сазонаў.

Відэа

праваабарончыя сайты