Навіны

Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя

Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 8:05) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.

Хроніка: Чарговая хваля судоў прайшла 8, 9 і 10 студзеня. Каля 90 актывістаў, што прымалі ўдзел у акцыях за незалежнасць, пакараныя штрафамі на агульную суму каля 40 тысяч еўра. У рубрыцы пачуем каментары толькі некаторых з іх, а гэта: актывісты анархічнага руху Марына і Вячка Касінеравы, Сябра Саюза беларускіх піьсменнікаў Мікалай Трафімчук, актывіст “Моладзевага блока” і Legalize Belarus Міхась Варанцоў, пінчук Дзмітры Тарасюк, сябра “Руху за свабоду” з Гомеля Барыс Анікееў, актывістка Таццяна Севярынец з Віцебска, палітык Юры Губарэвіч, жыхар Ліды Ілля Шаблінскі.

Былі і дзіўныя выпадкі, калі ў час і месца, пазначаныя ў пратаколе, асоба, над якой вёўся  адміністрацыйны працэс, там не прысутнічала: так было з актывісткай “Моладзевага блока” Аланай Гебрэмарыям і журналісткай “Новага часу” Дзіянай Серадзюк. А Андрэй Войніч і Максім Вінярскі доўга шукалі месцазнаходжанне блогера Дзмітрыя Казлова, якому, як потым стала вядома, прысудзілі яшчэ адзін 15-суткавы арышт. 30 дзён агулам правядзе пад арыштам і блогер з Гомеля Сяргей Ціханоўскі.

Бягучую сітуацыю пракаментуюць і праваабаронцы “Вясны” Ігар Казмерчак (Орша), Леанід Судаленка (Гомель), Андрэй Палуда (Мінск), а таксама праваабаронца з БХК Павел Левінаў.

Асоба: Размова з тымі актывістамі, хто атрымаў пакаранне не штрафам, а арыштам, і сустрэў Новы год у зняволенні.  Ці зручна жыць на ЦІПе, ці смачная там ежа (спойлер: не) і ці можна пабачыць зорнае неба з вакна ізалатара — пра ўсё гэта распавядуць Леанід Кулакоў і Стас Шашок.

Каментар эксперта: Разам з праваабаронцам ПЦ “Вясна” Алегам Пашкевічам разбіраемся, як працуе працэсуальна-выканаўчы кодэкс ў дачыненні да тых, хто атрымлівае адміністрацыйныя пакаранні ў выглядзе арышту. Напрыклад: як чалавек можа абскардзіць свой арышт, калі пастанова аб ім уступае ў моц адразу, а адказ на скаргу прыходзіць ужо пасля таго, як чалавек адседзеў? І як зняволены можа напісаць скаргу без асадкі (бо тую адбіраюць, каб людзі “не малявалі на сценах”)?

Падзея: у Чэрыкаве суддзя Міхаіл Мельнікаў вынес адразу два смяротныя прысуды: братам Іллі і Станіславу Косцевым. Якое дачыненне словы прэзідэнта краіны маюць да вырака, а таксама уражанні ад судовага паседжання, дзе ён быў вынесены – у каментары каардынатара кампаніі “Супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуды.

 

http://spring96.org/be/news/95710

Відэа

праваабарончыя сайты