Навіны

90 гадоў з дня нараджэння Сцяпана Міско

Беларускі мастацтвазнавец, культуролаг, дысідэнт Сцяпан Міско нарадзіўся 18 студзеня 1930 года ў вёсцы Чамяры Слонімскага павета. Вучыўся ў мясцовай пачатковай школе, пасля скончыў беларускую школу № 1 Слоніма і Мінскі інстытут замежных моваў. Пасля заканчэння інстытута Сцяпан Міско вярнуўся ў Слонім. У мястэчку Альбярцін (цяпер мікрараён Слоніма) у сярэдняй школе шэсць гадоў выкладаў французскую, нямецкую, беларускую і рускую мовы.

У 1958 годзе Міско паступіў у аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Пасля працаваў у гэтым інстытуце (завочна вучыўся ў дактарантуры на кафедры тэатра народаў СССР у Маскоўскім інстытуце тэатральнага мастацтва. У 1962 годзе ў Кіеве ў Максіма Рыльскага абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Вытокі беларускага народнага тэатра”. Апублікаваў больш за сотню артыкулаў у розных газетах, часопісах, зборніках і альманахах, прысвечаных беларускаму тэатру, літаратуры, жывапісу, музыцы. Напісаў доктарскую дысертацыю на тэму “Беларускі тэатр ад вытокаў да першай паловы XVIII стагоддзя”. Але абараніць яе Сцяпан Міско не паспеў.

У 1974 годзе Міско звольнілі з працы з Акадэміі навук БССР, дзе ён працаваў старшым навуковым супрацоўнікам. Ён казаў у інтэрв’ю пазней: “Нас выгналі тады за „неправильные взгляды по национальному вопросу“, – Выгналі мяне, Міколу Прашковіча з Інстытута літаратуры, Вячаслава Рабкевіча з БелСЭ, Алеся Каўруса з Інстытута мовазнаўства, Міхася Чарняўскага з Інстытута гісторыі. Патраслі некаторых хлопцаў і ў Гародні. Мяне трымалі ў КДБ роўна 6 дзён і ўсё вялі допыт. Зрэдку адпускалі паесці, а пасля зноў дапытвалі. А пасля, як п’яніцу, адправілі на 10 дзён спачатку ў медвыцвярэзнік, а пасля – прыбіраць смецце і працаваць на Мінскім маторным заводзе. А потым адпусцілі…”.

“Віна” Сцяпана Міско была ў “нацыяналістычнай пазіцыі” (фактычна ў тым, што ў сваіх публікацыях у перыядычным друку і ў публічных выступленнях на з’ездах творчай інтэлігенцыі, ён бараніў правы беларускай мовы, казаў пра яе прыгнечанае становішча ў БССР). Міско актыўна друкаваўся на старонках газеты “Літаратура і мастацтва” і часопіса “Нёман” у дыскусіях пра лёс нацый і моваў, дзе практычна раскрытыкаваў афіцыйную дзяржаўную канцэпцыю пра зліццё моваў як беспадстаўную і псеўданавуковую. Сцяпан Міско раскрытыкаваў галоўных артыстаў Беларускага Акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якія дрэнна размаўляюць па-беларуску на сцэне падчас спектакляў. А для КДБ важна было арганізаваць “нацыяналістычную” групоўку.

Сцяпана Міско выклікалі на бюро ЦК КПБ перад пленумам 1974 года. Першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў гаварыў Міско пра “адзіны савецкі народ”, пра “адну мову” і г.д. А потым пачаў крычаць на яго. Гэты факт яскрава разбурае міф пра нібыта “патрыятычнага” Пятра Машэрава. Нягледзячы на ціск, Сцяпан Міско прынцыпова застаўся на сваіх беларускіх пазіцыях. Пасля размовы з Машэравым два гады ён не мог уладкавацца на працу. Пасля ўладкаваўся ў Дзяржаўны музей БССР. А перад пенсіяй працаваў намеснікам галоўнага рэдактара ў выдавецтве “Універсітэцкае”. У 2000 годзе асобным выданнем выйшла з друку кніга Сцяпана Міско “Школьны тэатр Беларусі XVI-XVIII стст.”. У ёй даследуецца тэатральнае мастацтва Беларусі перыяду сярэднявечча.

Памёр навуковец у Мінску ў 2010 годзе, пахаваны ў сталіцы.

18.01.2020

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты